25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Независимая газета»: Рэкардсменам ад апазіцыі з'яўляецца Саннікаў

35
«Независимая газета»: Рэкардсменам ад апазіцыі з'яўляецца Саннікаў

Калі б выбары ў Беларусі маглі прайсці без фальсіфікацыяў, дык Лукашэнка страціў бы працу.

Як піша «Независимая газета», Аляксандр Лукашэнка першым з 17 кандыдатаў на пасаду прэзідэнта краіны сабраў неабходную колькасць подпісаў у сваю падтрымку. Пра гэта паведаміў кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Аляксандр Радзькоў.

Радзькоў патлумачыў, што абавязковы мінімум подпісаў Лукашэнку забяспечыла грамадскае аб'яднанне «Белая Русь». Паводле яго словаў, спыняцца на 100 тысячах ініцыятыўная група не збіраецца і працягне збор подпісаў далей. Для адэкватнага ўспрымання гэтай інфармацыі неабходна ведаць, што кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі займае пасаду міністра адукацыі, а таксама з'яўляецца старшынёй вышэйзгаданага грамадскага аб'яднання. Удакладнім, што рэкардсменам ад апазіцыі пакуль з'яўляецца экс-намміністра замежных справаў Андрэй Саннікаў, колькасць подпісаў у падтрымку якога яшчэ некалькі дзён таму перавысіла 20 тысячаў.

Нягледзячы на статус грамадскага аб'яднання, «Белая Русь» фактычна з'яўляецца партыяй улады. Створаная ў 2008 годзе па ініцыятыве зверху, яна ў загадным парадку аб'яднала ў першую чаргу чыноўнікаў. Як вядома са словаў «міжвольных» яе чальцоў, ім рэгулярна даводзяцца заданні па павелічэнні колькасці. Адмова ад чалецтва практычна раўназначная рашэнню аб звальненні. У цяперашні час арганізацыя налічвае каля 90 тыс. чальцоў. Нягледзячы на такія абставіны стварэння і функцыянавання, Лукашэнка ад «Белай Русі» ўсяляк адхрышчваецца. «Што датычыць мяне, дык шчыра скажу: я не маю ніякага дачынення да гэтай арганізацыі», заявіў ён увесну 2008 года, адказваючы на пытанні журналістаў. Больш за тое, тады ж ён запэўніваў, што ніколі не стане яе чальцом – «з прынцыповых меркаванняў». «Я быў у адной кампартыі, і я з яе не сыходзіў. Як прэзідэнт, я не належу і не маю права належаць да нейкай партыі», – сцвярджаў Лукашэнка. З яго шматслоўнага разважання на гэтую тэму вынікала, што ён нічога не ведае пра адміністрацыйны ціск, з'яўляецца прыхільнікам стварэння грамадскіх арганізацыяў «знізу» і не мае намеру «выбудоўваць нейкую палітычную структуру пад сябе». У далейшым Лукашэнка, які любіць даваць ацэнкі дзеянням расейскага кіраўніцтва, звязваў нежаданне ствараць партыю ўлады і з негатыўным, на яго думку, расейскім досведам.

Стварэнне «Белай Русі» завяршыла ў Беларусі фармаванне сацыяльнай структуры, якая дазваляе Лукашэнку маніпуляваць грамадствам, ствараючы бачнасць дэмакратыі. Назіральнікі не змогуць папракнуць яго ў тым, што ён скарыстаўся адміністрацыйным рэсурсам для збору подпісаў у сваю падтрымку, бо асноўная нагрузка прыйшлася на грамадскае аб'яднанне, якое займае актыўную палітычную пазіцыю. Як, зрэшты, і ў тым, што чальцы выбарчых камісіяў усе запар чыноўнікі, бо ў камісіі іх вылучаюць ці працоўныя калектывы, ці грамадскія аб'яднанні. Факт іх падкантрольнасці ўладзе даказаць практычна немагчыма.

У той жа час, як адзначала «НГ» раней, выканаць усе знешнія прыкметы дэмакратычнасці, але захаваць уладу – галоўная задача Лукашэнкі. У адваротным выпадку яму прызначаная роля нелегітымнага кіраўніка дзяржавы з усімі палітычнымі і эканамічнымі праблемамі, якія вынікаюць адсюль. Кіраўнічка ЦВК Лідзія Ярмошына, дарэчы, ужо прарэагавала на заяву «крыніцы ў Крамлі» пра тое, што расейская ацэнка ўзроўню дэмакратычнасці беларускіх выбараў гэтым разам будзе «адэкватнай». Яна ацаніла яе як факт ціску. «Калі перакладаць з дыпламатычнай мовы на нейкую іншую мову, нас відавочна палохаюць тым, што ацэнка будзе жорсткай, каб мы не разлічвалі на паблажку», – сказала яна. Ярмошына выказала здагадку, што расейскія назіральнікі могуць быць загадзя зарыентаваныя на тую ці іншую ацэнку.

Расейска-беларуская інфармацыйная вайна дзякуючы вельмі актыўнай пазіцыі Масквы стала часткай інфармацыйнай прасторы Беларусі. Фільмы «Хросны Бацька» і гучныя заявы Крамля абмяркоўваюць ужо не толькі палітычна актыўныя грамадзяне і прадстаўнікі апазіцыі, але і абывацелі. Нават некаторыя незалежныя эксперты адважваюцца выказаць меркаванне, што калі б выбары ў Беларусі маглі прайсці без фальсіфікацыяў, дык Лукашэнка страціў бы працу. Шэраговы абывацель звязвае з Масквой наяўнасць цяпла ў сваёй кватэры і, не вельмі занепакоены ідэямі, можа не захацець бачыць прэзідэнтам таго, з-за каго рызыкуе пазбавіцца гэтага цяпла. Нагадаем, што ў 1994 годзе Лукашэнка стаў прэзідэнтам толькі дзякуючы таму, што насельніцтва ўзбунтавалася супраць адміністрацыйнага націску дзеючай тады ўлады і прагаласавала супраць яе кандыдата.

Тым часам апошнія заявы Масквы не пакідаюць Лукашэнку ніякіх надзеяў на пагадненне. І калі міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын ужо не ўпершыню кажа пра неплацежаздольнасць беларускай эканомікі, дык пазіцыя Дзярждумы, якая падтрымала ўчора пазіцыю прэзідэнта Расеі з нагоды расейска-беларускіх стасункаў, – навіна.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках