25 лiстапада 2024, панядзелак, 17:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Барадач: Вынікі працы экспертаў АБСЕ павінны быць вядомыя грамадскасці

5

Былы камандзір брыгады спецназа каментуе прыезд у Менск экспертаў АБСЕ па справе Алега Бябеніна.

Калі эксперты АБСЕ, якія прыяжджалі ў Менск для вывучэння абставінаў смерці Алега Бябеніна, зробяць сваё заключэнне толькі на падставе дакументаў, пададзеных ім ўладамі, дык іх меркаванне не будзе разыходзіцца з афіцыйным пунктам гледжання на гэтае здарэнне - самагубства. Так лічыць палкоўнік спецслужбаў Уладзімір Барадач.

Пра гэта ён напісаў у сваім лісце «Беларускаму партызану»:

- Злачынцы ўдасканальваюць сваё майстэрства: яны навучыліся інсцэніраваць самагубства без сведак. Так можна паставіць справу на канвеер. Уявіце, колькі апазіцыянераў пасля выбараў «могуць накласці на сябе рукі ад засмучэння», калі ў іх «здаюць нервы» яшчэ да выбараў.

Крыміналісты АБСЕ скончылі сваю працу і з'ехалі. Смерць публічнага грамадзяніна Алега Бябеніна выклікала вялікія сумневы і неадназначныя тлумачэнні грамадскасці, якая не падзяліла паспешныя высновы следчых органаў пра самагубства журналіста. Таму вынікі іх працы, іх аргументаваныя довады павінны быць вядомыя шырокай грамадскай публіцы.

У нас ужо быў эксперт ад АБСЕ па справе Аўтуховіча аб «падрыхтоўцы тэракту супраць губернатара Саўчанкі». Ён зрабіў выснову пра адсутнасць якіх-небудзь парушэнняў з боку следчых органаў і пагадзіўся з наяўнасцю дастатковых падставаў для абвінавачвання гэтых асобаў па артыкуле «тэрарызм». Яму былі пададзеныя настолькі пераканаўчыя доказы, што не выклікалі ў прадстаўніка АБСЕ ніякіх сумневаў. Ён цалкам пагадзіўся з бокам абвінавачвання.

Іншага заключэння ён і не мог зрабіць. У справе ён азнаёміўся з паказаннямі сведкаў Парэмскай, Козела, Шнітко, Пузікава, якія далі паказанні не на карысць Аўтуховіча. З камеры яму падвялі асуджаных на 7 гадоў Арцюкевіча, Козела, якія прызналі, што здзейснілі свае злачынствы па замове Аўтуховіча. Яму і ў галаву не магло прыйсці, што ва ўсіх гэтых сведкаў органы папярэдняга следства выбілі ілжывыя паказанні. Хіба мог спецыяліст з цывілізаванай краіны нават падумаць, што праваахоўныя органы могуць вяршыць ў нас масавыя злачынствы. Ну, а цалкам «развеяў» яго сумневы асноўны сведка Ларын, які хацеў на замову Аўтуховіча «забіць» губернатара.

Ён жа не думаў, што з агнявой пазіцыі Ларына не было відаць дома кліента, шлях гранаце перагароджвалі два шматпавярховікі. Ларын і не думаў страляць, тым больш што муляж гранатамёта (пра што эксперт не ведаў) не страляе. Усе сведкі вырашыліся толькі на судзе заявіць пра тое, што ў іх выбітыя ілжывыя паказанні. Але толькі ў нас, пасля ўсяго гэтага беззаконня пракурор Сафараў спакойна запрасіў Аўтуховічу 20 гадоў. Бессэнсоўна да нас ехаць па ісціну любым экспертам з далёкім ад нас менталітэтам.

Калі гэтая камісія ад АБСЕ не праводзіла свае даследаванні, а зрабіла высновы па пададзеных матэрыялах нашых следчых, дык высновы не могуць не супадаць з афіцыйнымі ... »

Заснавальнік і кіраўнік сайта charter97.org Алег Бябенін быў знойдзены павешаным 3 верасня на яго лецішчы пад Менскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў. Судмедэксперты блытаюцца нават ў даце надыходу смерці журналіста. Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Сябры і калегі журналіста заяўляюць пра наяўнасць на яго целе слядоў гвалту. Алег Бябенін быў асноўным сябрам каманды апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках