25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Інтэрфакс»: Беларусь і Расея на парозе новай «нафтавай вайны»

22
«Інтэрфакс»: Беларусь і Расея на парозе новай «нафтавай вайны»

РФ можа пайсці на спыненне паставак нафты ў Беларусь і нават прыпыніць транзіт.

Сітуацыя, якая склалася ў беларуска-расейскім дыялогу па ўмовах гандлю нафтай і нафтапрадуктамі ў 2011 годзе, дазваляе прагназаваць чарговае абвастрэнне двухбаковых стасункаў, піша «Інтэрфакс-Захад».

Справа ў тым, што тэрмін дзеяння падпісанага 27 студзеня 2010 года міжурадавага беларуска-расейскага пратаколу аб гандлі нафтай сканчаецца 31 снежня гэтага года. Ва ўмовах, калі да заканчэння тэрміну дзеяння існуючага прававога механізму імпарту нафты з РФ застаецца крыху больш за паўтара месяца, бакі не дасягнулі бачнага прагрэсу ва ўзгадненні парадку гандлю нафтай і нафтапрадуктамі.

На гэтым этапе адначасова абмяркоўваецца два варыянты. Першы з іх, прапанаваны беларускім бокам, мяркуе, па сутнасці, пралангацыю на 2011 год механізму, які дзейнічаў сёлета, але з улікам павелічэння квоты бяспошлінных паставак нафты ў Беларусь з 6,3 млн тон да 6,7 млн тон.

Расейскі бок, у асобе намесніка міністра фінансаў Сяргея Шаталава, публічна прапанаваў замяніць пошліны на нафту для Беларусі экспартнымі пошлінамі на беларускія нафтапрадукты, якія перадаюцца ў расейскі бюджэт. У цяперашні час такія пошліны ў Беларусі адсутнічаюць.

Абодва варыянты ўсё яшчэ знаходзяцца на стадыі абмеркавання экспертамі, што ўзмацняе нявызначанасць у ключавым для Беларусі сегменце эканомікі.

На вышэйшым узроўні

Крыніца ў беларускіх органах дзяржкіравання, каментуючы агенцтву «Інтэрфакс-Захад» сітуацыю, выказала меркаванне, што канчатковае вырашэнне праблемы будзе вынесенае на вышэйшы ўзровень з улікам кансультацыяў беларускіх і расейскіх экспертаў. «На ўзроўні Мінфінаў бакі пакуль зафіксавалі свае пазіцыі і рознагалоссі, дамовіўшыся вынесці праблему на больш высокі ўзровень», – канстатаваў суразмоўца.

Ён таксама заявіў пра тое, што, хутчэй за ўсё, механізм спагнання экспартных пошлінаў на нафту і нафтапрадукты пры пастаўках расейскай нафты ў Беларусь будзе выведзены з пагаднення, якое рыхтуецца, аб вывазных пошлінах ў межах Мытнага саюза «тройкі» (Беларусь, Расея, Казахстан).

«Ёсць прапанова вывесці на двухбаковы ўзровень механізм спагнання экспартных пошлінаў на нафту і нафтапрадукты пры пастаўках расейскай нафты ў Беларусь і падпісаць пагадненне аб вывазных пошлінах у межах «тройкі» без уліку гэтай групы тавараў», – сказала крыніца.

Ён патлумачыў, што да такой высновы прыйшлі расейскія і беларускія эксперты пасля абмеркавання прапановы С. Шаталава.

Паводле яго звестак, на гэтым этапе перамоваў «Расея прэтэндуе на ўвесь аб'ём вывазных пошлінаў на экспартаваныя з тэрыторыі Беларусі нафту і нафтапрадукты, за выключэннем перапрацоўкі нафты з Венесуэлы».

«Пры гэтым расейскі бок разлічвае на пошліны ад экспарту як нафты, якая здабываецца ў Беларусі (1,7 млн тон у год – ІФ), так і вырабленых з яе нафтапрадуктаў, а таксама на пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў з любой іншай нафты, за выключэннем непасрэдна венесуэльскай», – дадаў ён.

У сваю чаргу «беларускі бок згодны перадаваць у расейскі бюджэт толькі вывазныя пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты», – паінфармаваў суразмоўца.

На яго думку, «да Новага года наўрад ці атрымаецца адпрацаваць двухбаковае пагадненне аб механізме спагнання пошлінаў пры пастаўках нафты ў Беларусь». Пытанне ўскладняецца адсутнасцю ў РФ адзінай пазіцыі адносна памеру экспартных пошлінаў на нафтапрадукты, сказала крыніца, нагадаўшы, што С. Шаталаў прапанаваў павялічыць памер экспартных пошлінаў на нафтапрадукты да 85–90% ад узроўня пошлінаў на нафту з 55% у цяперашні час.

Акрамя таго, гэтая праблема наўпрост звязаная з механізмам субсідыравання нафтаперапрацоўкі, бо пагадненне пра субсідыраванне плануецца падпісаць у межах пакета пагадненняў аб стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы ў межах мытнай «тройкі» з 1 студзеня 2011 года.

Крыніца асцерагаецца, што адначасовае абмеркаванне двух радыкальна адрозных механізмаў гандлю нафтай і нафтапрадуктамі можа прывесці да «размыцця» прадмета перамоваў, і Беларусь рызыкуе зноў застацца без паставак расейскай нафты напачатку года.

Тым не менш, ён упэўнены ў тым, што нават у гэтым выпадку сітуацыя на беларускіх НПЗ не будзе такой крытычнай, як напачатку гэтага года з улікам гарантаваных паставак у Беларусь нафты з Венесуэлы, якія ў 2011 годзе павінны вырасці да 10 млн тон (амаль 50% гадавой загрузкі беларускіх НПЗ – ІФ) з чаканых 4 млн тон у 2010 годзе.

Без расейскай нафты і транзіту?

Тым часам, профільныя чыноўнікі толькі пацвярджаюць асцярогі папярэдняга суразмоўцы.

«Сітуацыя складаецца такім чынам, што ў 2011 годзе Беларусь можа пазбавіцца бяспошліннай квоты на пастаўкі нафты з РФ, а з улікам уводу з 1 студзеня нафтаправода БТС-2 у выпрабавальным рэжыме – і транзіту расейскай нафты па сваёй тэрыторыі», – паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» крыніца ў профільным дзяржаўным ведамстве.

Яна пастлумачыла, што перадумовамі для ўзнікнення такой сітуацыі могуць паслужыць спрэчкі паміж Масквой і Менскам аб узроўні тарыфаў на транзіт, а таксама непрымірымая пазіцыя Беларусі ў спрэчцы аб пошлінах на нафтапрадукты, з аднаго боку, і поспехі Менска ў супрацоўніцтве з Венесуэлай і Украінай – з іншага.

Суразмоўца адзначыў, што пазіцыі Беларусі і Расеі ў спрэчцы аб правамернасці спагнання РФ уведзеных з пачатку гэтага года пошлінаў на нафтапрадукты кардынальным чынам не супадаюць. Істотных зрухаў у межах пошуку пагаджальных механізмаў, паводле рэкамендацыяў Эканамічнага суда СНД, таксама не адбываецца.

Тым часам, крыніца мяркуе, што для Беларусі найбольш прымальным з'яўляецца варыянт адмены расейскіх пошлінаў на нафтапрадукты, чым адмена пошлінаў на сырую нафту ў абмен на ўвядзенне ўласных экспартных пошлінаў на нафтапрадукты.

У гэтай сувязі яна выказала сумнеў у тым, што Беларусь і Расея да 19 студзеня 2011 года (тэрмін вызначаны Эканамічным судом СНД для пошуку краінамі пагаджальнага механізму адносна экспартных пошлінаў на нафтапрадукты – ІФ) прыйдуць да кампрамісу па гэтым пытанні.

Суразмоўца таксама звярнуў увагу на тое, што ў Маскве крытычна ўспрынялі прапанову Беларусі павялічыць на 2011 год бяспошлінную нафтавую квоту на 400 тыс. тон у параўнанні з 2010 годам – да 6,7 млн тон.

«У Расеі перакананыя ў тым, што Беларусь не выкарыстоўвае гэтую нафту для ўнутранага спажывання. Механізмаў кантролю гэтага працэсу Расея не мае», – сказала крыніца.

Акрамя таго, яна звярнула ўвагу на тое, што супрацоўніцтва Беларусі з Венесуэлай і Украінай у нафтавым сектары з'яўляецца «раздражняльным фактарам» для Масквы, хаця прамых эканамічных стратаў у гэтым плане РФ не нясе.

Нафтагазавы рубель казну беражэ

Пры гэтым Беларусь разлічвае прынамсі захаваць ці нават павялічыць даходы ад транзіту нафты па сваёй тэрыторыі ва ўмовах, калі РФ запускае альтэрнатыўныя шляхі паставак сыравіны ў Еўропу.

«У Менску ўжо падрыхтаваныя прапановы па новых стаўках тарыфаў на транспартаванне нафты ў 2011 годзе. Пры гэтым Беларусь зыходзіць з прагнозу коштаў на прыродны газ на 2011 год і коштаў на электраэнергію, якія фарміруюцца з улікам кошту газу. Тым часам, у сабекошты транспартавання нафты доля электраэнергіі складае больш за 50%», – заўважыў суразмоўца.

Як паведамлялася, у 2011 годзе, па прагнозе «Газпрама», кошт газу для Беларусі можа скласці $220 за 1 тыс. куб. м супраць сярэднегадавога кошту на 2010 год у памеры $187 за 1 тыс. куб. м.

У гэтай сувязі ён нагадаў, што ў Менску чакаюць прапановаў расейскага боку па транзітных тарыфах да 15 лістапада, пасля чаго будзе распачаты перамоўны працэс. Аднак, заўважыла крыніца, «ужо цяпер можна сказаць, што пазіцыі Менска і Масквы ў гэтым пытанні не супадаюць».

Такім чынам, мяркуе яна, перамовы па транзітных тарыфах будуць цяжкімі і працяглымі і наўрад ці завершацца да канца года. У гэтай сувязі, мяркуе суразмоўца агенцтва, Беларусь і Расея могуць уступіць у 2011 год, не маючы прававых умоваў пастаўкі нафты ў Беларусь і яе транспартавання па тэрыторыі рэспублікі.

З іншага боку, з улікам гатоўнасці Расеі ўвесці з 1 студзеня 2011 года нафтаправод БТС-2 у рэжыме «помпавай станцыі» (вопытная эксплуатацыя), у Маскве могуць адмовіцца ад спрэчкі з Беларуссю аб стаўках на транзіт і наогул адмовіцца ад прапампоўкі нафты заходнім спажыўцам па тэрыторыі рэспублікі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках