25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканамісты: Рэальная зарплата толькі зніжаецца

14

Нават калі даляр не будзе расці, заробкі беларусаў усё роўна будуць станавіцца менш.

Былы прэм'ер Міхаіл Чыгір (узначальваў беларускі ўрад у 1994-1996 гадах) лічыць, што снежаньская зарплата - гэта не той паказчык, які трэба прымаць за арыенцір, піша «Заўтра тваёй краіны».

«У канцы кожнага года за кошт разнастайных даплатаў зарплата ў краіне ўзрастае ў адносінах да лістапада. Хоць у гэтым годзе яна, хутчэй, вырасце штучна - за кошт падвышэння ў верасні зарплаты нізкааплатнай катэгорыі працаўнікоў і рэзкага падвышэння стаўкі першага разраду ў лістападзе. Ад яе памеру, як вядома, залежыць зарплата не толькі бюджэтнікаў, але і працаўнікоў гасразліковых прадпрыемстваў», - адзначыў Міхаіл Чыгір.

Можна прасачыць, як змянялася сярэдняя зарабатная плата ў снежні адпаведнага года ў адносінах да лістапада і затым да студзеня наступнага года.

Некаторыя эканамісты прадказваюць, што курс даляра можа падскочыць ужо 2 студзеня 2011 года і, такім чынам, сярэдняя зарплата па краіне зноў будзе далёкай ад праславутых 500 даляраў.

«А кошты на павышэнне зарплаты ўжо адрэагавалі. Рэальная зарплата ў асобных галінах не павысілася, а нават знізілася. Нават калі даляр не будзе расці, рэальная зарплата ўсё роўна будзе зніжацца», - заяўляе доктар эканамічных навук, загадчык кафедры фінансавага крэдыту Менскага інстытута кіравання Барыс Жаліба.

Барыс Жаліба нагадвае, што інфляцыя мае пэўныя сезонныя заканамернасці. Самы нізкі для інфляцыі месяц - жнівень, калі збіраецца ўраджай, садавінагародніная прадукцыя таннее і гэта адбіваецца на агульным індэксе коштаў. А да новага года інфляцыя зноў уздымае галаву.

«Па-першае, выдаюцца перадсвяточныя прэміі, і кошты на гэта рэагуюць. У гэтым годзе перадвыбарчае павышэнне зарплаты робіць інфляцыйную карціну яшчэ больш выразнай. Рэальная зарплата можа вельмі сур'ёзна знізіцца ў студзені 2011 года», - тлумачыць эксперт.

На думку эканаміста, зарплату будзе вельмі складана ўтрымліваць нават на ўзроўні 460-500 долараў яшчэ і таму, што ў гэтым годзе значна скараціўся прыбытак народнай гаспадаркі, асабліва знізіліся даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці.

«І калі мінулы год мы лічылі дном крызісу, дык у гэтым годзе нашыя прадпрыемствы за 9 месяцаў не далічыліся 1 мільярда даляраў прыбытку ад экспарту ў параўнанні з аналагічным перыядам крызіснага 2009 года», - сцвярджае эканаміст.

Сёння краіна актыўна запасаецца замежнай валютай у чаканні паслянавагодняй дэвальвацыі ў 2011 годзе.

У той жа час кіраўнік германскай кансультатыўнай групы эканамічных рэформаў у Беларусі Рыкарда Джучы адзначыў на XIII Менскім форуме, што рост заробкаў на 30% - гэта экспансіўная макраэканамічная палітыка і ў дадзены момант яна немэтазгодная, «бо павялічваецца рызыка інфляцыі і пагаршэння плацёжнага балансу». Ён падкрэсліў, што пакуль памер знешняй запазычанасці Беларусі знаходзіцца на прымальным узроўні, аднак у апошнія гады яна расла хуткімі тэмпамі. «У пачатку 2007 года знешняя запазычанасць складала 18,5% ВУП, у ліпені 2010 года - 45% ВУП. Калі працягваць назапашваць даўгі, дык зусім хутка тэмпы росту знешняй запазычанасці немагчыма будзе спыніць», - папярэджвае Рыкарда Джучы.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках