25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Залескі: Будзе вялікая нафтавая бойка ў канцы года

10

Беларусь нібыта пагадзілася пералічваць сваю пошліну на нафту і нафтапрадукты ў расейскі бюджэт.

У абмен на гэта Менск зможа атрымліваць бяспошлінную расейскую нафту. Прынамсі так сцвярджаюць расейскія чыноўнікі. Ці сапраўды беларускі бок можа пагадзіцца на такі варыянт, ці выгодны ён беларускай эканоміцы? У якой форме і калі паміж бакамі можа разгарнуцца нафтавая вайна? На гэтыя пытанні адказвае эканаміст Міхаіл Залескі. Вядоўца праграмы «Бліц-аналіз» на «Радыё Свабода» - Віталь Цыганкоў.

- Паведамленне пра тое, што Беларусь пагадзілася пералічваць сваю пошліну на нафту і нафтапрадукты ў расейскі бюджэт, з'явілася са спасылкай на начальніка дэпартамента падатковай і мытна-тарыфнай палітыкі Міністэрства фінансаў Расеі Іллю Труніна. Аднак, выглядае, што апошняя кропка ў гэтым пытанні не пастаўленая. Ці лічыце вы, што Беларусь можа пагадзіцца на такі варыянт?

- Кажуць, калі топішся, дык і за брытву схопішся. У нас, акрамя расейскага, ёсць і свой бюджэт. І нашаму начальству хацелася б яго папаўняць, а нам грамадзянам, карыстацца ім. Тут супадаюць інтарэсы і народа, і ўлады – таму, каб штосьці пакінуць і сабе, відаць, з Расеяй будзе вялікая бойка ў канцы года.

- У абмен на тое, што Беларусь пагадзілася пералічваць сваю пошліну на нафту і нафтапрадукты ў расейскі бюджэт, Менск зможа атрымліваць бяспошлінную расейскую нафту. Аднак зараз гэтая перавага паступова страчваецца, паколькі Беларусь ужо не ўсю нафту атрымлівае з Расеі - растуць пастаўкі венесуэльскай нафты, шукаюцца іншыя варыянты…

- Наш нафтавы бізнэс карысны і прыбытковы да таго часу, пакуль ёсць давальніцкая сыравіна і можна гнаць прадукты нафтаперапрацоўкі за мяжу. Дагэтуль усё ішло з адной крыніцы - расейскай. Зараз з'явілася магчымасць дыверсіфікаваць пастаўкі, і, натуральна, ісці насустрач Расеі ўжо вялікай ахвоты не будзе. Але і ў Расеі ўжо гатовы нафтаправод ад Унечы на Санкт-Пецярбург, і яны не будуць ужо занадта звяртаць увагу на беларускія патрабаванні. Таму магчымы вельмі жорсткі канфлікт.

- Ці не можа да нафтавага канфлікту дадацца яшчэ і газавы?

- Мне падаецца, з газам будзе крыху прасцей. Гэта будзе старая гульня аб спрэчцы гаспадарчых суб'ектаў. У нас ужо ёсць добрая традыцыя - насельніцтва выпівае на Новы год і глядзіць, як Сямашка ці Сідорскі сканчаюць газавыя перамовы ў Маскве. Думаю, Расея не будзе на нас аказваць ціск па газе да такой жа ступені як па нафце, бо ім Еўропа пальчыкам махае - не падвядзіце нас! Бо варыянту пуску ўсяго газу мінаючы Беларусь пакуль няма - пакуль яны не пабудавалі газаправод праз Балтыку.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках