25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя сведчанні: Як на ўчастку ў Менску падмяняюць бюлетэні

69

Следам за падпалкоўнікам міліцыі Мікалаем Казловым пра фальсіфікацыю на выбарах распавядаюць назіральнікі.

Публікацыя ў газеце «Народная воля» пра фальсіфікацыі, дапушчаныя падчас датэрміновага галасавання на выбарах у парламент у 2008 года, пра якія распавёў падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў, атрымала працяг. Назіральнік ад АГП Аляксей Бруна таксама вырашыў распавесці пра тое, як праходзіла галасаванне і падлік галасоў на сталічным выбарчым участку №463 Старавіленскай акругі №105.

— Я быў на ўчастку №463 назіральнікам ад АГП, — распавядае Аляксей Бруна «Народнай волі». — Магу пацвердзіць, што падпалкоўнік Казлоў нёс там дзяжурства ў апошні дзень датэрміновага галасавання. Чаму я яго запомніў? Таму што быў здзіўлены: гэта ж трэба — падпалкоўнік скрыню вартуе!

Калі ў дзень выбараў пры падліку галасоў была ўскрытая скрыня датэрміновага галасавання, дык пасля сартавання бюлетэняў было відаць, што дзесьці 95% галасоў «датэрміновікаў» атрымаў старшыня суда Цэнтральнага раёна Менска Мікалай Самасейка.

Што датычыць вынікаў галасавання непасрэдна ў дзень выбараў — 28 верасня — дык тут карціна была зусім іншая. Мяркуючы па стосіках бюлетэняў, Самасейка і Лябедзька набралі прыкладна роўную колькасць галасоў. Безумоўна, сказаць больш дакладна я не магу — падчас падліку галасоў два міліцыянты адціскалі мяне далей ад стала, дзе чальцы выбарчай камісіі, стоячы да нас, назіральнікаў, спінай, праводзілі сартаванне бюлетэняў. Дзейнічалі міліцыянты па ўказанні намесніка старшыні камісіі Аляксея Мікалаевіча Пятніцы. А старшыня камісіі — Аляўціна Мікалаеўна Гладкая — строіла з сябе галкіпера, скачучы перад мной, гераічна засланяючы стол з бюлетэнямі сваімі грудзьмі.

Тым не менш я бачыў, якія стосікі ўтварыліся перад трыма чальцамі камісіі (адна з іх Вольга Іванаўна Брышталёва). Стосік бюлетэняў з галасамі за Лябедзьку быў у два і нават у два з паловай разы вышэй, чым стосік з галасамі за Самасейку. Чальцы камісіі перагаворваліся толькі шэптам і цыдулкамі. І ўжо пасля пяці хвілінаў шапацення з'явіліся прыкладна роўныя па вышыні стосікі бюлетэняў за Лябедзьку і Самасейку.

Са скрынямі для галасавання дома гісторыя наогул выйшла загадкавая, калі не сказаць, абсурдная. Па звестках камісіі і назіральнікаў, дома прагаласавала 40 чалавек, але Самасейка «умудрыўся» атрымаць 47 галасоў. Варта адзначыць, што ў парушэнне Выбарчага кодэкса на гэтым выбарчым участку асобнага падліку бюлетэняў са скрыняў для датэрміновага, хатняга і галасавання ў дзень выбараў не рабілася, іх вынікі не абвяшчаліся. На мае патрабаванні прытрымлівацца закона і абвясціць асобна, як выбаршчыкі галасавалі дома, датэрмінова і непасрэдна ў дзень выбараў, старшыня камісіі Аляўціна Гладкая адказвала, што ўсё будзе адлюстравана ў выніковым пратаколе. Схлусіла! У пратаколе былі зафіксаваныя толькі агульныя дадзеныя.

Вось афіцыйныя вынікі галасавання на сталічным выбарчым участку №463 Старавіленскай акругі №105:

Колькасць выбаршчыкаў — 1931. Колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні, — 1228, яўка 63% (па выніках назіральнікаў — 1084 чалавекі, яўка 56%).

Прагаласавала датэрмінова — 521 чалавек, г.зн. 27%. За кандыдатата Аркатова свае галасы аддалі 74 чалавекі, г.зн. 6% , за Гуртавенку — 43 чалавекі (3,5%), за Лябедзьку — 110 чалавек (9%), а за Самасейку прагаласавалі 973 выбаршчыкі, г.зн. 71%.

Я не веру гэтым лічбам! Расповяд Мікалая Казлова і мае асабістыя назіранні пацвярджаюць факт замены бюлетэняў у скрыні датэрміновага галасавання. Яшчэ адно, ужо традыцыйнае, парушэнне выбарчага заканадаўства — чальцамі камісіі з'яўляліся толькі прадстаўнікі сістэмы адукацыі, прычым амаль усе з аднаго педагагічнага калектыва. На чале камісіі — начальнік аддзела дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна А.М.Гладкая, яе намеснік — дырэктар школы №188 А.М.Пятніца, чальцы камісіі — настаўнікі школы...

Акрамя таго, хацеў бы звярнуцца да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, якая нядаўна публічна адрэагавала на заявы Мікалая Казлова пра фальсіфікацыі вынікаў галасавання на гэтым выбарчым участку. Ярмошына сцвярджае, што на гэты ўчастак былі накіраваныя правяральнікі ад ЦВК. «Увечары усе назіральнікі, міжнародныя ў тым ліку, мясцовыя, нацыянальныя, усе сабраліся на гэтым выбарчым участку», — заявіла Ярмошына. Дык вось, хачу заявіць, што нічога падобнага не было. Я знаходзіўся на ўчастку ўвесь дзень 28 верасня і сышоў адтуль, калі быў праведзены падлік галасоў і выбарчы ўчастак зачынілі. Ніякіх правяральнікаў я там не бачыў, пры падліку галасоў міжнародныя назіральнікі не прысутнічалі. Па выніках назірання я склаў заяву аб парушэнні падчас выбараў і перадаў яе старшыні камісіі. Але ніякіх мераў ніхто не прыняў. Атрымліваецца, і зараз, на прэзідэнцкіх выбарах, усё будзе паўтарацца?

ДА СЛОВА

Аляўціна Гладкая і Аляксей Пятніца будуць лічыць галасы на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца

Яны ўвайшлі ў склад участковай камісіі для галасавання №24, якая будзе размяшчацца ў сярэдняй школе №188 горада Менска. Цікава, што Аляўціна Гладкая ў склад камісіі ўвайшла ад раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, а Аляксея Пятніцу дэлегавала РГА «Белая Русь». Пры гэтым Аляксей Пятніца па-ранейшаму з'яўляецца дырэктарам СШ №188 горада Менска, а Аляўціна Гладкая працуе цяпер завучам па навучальнай працы сталічнай гімназіі №3.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках