25 лiстапада 2024, панядзелак, 1:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: Адміністрацыйны рэсурс узмацняецца

3

Такія высновы зрабілі праваабаронцы па выніках праверкі скаргаў і вызначэнні месцаў для правядзення агітацыі.

Ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на пост прэзідэнта працавалі ў няроўных умовах, заявілі актывісты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» на прэс-канферэнцыі ў Менску 19 лістапада.

Падводзячы вынікі збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў, юрыст кампаніі Валянцін Стэфановіч адзначыў, што гэты этап праходзіў больш ліберальна, чым на папярэдніх выбарах. Аднак што да выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, то тут назіральнікі «не адзначылі якой-небудзь лібералізацыі ці дэмакратызацыі», паведамляе БелаПАН.

«ЦВК сваёй пастановай № 47 фактычна легалізаваў збор подпісаў не чальцамі ініцыятыўнай групы. Там запісана, што запісы ў падпісны ліст могуць уносіцца чальцом ініцыятыўнай групы, выбарнікам, а таксама іншымі асобамі па просьбе выбарніка. І вось гэта фармулёўка прывяла да таго, што збор подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнку ажыццяўляўся не чальцамі яго ініцыятыўнай групы», - сказаў Стэфановіч.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў самім ЦВК паўстала блытаніна з тлумачэннем гэтага палажэння.

«Нам казалі, што дадзеныя выбарніка ў падпісны ліст можа ўносіць памочнік чальца ініцыятыўнай групы альбо любая асоба ў прысутнасці чальца ініцыятыўнай групы. Але пра прысутнасць чальца ініцыятыўнай групы там нічога не напісана», - падкрэсліў Стэфановіч.

Гэта, паводле словаў праваабаронцы, прывяло да поўнай непразрыстасці праверкі збору подпісаў, пададзеных за Лукашэнку.

«Мне незразумела, як камісіі правяралі подпісы, калі артыкул 61 Выбарчага кодэкса прама кажа пра тое, што запаўняць падпісныя лісты мае права толькі чалец ініцыятыўнай групы. І гэты артыкул ніхто не адмяняў», - заявіў юрыст.

Стэфановіч таксама заўважыў, што за збор подпісаў не чальцамі ініцыятыўнай групы было вынесена папярэджанне групе Уладзіміра Някляева.

«У дачыненні да групы Лукашэнкі нічога падобнага не адбылося», - канстатаваў праваабаронца.

Акрамя таго, паводле словаў юрыста кампаніі, выклікаюць пытанні і метадычныя рэкамендацыі ЦВК.

«У іх напісана, што прадстаўнікам адміністрацыі ўстаноў забараняецца збіраць подпісы ў сваёй установе ў працоўны час. Артыкул 61 Выбарчага кодэкса забараняе прадстаўнікам адміністрацыі ўстаноў збіраць подпісы ў сваёй установе наогул. Але ў Гомелі прарэктар універсітэта збірала подпісы за Лукашэнку сярод студэнтаў свайго ўніверсітэта непасрэдна ў фае. ЦВК палічыла гэта законным, паколькі яна знаходзілася ў адпачынку. Аднак ад гэтага яна не перастала быць прарэктарам універсітэта, ад якой залежаць студэнты, як дырэктар у адпачынку не перастае быць дырэктарам», - лічыць Валянцін Стэфановіч.

У адрозненне ад ініцыятыўных групаў Лукашэнкі каманды іншых прэтэндэнтаў не мелі магчымасці збіраць подпісы ў інтэрнатах і на прадпрыемствах, адзначыў праваабаронца.

«Ніводная скарга на гэтыя парушэнні, не была задаволена», - падкрэсліў Стэфановіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках