24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Ніколі ні прэзідэнт, ні чальцы «парламента» не абіраліся недэмакратычна

146
Лукашэнка: Ніколі ні прэзідэнт, ні чальцы «парламента» не абіраліся недэмакратычна

Беларускі дыктатар у сваіх клятвах і запэўненнях на сустрэчы з кіраўнікамі МЗС Польшчы і Германіі перасягнуў усе межы.

«Хачу вас запэўніць у тым, што выбары пройдуць без праблемаў. Як дзеючы прэзідэнт хачу запэўніць вас, што выбары пройдуць па самых дэмакратычных стандартах», - заявіў Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў Менску з міністрамі замежных спраў ФРГ і Польшчы Гіда Вестэрвеле і Радаславам Сікорскім, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».

Як адзначыў беларускі кіраўнік, «нам не трэба праводзіць выбары, якія будуць пастаўленыя пад сумнеў міжнароднай супольнасцю». Лукашэнка сказаў, што «на сённяшні дзень усе жадаючыя з любой краіны свету, прадстаўнікі міжнародных арганізацый атрымалі самы шырокі доступ да беларускага грамадства». «Легітымнасць выбараў для нас важней, чым для каго б там ні было ў свеце. Мы зацікаўленыя ў тым, каб выбары прайшлі легітымна, і да нас не было ніякіх пытанняў», - падкрэсліў ён.

Лукашэнка выказаў надзею, што «сённяшняя сустрэча носіць узаемны інтарэс». «Мы вельмі зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Еўропай, але і Еўропа не можа абысціся без Беларусі, таму што Беларусь - цэнтр Еўропы», - адзначыў ён.

Беларускі кіраўнік заявіў, што «крокі, якія прадпрымае Еўразвяз, не спрыяюць хуткаму паляпшэнню нашых адносінаў». «Санкцыі ў палітыцы, эканоміцы. Думаю, гэтыя метады павінны былі сысці з нашых стасункаў», - заявіў Лукашэнка. Акрамя таго, ён адзначыў «таптанне на месцы», у прыватнасці ў рэалізацыі ініцыятывы ЕЗ «Усходняе партнёрства». «Мы былі зацікаўленыя ў развіцці «Усходняга партнёрства», але, нажаль, у нас пакуль больш надзей, чым рэаліяў», - заявіў ён. Паводле яго словаў, «у нас ёсць, што прапанаваць Еўропе, у прыватнасці Германіі і Польшчы, дзвюм дзяржавам, з якімі мы супрацоўнічаем».

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Польшчы Сікорскі адзначыў, што «Польшча як сусед Беларусі і сябра ЕЗ зацікаўленая, каб Беларусь была еўрапейскай нацыяй і трымалася еўрапейскіх каштоўнасцяў». У прыватнасці, растлумачыў міністр, такім каштоўнасцям, «як дэмакратыя і павага да нацыянальных меншасцяў». «Польшча падтрымлівае мэты і задачы Усходняга партнёрства - эканамічнае супрацоўніцтва, спрашчэнне візавага рэжыму», - сказаў Сікорскі. Ён адзначыў, што Малдова, якая меншая па сваёй тэрыторыі ў параўнанні з Беларуссю, у бліжэйшы час пачне атрымліваць $2 млрд дапамогі. «Думаю, будуць створаныя палітычныя магчымасці, каб Беларусь пачала атрымліваць такую дапамогу», - адзначыў кіраўнік МЗС Польшчы. «Таму хачу вас злавіць на слове, што выбары пройдуць так, як вы сказалі», - заявіў польскі міністр.

У адказ на гэта Лукашэнка заўважыў: «Калі вы непрадузяты, то вы ў душы ўпэўнены, што выбары так і пройдуць». «У нас ніколі не было, каб прэзідэнт і чальцы парламента абіраліся недэмакратычна, асабліва прэзідэнт», - сказаў Лукашэнка. Хуткія выбары, паводле яго словаў, «будуць нашмат лепшымі, таму што вы гэтага хочаце».

Як заявіў у сваю чаргу Федэральны міністр замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле, «мы тут знаходзімся абодва і хочам разглядаць вас (Беларусь - ІФ) не толькі як суседа, а партнёра». «У нас ёсць дакладнае разуменне, што мы хочам бачыць вас (Беларусь - ІФ) у якасці партнёра», - адзначыў Вестэрвеле.

Паводле яго словаў, «Еўразвяз - гэта не проста агульны рынак, агульны адказ на глабалізацыю, але і агульныя каштоўнасці». «Важна, каб Беларусь развівала правы чалавека, дэмакратыю, вяршэнства закона. Мы маем агульную зацікаўленасць у тым, каб Беларусь развівала як эканамічныя, так і дэмакратычныя працэсы», - заявіў кіраўнік МЗС ФРГ. Ён сказаў, што запрашэнне міжнародных назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары разглядаецца як «крок у правільным напрамку». «Мы спадзяемся, што ў назіральнікаў будзе вольны, бесперашкодны доступ, каб яны маглі назіраць за працэсам падрыхтоўкі і правядзення выбараў», - заявіў Вестэрвеле.

У гэтай сувязі Лукашэнка сказаў, што «нават галасы зможаце палічыць, калі будзе жаданне».

Працягваючы тэму хуткіх у Беларусі выбараў, Вестэрвеле падкрэсліў, што «прэзідэнцкія выбары будуць з'яўляцца тэстам, лакмусавай паперкай для дэмакратыі». «Мы зацікаўленыя, каб вынік і ўмовы выбараў адпавядалі стандартам», - працягнуў ён. У прыватнасці, адзначыў Вестэрвеле, «мы хочам, каб апазіцыя мела доступ да сродкаў масавай інфармацыі, каб яны (кандыдаты ад апазіцыі - ІФ) маглі прадставіць свае перадвыбарныя праграмы». «У гэтым выпадку мы будзем разглядаць выбары як свабодныя і празрыстыя», - заявіў кіраўнік МЗС ФРГ.

Нагадаем, што ўсе выбарчыя кампаніі ў Беларусі падчас 16-гадовага кіравання Аляксандра Лукашэнкі былі прызнаныя Еўразвязам і ЗША несвабоднымі і недэмакратычнымі. У сувязі з гэтым кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына з'яўляецца невыязной у краіны ЕЗ.

Напісаць каментар 146

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках