25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для Еўропы галоўнае не толькі вынік выбараў у Беларусі, але і іх якасць

33
Для Еўропы галоўнае не толькі вынік выбараў у Беларусі, але і іх якасць

Кіраўнікі МЗС Польшчы і Германіі назвалі неабходныя ўмовы правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны істотна адрознівацца ад усіх папярэдніх выбарчых кампаніяў з пункту гледжання свабоды і празрыстасці, заявілі на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Менску міністры замежных справаў ФРГ і Польшчы Гіда Вестэрвеле і Радаслаў Сікорскі.

«Дэмакратычныя выбары - гэта не толькі сумленны падлік галасоў, але і сітуацыя ў краіне за шмат месяцаў і тыдняў да выбараў, - заявіў Радаслаў Сікорскі. - Мы ловім на слове прэзідэнта Беларусі, што гэтыя выбары будуць іншымі, чым папярэднія. Гаворка ідзе не толькі пра сумленны падлік галасоў, але і пра ўдзел прадстаўнікоў апазіцыі ў працы выбарчых камісіяў, а таксама пра свабодны доступ кандыдатаў у прэзідэнты да дзяржаўных СМІ».

«Падкрэсліваю, свабодныя і сумленныя выбары не азначаюць магчымасць у дзень галасавання аддаць свой голас не за тых, хто мае ўладу, а магчымасць кандыдатам свабодна і без перашкодаў прапагандаваць свае ідэі, мець доступ да СМІ», - заявіў таксама Гіда Вестэрвеле.

Пры гэтым кіраўнік МЗС Польшчы адзначыў, што «папярэднія выбары ў Беларусі не былі сумленнымі».

«Для мяне сумленныя выбары - гэта выбары, вынік якіх невядомы загадзя. Мы дасведчаныя палітыкі і ведаем, якая палітычная сістэма ў Беларусі», - заявіў Сікорскі.

Тлумачачы свой візіт у Беларусь, польскі міністр адзначыў: «Наш візіт - гэта дэманстрацыя салідарнасці з беларускім народам, які з'яўляецца еўрапейскім народам».

«За свае рашэнні, дзеянні кіраўнікі дзяржаваў заўсёды расплачваюцца», - заўважыў кіраўнік МЗС Польшчы. Сікорскі паўтарыў, што ў выпадку, калі Беларусь пойдзе па шляху дэмакратызацыі, яна зможа разлічваць на дапамогу ЕЗ у памеры 3 млрд еўра. «Да прыкладу, Малдова - краіна значна меншая, чым Беларусь, але ў бліжэйшыя два гады яна атрымае 2 млрд еўра з Міжнароднага валютнага фонду, Еўрапейскага банка развіцця, у межах праграмы Суседства. Беларусь магла б разлічваць на вялікую дапамогу», - лічыць Сікорскі.

Пры гэтым кіраўнік МЗС Германіі, кажучы пра магчымасць прыходу інвестыцыяў у Беларусь, падкрэсліў, што «добрая ўмова для інвесціравання ў краіну - гэта захаванне правоў чалавека».

Па словах Гіда Вестэрвеле, «дарога Беларусі ў Еўропу ідзе праз мост, а гэты мост стаіць на чатырох апірышчах: дэмакратыя, прававая дзяржава, правы чалавека, свабодныя і справядлівыя выбары».

Адказваючы на пытанне charter97.org, ці абмяркоўвае сёння Германія з кіраўніцтвам Расеі сітуацыю ў Беларусі і ці выпрацоўваюцца агульныя паходы да прэзідэнцкіх выбараў, улічваючы, што сёння Масква стала заяўляць пра масавыя парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне, у тым ліку выбарчых, Гіда Вестэрвеле адзначыў : «Не. Мы зараз разам са спадаром Сікорскім абмяркоўваем стасункі Беларусі з Еўразвязам».

Кіраўнік МЗС Германіі заявіў, што пасля вяртання дадому ён і Сікорскі звернуцца з сумеснай заявай да сваіх еўрапейскіх калегаў з заклікам накіроўваць прадстаўнікоў сваіх краінаў у Беларусь для назірання за выбарамі.

«Павінны прыехаць як мага больш назіральнікаў, каб сачыць за гэтымі выбарамі вельмі пільна», - заявіў Вестэрвеле.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках