25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

РТР: Беларускія ўлады будуць забіваць журналістаў пад прыкрыццём экспертаў АБСЕ (Відэа)

57
РТР: Беларускія ўлады будуць забіваць журналістаў пад прыкрыццём экспертаў АБСЕ (Відэа)

Сюжэт тэлеканала РТР у «Вестках тыдня» пра прававое бязмежжа ў Беларусі цэнзура зноў выразала з эфіру.

Падаем стэнаграму і ВІДЭА сюжэту:

Зусім іншая атмасфера, якая, зрэшты, шмат у чым вызначаецца перадвыбарчай кампаніяй, складваецца зараз у стасунках паміж Масквой і Менскам. Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні зноў зрабіў шэраг выпадаў у адрас Расеі. Дзмітры Мядзведзеў у сваім «Твітэры» на пытанне беларускага карыстальніка пра выбары кіраўніка Беларусі напісаў: «Да вашых выбараў стаўлюся максімальна паважліва. А пра вашага прэзідэнта я ўжо ўсё сказаў». Тым часам, у Менску на гэтым тыдні адбыўся мітынг апазіцыі, які ўлады насуперак звычаю не сталі разганяць.

Цэнтр Менска. Крыху менш за месяц да выбараў прэзідэнта. Зверху з вялікага манітора над галовамі тых, хто сабраўся, гучыць грозны голас чалавека ў пракурорскай форме. Намеснік начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзянаў абяцае сурова пакараць арганізатараў гэтай акцыі, а ў натоўпе то тут, то там узнікаюць супрацоўнікі спецслужбаў. На відэакамеры яны здымаюць твары прыйшоўшых.

Суадносіны з'яўлення ў эфіры Аляксандра Лукашэнкі 20 да аднаго не на карысць апазіцыі.

«Што тут казаць, калі за 2010 год толькі бульба падаражэла ў паўтары разы», - канстатуе Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні партыі «Беларускі народны фронт», кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Стасункі з Расеяй - перадвыбарчы канёк кандыдата Лукашэнкі. Найбліжэйшы сусед зараз вораг нумар адзін. Гэтым разам прэзідэнт незадаволены коштамі на расейскую зброю.

«Гэта не падыход, калі нам прапануюць купляць узбраенне самім і яшчэ па рынкавых коштах. На гэтым накірунку Расея зацікаўленая, каб нашая армія была ў парадку, таму трэба дапамагаць», - сцвярджае Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

«Увесь час Аляксандр Лукашэнка займаўся тым, што прасіў і браў у Расеі грошы. Ён, уласна, больш нічога не рабіў, толькі дурыў Расею: «дайце грошы, дайце грошы», - тлумачыць Уладзімір Някляеў, кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, лідэр грамадскай кампаніі «Гавары праўду».

Цяпер Лукашэнка чакае дапамогі ад Захаду. Візіт міністраў замежных справаў Польшчы і Германіі ў Менск. Міністры не хаваюць: гаворка ішла пра выбары, якія маюць адбыцца.

«У Беларусі зараз ёсць унікальны шанец. Калі выбары, пра якія мы казалі на нашай сустрэчы, будуць справядлівымі, дык Беларусь зможа карыстацца ўсімі перавагамі ва ўзаемаадносінах не толькі з Польшчай, але і ўсёй Еўропай», - мяркуе Радаслаў Сікорскі, міністр замежных справаў Польшчы.

Тры мільярды еўра ў наступныя тры гады паабяцалі Беларусі ў выпадку, калі перадвыбарчая гульня будзе весціся па правілах. Але апазіцыя называе кампанію, якая адбываецца, ілюзіяй, а дазволеныя мітынгі і тэлеэфір - шырмай, створанай усяго толькі для атрымання еўрапейскіх грошай.

«Галоўная задача рэжыму з таго часу - фальсіфікацыя выбараў. Назіральнікаў не дапускаюць да падліку галасоў. Ніводны рэферэндум і ніводныя выбары не прызнаныя Еўропай», - канстатуе Андрэй Саннікаў, кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

На гэтым тыдні Лукашэнка гутарыў з карэспандэнтам французскай «Фігаро».

«Адзінае, што я хачу: каб Еўропа ў тым ліку ведала, што за Лукашэнку прагаласаваў народ», - кажа Аляксандр Лукашэнка.

Круты разварот ад Расеі ў бок Еўразвяза не мог застацца незаўважаным. Як быццам сігнал «мы шануем вашыя намаганні» - пацверджанне экспертамі АБСЕ афіцыйнай версіі гібелі заснавальніка вядучага апазіцыйнага сайта «Хартыя'97» Алега Бябеніна. У верасні Бябенін быў знойдзены павешаным у сябе на лецішчы пад Менскам. Не асабліва ўдаючыся ў падрабязнасці, спецыялісты з Нарвегіі і Швецыі згаджаюцца з меркаваннем следства - шэраговае самагубства. Калегі і знаёмыя Бябеніна называюць гэта часткай вялікай палітычнай гульні.

«Гэтыя людзі знаходзіліся ў Беларусі толькі тры дні і яны самі пацвярджаюць, што не праводзілі расследавання, а рабілі заключэнні толькі на падставе дакументаў, пададзеных «лукашэнскаўскай» пракуратурай і міліцыяй», - кажа Зміцер Бандарэнка, кіраўнік перадвыбарчага штаба кандыдата на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

«Сёння беларускія ўлады разумеюць, што могуць спакойна забіваць журналістаў. А эксперты з АБСЕ будуць заплюшчваць вочы», - абураецца Наталля Радзіна, рэдактар інтэрнэт-выдання «Хартыя'97».

Усё ў тым жа інтэрв'ю французскаму журналісту Аляксандр Лукашэнка робіць важную заяву. За спінай апазіцыі ён разглядзеў руку Расеі.

«Нашая так званая апазіцыя дзейнічае з пазіцыі «чым горш, тым лепш» Някляеў, Саннікаў - гэта тыя людзі, якія фінансуюцца Расеяй», - мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Апазіцыя адрэагавала хутка. На прэзідэнта паабяцалі падаць у суд за паклёп.

«У Лукашэнкі зараз сувязь з Масквой з'яўляецца адмоўным элементам. Ён хацеў пакрыўдзіць мяне, калі я кажу што Масква змяняе сваю пазіцыю, што Масква вельмі патрэбная, што Лукашэнка не партнёр для Расеі. Ну тое, што ён хлусіць - гэта мы ўсе ведаем», - кажа Андрэй Саннікаў, кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

На наступным тыдні ў Беларусі распачынаюцца перадвыбарчыя тэледэбаты. Дзеючы і, як упэўненыя ўсе без выключэння, будучы прэзідэнт Беларусі дэманструе выбаршчыкам сваю фізічную форму імправізаваным выхадам на корт супраць першай ракеткі планеты Каралін Вазняцкі і лепшай беларускай тэнісісткі Вікторыі Азаранкі. Ад удзелу ў тэлевізійным паядынку з палітычнымі апанентамі Аляксандр Лукашэнка адмовіўся.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках