25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Выбаркамы сфарміраваныя для фальсіфікацыяў

16

Працэдура падліку галасоў цалкам ці амаль цалкам закрытая ад назіральнікаў.

Магчымасці для фальсіфікацыі вынікаў галасавання ствараюць склад выбарчых камісіяў і прынцып іх фарміравання. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце «Беларусы і рынак» заявіў адзін з кіраўнікоў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алесь Бяляцкі.

Праваабаронцы негатыўна ацэньваюць вынікі такога этапу выбарчай кампаніі, як фарміраванне ўчастковых і тэрытарыяльных камісіяў. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Бяляцкі лічыць, што камісіі былі сфарміраваныя з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу, фактычна пад кантролем мясцовых адміністрацыяў.

У выніку, паводле яго словаў, прадстаўнікі дэмакратычных партыяў складаюць усяго 0,25% ад агульнай колькасці чальцоў выбаркамаў і будуць прадстаўленыя ў 3% участковых выбарчых камісіяў.

Начальнік – ранейшы

Важна, што камісіі часцяком фарміраваліся з людзей, якія прадстаўлялі адзін працоўны калектыў, прычым старшынём такіх камісіяў прызначаўся кіраўнік установы, у якой працуюць гэтыя людзі, гэта значыць іх непасрэдны начальнік.

«Такі прынцып фарміравання камісіяў выклікае вялікія пытанні, таму што дзяржаўныя службоўцы знаходзяцца пад адміністрацыйным кантролем. Як яны будуць лічыць галасы? Ці змогуць яны выказаць сваё меркаванне, калі ўбачаць нейкія парушэнні?» - задаецца пытаннем Бяляцкі.

На думку праваабаронцы, такі прынцып фарміравання камісіяў стварае ўмовы для фальсіфікацыяў вынікаў галасавання. Падобным чынам нідзе выбарчыя камісіі не фарміруюцца.

Што да этапу збору подпісаў, дык гэтая частка выбарчага працэсу, з пункту гледжання праваабаронцаў, прайшла ў істотна больш дэмакратычных умовах, чым гэта было, напрыклад, падчас папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў. Прынамсі, масавых затрыманняў палітычных і грамадскіх актывістаў не назіралася. Выпадкі ціску на чальцоў ініцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзідэнты былі адзінкавымі. «У гэтым плане стала лепш», - прызнае Бяляцкі.

У той жа час у праваабаронцаў ёсць сотні сведчанняў таго, што подпісы за Аляксандра Лукашэнку збіраліся з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу, а таксама людзьмі, якія не з'яўляюцца чальцамі яго ініцыятыўнай групы.

Непакой праваабаронцаў выклікала і тое, што назіральнікаў практычна паўсюдна не дапусцілі да працэдуры праверкі подпісаў. «Пры гэтым у нас ёсць дастаткова сур'ёзныя сігналы, што не ўсе кандыдаты сабралі належныя 100 тысячаў подпісаў. Таму мы лічым рэгістрацыю 10 кандыдатаў больш палітычным рашэннем, чым адлюстраваннем рэальнага становішча справаў», - кажа Бяляцкі.

Ацэньваючы сітуацыю ў цэлым, Бяляцкі адзначыў, што «бачная частка выбарчай кампаніі» стала больш свабоднай і дэмакратычнай. Аднак у самым галоўным, у працэдуры падліку галасоў, ніякіх сур'ёзных станоўчых зменаў няма.

Ці можна злавіць за руку?

Такім чынам, паўстае заканамернае пытанне: ці здольныя назіральнікі пракантраляваць падлік галасоў ці тым больш злавіць фальсіфікатараў за руку? Бо, як вучыць досвед папярэдніх выбараў, працэдура падліку галасоў цалкам ці амаль цалкам закрытая ад назіральнікаў.

«Злавіць за руку можна тады, калі ты маеш права лавіць за руку, - адзначае Бяляцкі. - Але калі ў цябе няма такога права і калі назіральнікаў за любыя заўвагі выстаўляюць з участкаў і патрабуюць, каб яны знаходзіліся не бліжэй за 10 метраў ад лічыльнай камісіі... Што пры такім раскладзе можна ўбачыць?» Рэальна - толькі спіны 12 чальцоў камісіі, якія адначасова лічаць стосы сваіх бюлетэняў, моўчкі запісваюць вынікі падлікаў на паперкі і перадаюць іх старшыні камісіі, які гэтак жа моўчкі складае пратакол паседжання.

Такім чынам, правы назіральнікаў вельмі абмежаваныя. Яны не атрымліваюць на рукі завераныя копіі пратаколу. Яны не прысутнічаюць пры перадачы гэтага пратаколу ў вышэйшую камісію. Яны не могуць атрымаць пісьмова зафіксаваны вынік папярэдняга галасавання.

«Усе гэтыя рэчы пакідаюць безліч шчылінаў для фальсіфікацыі вынікаў выбараў, і яны, вядома, ставяць пытанне пра легітымнасць гэтага выбарчага працэсу», - падкрэслівае Бяляцкі. Калі назіральнікаў і гэтым разам не дапусцяць да падліку галасоў, дык праваабаронцы не змогуць «гарантаваць, што вынікі выбараў насамрэч такія».

Бяляцкі таксама адзначыў, што вялікі непакой выклікае папярэдняе галасаванне. Бо ў гэтыя дні складаней за ўсё адсачыць, што адбываецца з выбарчымі скрынямі. Зараз з'явілася прапанова ўсталяваць кругласуткавае назіранне за ўчасткамі ў дні папярэдняга галасавання, але Бяляцкі сумняецца, што ўлады пойдуць на гэта.

«І мы, вядома, заклікаем людзей не ўдзельнічаць у папярэднім галасаванні, таму што ніхто не можа гарантаваць таго, што вашыя бюлетэні не будуць падмененыя», - заявіў праваабаронца.

Паралельнымі курсамі

Маніторынг ходу прэзідэнцкай кампаніі 2010 года праваабаронцы вядуць з самага першага дня. Цяпер у гэтай працы, па словах Бяляцкага, бяруць удзел каля 100 чалавек - гэта доўгатэрміновыя назіральнікі, якія знаходзяцца практычна па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Яны рыхтуюць штотыднёвыя і этапныя справаздачы. У апошнія 6 дзён выбарчага працэсу да іх далучацца яшчэ каля 700 кароткатэрміновых назіральнікаў.

Самі праваабаронцы плануюць паставіць пад назіранне 350 участкаў (з разліку па два чалавекі на ўчастак), гэта значыць прыкладна 5% ад іх агульнай колькасці. Гэтыя 350 участкаў будуць рассыпаныя па ўсёй тэрыторыі Беларусі, што дасць магчымасць атрымаць больш-менш агульную карціну па краіне.

Варта адзначыць, што паралельна з кампаніяй «Праваабаронцы за справядлівыя выбары» дзейнічае кампанія «За справядлівыя выбары 2010 года» пад кіраўніцтвам лідэра Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна і намесніка кіраўніка руху «За свабоду» Віктара Карняенкі. Па словах Бяляцкага, назіранне праваабаронцаў будзе «больш спакойным, акадэмічным», з мэтай зафіксаваць рэальную сітуацыю, у той час як кіраўнікі кампаніі «За справядлівыя выбары» хочуць весці працу больш дынамічна, спрабуючы актыўна спрыяць справядліваму і дэмакратычнаму падліку галасоў.

Бяляцкі паведаміў, што ўдзельнікі дзвюх кампаніяў абменьваюцца інфармацыяй і плануюць каардынаваць свае дзеянні, асабліва ў частцы назірання на ўчастках у дні галасавання.

Што датычыць такога пытання, як кантакт з міжнароднымі назіральнікамі, дык з місіяй АБСЕ праваабаронцы ўжо сустракаліся. «Тут кантакт ёсць, і ён будзе, - запэўніў Бяляцкі. - Мы і на папярэдніх выбарах заўсёды падтрымлівалі гэты кантакт і абменьваліся інфармацыяй».

Складаней справа ідзе з місіяй СНД. Праваабаронцы ўжо звярталіся да прадстаўнікоў місіі з прапановай пра сустрэчу, але пакуль тыя не знайшлі для гэтага часу.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках