25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Статкевіч-Лукашэнка: Вярні, што скраў! (Відэа)

237

У Беларусі, упэўнены кандыдат, самыя дарагія машыны і кватэры ў чыноўнікаў, квітнее карупцыя і хабарніцтва.

Выступаючы 30 лістапада ў эфіры Першага канала беларускага тэлебачання, кандыдат у прэзідэнты, лідэр аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч завочна адказаў дзеючаму кіраўніку дзяржавы, імя якога Статкевіч у сваіх выступах не называе, на пытанне, чаму апазіцыйны кандыдат удзельнічае ў выбарах, якія сам называе ілюзіяй, перадае БелаПАН.

Перад адказам Статкевіч папярэдзіў, што казаць будзе «ў той манеры, як ён звяртаецца да нас»: «Я ведаю, што ты цяпер бачыш і чуеш мяне. Я ўдзельнічаю ў тваёй ілюзіі, каб ты, нарэшце, закрыў свой тэатр «Ілюзіён» і перастаў нам паказваць свае фокусы-покусы з бюлетэнямі. Калі мільёны галасуюць «за», а атрымліваецца «супраць». У 1994 годзе бюлетэні лічылі, ты быў абраны на сумленных выбарах, і тэлебачанне ў цябе было. Вярні свабодныя выбары. Чаго ты баішся? Знойдуцца людзі, якія за цябе прагаласуюць. <…> Я табе 25% і другі тур гатовы гарантаваць. Правядзі выбары сумленна. Гэта толькі ад цябе залежыць, а не ад гэтых блазнаў кшталту парламента і кшталту ЦВК. Выйграеш сумленна — і мы прызнаем цябе прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а не самазванцам. Прайграеш сумленна — будзе ганаровая пенсія. Але, вядома, калі не будзе доказаў, што гэты ты аддаў каманду выкрасці, катаваць і забіць сваіх былых сяброў Захаранку і Ганчара. Забітыя, іх маці і дзеці таксама маюць права на справядлівасць. А можа, ты таму і за ўладу так чапляешся, што ты ў гэтым замяшаны? Вярні, што скраў! Вярні нам выбары!» — сказаў Мікалай Статкевіч.

Таксама Статкевіч заявіў, што гатовы гарантаваць «чалавеку, які займае пасаду прэзідэнта нашай краіны», 25% галасоў і другі тур.

«У нас не толькі імітацыя выбараў, у нас — імітацыя жыцця», — лічыць апазіцыйны палітык.

Звяртаючыся да выбаршчыкаў, кандыдат у чарговы раз заклікаў ні ў якім выпадку не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні і прыйсці на выбарчыя ўчасткі 19 снежня.

Мікалай Статкевіч папярэдзіў, што 19 снежня ў 20.15 ужо будзе ведаць сапраўдную сітуацыю, якая складваецца на выбарах, і запрасіў суграмадзянаў у гэты вечар на свае імяніны на Кастрычніцкай плошчы. Паколькі, паводле яго словаў, дзень галасавання — дзень святога Мікалая, а ён адзін Мікалай сярод кандыдатаў у прэзідэнты.

Кажучы пра акцыю апазіцыі 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы, Статкевіч заявіў, што беларускае тэлебачанне ілгала, паведаміўшы пра 150 чалавек, якія ўдзельнічалі ў ёй. У доказ ён прывёў фатаграфію, дзе ўдзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства было заўважна больш. «Беларускае тэлебачанне выкарыстоўваецца ўладай, каб вас падманваць, — сказаў Статкевіч, звяртаючыся да тэлегледачоў. — Вы не ведаеце, што адбываецца ў краіне».

У Беларусі, упэўнены кандыдат, самыя дарагія машыны і кватэры не ў бізнэсмэнаў, а ў чыноўнікаў, іх дзяцей і сваякоў, у краіне квітнее карупцыя, хабарніцтва, разбазарваюцца датацыі, а жыллё дарагое таму, што зямельныя ўчасткі для забудовы даюцца па блаце, адсутнічае канкурэнцыя.

Напісаць каментар 237

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках