25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Аракелян: «Прыходзьце і вы - паімправізуем разам!»

27
Павел Аракелян: «Прыходзьце і вы - паімправізуем разам!»

Адзін з лепшых джазмэнаў і саксафаністаў Беларусі мае намер прыйсці 19 снежня ў 20.00 на плошчу.

Артыкул Паўла Аракеляна «Імправізацыя на палітычную тэму» апублікаваны на сайце «Беларускія навіны»:

Вось шанцуе ж беларускім эстрадным артыстам. Ды і лакальным рокерам нядрэнна — бо для таго, каб атрымаць безлімітны эфір ці кавалачак гранта на «добрую справу», досыць пацешыць соцыум музыфікаванай крычалкай накшталт «Саня, пабудзь з намі!» ці «Дзе Віця, Саня?» Ну, на худы канец, можна назапасіцца шаблоннай песенькай пра моцную і незалежную Беларусь — тады можна атрымаць па маленькім бонусе ад усіх, нават не трэба змяняць тэкст, а ўсяго толькі пагуляць з часамі — цяперашнім і будучым. Карацей, прыгажосць, раскоша і шакаладныя цукеркі (сапраўды, не будзе ж раздаваць выспятка талерантны сярэднестатыстычны беларус).

А нам што рабіць? Нам, інструменталістам? Пераважна джазмэнам?

Мала таго, што нас, нібы і няма зусім, дык яшчэ адвечнае пытанне — чым пацешыць грамадскасць, каб пасля пацешыцца самому? Напісаць, можа, мутнаваты «Бацька-блюз?» Дык жа і цэнзура не прапусціць (гэта што яшчэ за блюз такі?!), і апазіцыя абавязкова ўгледзіць элемент прыстасаўленства. Паспрабаваць пры дапамозе абстрактных сродкаў намаляваць канкрэтны вобраз моцнага і перспектыўнага лідара? Зноў не тое — ну хто ж за абстракцыяй пойдзе? І так ужо 16 гадоў у краіне суцэльная абстракцыя са шматзначным тварам. Увогуле, як ні круці — імправізацыя на палітычную тэму нічога добрага не прадвесціць.

Вось мы і не лезем не ў сваю справу, а на ўсе пытанні, патупіўшы вочкі, адказваем, што творцу, маўляў, такімі прызямлёнымі справамі цікавіцца не належыць, а асабіста мне дык і пагатоў, таму што музычныя светы і вобразы ў маёй галаве выключаюць любую прагматычнасць і пошласць. Адказваем — і наперад на гастролі ва Украіну, Польшчу, Прыбалтыку, Расею... Бо там можна паграць сваю музыку, ды за гэта яшчэ і грошай дадуць (уяўляеце?!)

Але ў адсутнасці эфіраў, канцэртаў, працы і годнай аплаты мы неяк забыліся пра галоўнае: джаз — гэта свабода, пастаянны прагрэс. Мы забыліся, што ў 40-50-я гады мінулага стагоддзя гэтая музыка дапамагала змагацца за правы чарнаскурых. Мы на ўсё гэта забыліся...

Затое ў нас на ўсе палітычныя тэмы падрыхтавана выдатнае апраўданне — джазмэн заўсёды можа згадаць, што ён асабіста як раз такі свабодны, свабодны без аглядкі на соцыум, «бо гэта стан душы!». Але ж як прапаведваў Саламон Берк: «Мы не можам быць свабоднымі, пакуль хоць адзін з нас у ланцугах». А гэта значыць, што свабода — для ўсіх. Для нас, для вас, для простага сельскага камбайнёра, нават для таго суседа, што жыве зверху і з'яўляецца ганаровым чальцом «клуба аматараў перфаратара па вечарах і выходных».

Так што каюся — грэшны, пішу гэты артыкул, ахоплены шкурнай цікавасцю. Вельмі жадаецца працаваць у сваёй краіне, прадстаўляць яе за мяжой і не тлумачыць асабліва ўражаным замежнікам, што мы знаходзімся «somewhere in Russia». Жадаецца ствараць, абапіраючыся на свае духоўныя запатрабаванні, на запатрабаванні людзей з бліжэйшага атачэння, а не аднаго чалавека-ў-многіх-тварах. Вельмі жадаецца ганарыцца сваім прэзідэнтам, а не чырванець, прагледжваючы рэпартаж з чарговага форуму ці з'езду.

Менавіта таму 19 снежня ў 20.00 я буду на плошчы. Прыходзьце і вы — паімправізуем разам!

Хей-хо!

Прамысловасць квітнее,

Тавары пад знакам якасці.

Хей-хо!

Правы чалавека на ўзроўні

Мора і крышачку справа.

Хей-хо!

Заробкі высокія,

Нізкія кошты.

Хей-хо!

Мы будзем спяваць і скакаць

На штодзённых дажынках.

Хей-хо!

І я хачу жыць у такой краіне!

Хей-хо!

Павел Аракелян. З 2006 года прэса называе яго лепшым джазмэнам і саксафаністам Беларусі. Працуе ў кірунку сучаснага джаза пад уплывам авангарда і мультыстылістыкі. З 17 гадоў выступае на фэстах міжнароднага ўзроўню. Сярод найбольш гучных праектаў з яго ўдзелам — фьюжн-група Apple Tea, хардбопавы калектыў Speakeasy, Svet Boogie Band і ўласны праект The Outsiders. У чэрвені 2008 года The Outsiders сталі ўладальнікамі першай прэміі міжнароднага конкурсу джазавых выканаўцаў у рамках фэсту «Сядзіба. Джаз», абыйшоўшы каля тысячы прэтэндэнтаў.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках