25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Радыё Свабода»: Саннікава ў Магілёве сустрэлі поўнай залай і авацыямі (Фота)

21

Учора ў Магілёве адбылася сустрэча кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава з выбарцамі.

На сустрэчу ў Дом культуры чыгуначнікаў прыйшло больш за 500 чалавек. Cустрэча стала самай масавай з усіх, што правялі кандыдаты ў прэзідэнты ў Магілёве, перадае «Радыё Свабода».

Разам з Саннікавым на сустрэчу прыехалі яго давераныя асобы: былы міністр абароны Павал Казлоўскі, экс-старшыня Вярхоўнага савета 12-га склікання Мечыслаў Грыб, журналістка Ірына Халіп. Кожны з іх патлумачыў, чаму ён падтрымлівае кандыдата, і чаму трэба мяняць цяперашнюю ўладу. Найбольш рэзка пра гэта казала Ірына Халіп:

«Цяперашняя ўлада была законнай толькі першыя два гады. Мы ўсе памятаем, як Аляксандра Лукашэнку беларусы абралі прэзідэнтам. Мы памятаем, як ён прысягаў на Канстытуцыі, якую ён парушыў самым хамскім чынам. Ён знішчыў парламент, ператварыўшы яго ў сваю канцылярыю. І ўвесь гэты час ён нам хлусіць», - сказала Ірына Халіп.

Сам Андрэй Саннікаў прамаўляў каля паўгадзіны.

«Мая праграма называецца «Моцная Беларусь для свабодных людзей». І аднаго без другога быць не можа. Стратэгічная мэта — гэта інтэграцыя ў Еўразвяз. Захаванне стратэгічнага партнёрства з Расеяй. Рэалізацыя ўсяго патэнцыялу стасункаў з Украінай.

Беларусь сталася ізгоем. І тое, што нас называюць з-за Лукашэнкі апошняй дыктатурай у Еўропе — гэта ганьба для краіны, але справядліва», - заявіў Андрэй Саннікаў.

Пытанняў да Саннікава было шмат. Паскардзілася яму і магілёўская шматдзетная маці Наталля Шкадун, якая распачала галадоўку — яна дамагаецца паляпшэння жыллёвых умоваў для сваёй сям’і.

Саннікаў адказаў, што ведае пра яе праблему.

«Я не ведаю, што я магу зараз зрабіць, каб вас падтрымаць. Я дакладна ведаю, што ні Лукашэнка вам не дапаможа, ні ягоныя давераныя асобы. Ніхто. Бо гэта і ёсць адносіны Лукашэнкі да свайго народу», - падкрэсліў Саннікаў.

Таксама было зададзенае пытанне, чаму не было пададзена заявы на правядзенне мітынгу 19 снежня, і чаму гэтыя акцыя будзе несанкцыянаванай.

«Нават у лукашэнкаўскай Канстытуцыі ёсць такое палажэнне — «прымат міжнароднага права», і, паводле міжнароднага права, кожны народ мае права абіраць сваё кіраўніцтва і пратэставаць супраць правядзення несумленных, сфальсіфікаваных выбараў, - падкрэсліў кандыдат у прэзідэнты Беларусі.

Сустрэча з Саннікавым скончылася воклічамі «Жыве Беларусь!» і працяглым авацыямі.

Тым часам у магілёўскім будаўнічым каледжы праходзіла іншая сустрэча — з даверанай асобай Лукашэнкі. На яе прыйшло усяго дзесяць чалавек.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках