25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выкладчыкам «параілі» ветліва загнаць студэнтаў на датэрміновае галасаванне

45

У сталічных вну поўным ходам ідзе падрыхтоўка да прымусовага датэрміновага галасавання студэнтаў.

Напрыклад, з выкладчыкамі некаторых факультэтаў БДУ да адкрыцця «ўсебеларускага сходу» ужо праведзеныя размовы, каб яны «ветліва папрасілі» сваіх студэнтаў прыходзіць на заняткі з пашпартамі. Чакаецца, што пашпарты спатрэбяцца для датэрміновага галасавання. Пра гэта «Праваабаронцам за свабодныя выбары» паведамілі выкладчыкі БДУ, якія пажадалі застацца неназванымі з-за страху страціць сваю працу.

Па словах выкладчыкаў, адным з першых быў праведзены «інструктаж» па датэрміновым галасаванні ў інстытуце журналістыкі БДУ. Пры гэтым выкладчыкам раілі не ўжываць да студэнтаў адкрыты прымус і запалохванне, а ветліва пераконваць іх аддаць голас датэрмінова, бо на журфаку вучацца вельмі «разумныя дзеці». Студэнты гэтага факультэта, з якімі атрымалася паразмаўляць, кажуць, што тэма датэрміновага галасавання з вуснаў выкладчыкаў яшчэ не гучыць - «пакуль ціха». Але выкладчыкі сцвярджаюць, што ім даручана да 14 снежня «патлумачыць» студэнтам неабходнасць такога кроку.

Звесткі аб падрыхтоўцы да датэрміновага галасавання паступілі таксама з Менскага універсітэта культуры. Па словах аднаго з выкладчыкаў гэтай навучальнай установы, да 6 снежня ўжо былі гатовыя спісы студэнтаў, і галасаванне магло таемна распачацца ледзь не адначасова з «усебеларускім сходам». На заўвагу пра тое, што пачатак папярэдняга галасавання ў такі тэрмін груба парушае дзеючы Выбарчы кодэкс, суразмоўца эмацыйна заўважыла: «Якія законы?! Вы што? Думаеце, мы ў казку патрапілі?»

Выкладчыкі нагадалі таксама пра выпадкі рэпрэсіяў у дачыненні да студэнтаў, якія на мінулых выбарах адмовіліся галасаваць датэрмінова. Асабліва лёгка ўздзейнічаць на іншагародніх навучэнцаў: пасля адмовы іх проста выселілі са студэнцкага інтэрната - нібыта таму, што няма месцаў.

Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае пачатак датэрміновага галасавання не раней чым за пяць дзён да асноўнага дня выбараў, у дадзеным выпадку - з 14 снежня.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках