25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супраць сайта charter97.org узбуджаная трэцяя крымінальная справа

44
Супраць сайта charter97.org узбуджаная трэцяя крымінальная справа

У рамках гэтай крымінальнай справы будуць зноў даследаваныя канфіскаваныя ў сайта кампутары.

Пра гэта журналістцы сайта charter97.org Наталлі Радзінай паведаміў начальнік следства пракуратуры горада Менска Сяргей Іваноў.

Іваноў паведаміў, што новая крымінальная справа ўзбуджаная на падставе інфармацыі, выяўленай у тэхніцы, канфіскаванай у Наталлі Радзінай, а таксама журналісткі расейскай «Новай газеты», жонкі кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыны Халіп, журналістак газеты «Народная воля» Святланы Калінкінай і Марыны Коктыш.

Супрацоўнік пракуратуры адмовіўся паведаміць, па якім артыкуле ўзбуджаная крымінальная справа. Адзначыў толькі, што хуткім часам будзе праведзеная яшчэ адна (ужо трэцяя!) экспертыза канфіскаванай у журналістак тэхнікі.

У якім статусе будуць выступаць журналісткі ў новай крымінальнай справе, Іваноў не паведаміў. «Будзе неабходнасць – прыцягнем вас у якасці сведак», - дадаў ён.

«Падобна, беларускія пракуроры вырашылі пайсці на рэкорд. Гэта ўжо трэцяя крымінальная справа супраць сайта charter97.org на працягу года. Паказальная карціна для свету, як у Беларусі распраўляюцца з незалежнымі журналістамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Мэта зразумелая – паспрабаваць запалохаць, прымусіць маўчаць і, вядома, знайсці чарговую прычыну, каб не вяртаць канфіскаваную яшчэ 10 месяцаў таму тэхніку. Але гэтыя патугі смешныя. Працавалі і будзем працаваць, як бы ні спрабавалі перашкодзіць. А супрацоўнікам пракуратуры хочацца параіць - не пераследуйце журналістаў. І тады не прыйдзецца хуткім часам выконваць апошні запавет Лукашэнкі – «убачыш шчыліну - бяжы», - пракаментавала Наталля Радзіна.

«Мяне дзівіць, што ніхто наогул не інфармуе нас пра тое, што адбываецца з нашай тэхнікай, у чыіх руках яна знаходзіцца і хто ў ёй капаецца. Ніхто не кажа, у рамках якой такой новай крымінальнай справы яна будзе зноў даследавацца. Паводле логікі рэчаў, калі справа Гомельскім УУС была спісаная ў архіў, то тэхніку нам павінны былі вярнуць. Але замест гэтага распачынаецца нейкая новая крымінальная справа. З тых часоў, як у нас забралі тэхніку, прайшло больш за паўгады. За гэты час туды маглі напхаць чаго заўгодна -- яшчэ на некалькі крымінальных справаў хопіць... Спадзяюся, хуткім часам адказныя супрацоўнікі пракуратуры Менска знойдуць час, каб праінфармаваць нас пра тое, што адбываецца», - адзначыла Марына Коктыш.

Беларускія журналісткі Наталля Радзіна, Ірына Халіп, Святлана Калінкіна і Марына Коктыш пераследуюцца ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай нібы па факце паклёпу ў СМІ на былога начальніка Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа.

16 сакавіка ў офісах і кватэрах журналістак былі праведзеныя ператрусы і канфіскаваныя кампутары. У офісе charter97.org было канфіскавана больш за ўсё тэхнікі – 8 кампутараў. У астатніх журналістак таксама забралі працоўныя і хатнія кампутары. Першапачаткова супрацоўнікі міліцыі ў цывільным спрабавалі трапіць у арандаваную Наталляй Радзінай кватэру без прад'яўлення пастановы. Пры гэтым яны ўдарылі журналістку ў твар. У абскарджанні незаконных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі Радзінай было адмоўлена.

Нядаўна дадзеная крымінальная справа была запатрабаваная з Упраўлення ўнутраных спраў Гомеля кіраўніцтвам Менскай гарадской пракуратуры.

Яшчэ адна крымінальная справа была ўзбуджаная супраць сайта charter97.org за каментары чытачоў.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках