25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі раяць беларусам не марыць пра аўто, а думаць «глабальна»

61
Чыноўнікі раяць беларусам не марыць пра аўто, а думаць «глабальна»

Усё больш беларусаў незадаволеныя ўступленнем краіны ў Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам.

Уступленне Беларусі ў Мытны саюз прывяло да рэзкага падвышэння кошту размытнёўкі на ўвезеныя з-за мяжы аўтамабілі. Гэта выклікала вялікае абурэнне і спарадзіла сумнеў у неабходнасці такога саюза для простых людзей.

У адказ чыноўнікі кажуць, што гэтыя асцярогі выкліканыя неразуменнем усіх выгодаў Мытнага саюза.

«Еўрарадыё» вырашыла даведацца, якую карысць прынясе саюз шэраговаму беларусу.

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур шчыра абурыўся таму, што на Мытны саюз людзі глядзяць толькі скрозь прызму коштаў на аўтамабілі.

«Ацэнка Мытнага саюза, на здзіўленне, адбываецца толькі праз ацэнку кошту машыны. Калі просты чалавек страціць толькі на тым, што ён не зможа зараз увезці машыну, дык гэта адна страта і значэнне. А гаворка ідзе пра развіццё інвестыцыяў, пра развіццё рынка, пра стымуляванне новых працоўных месцаў больш эфектыўных. Гаворка ідзе пра зарабатную плату, пра падаткі, гаворка ідзе пра бюджэт!», - заявіў Тур.

А усё гэта, кажа чыноўнік, у нас з'явіцца дзякуючы стварэнню агульнай эканамічнай прасторы ад Берасця да Уладзівастока, па якой змогуць бесперашкодна песоўвацца беларускія тавары. І параіў жыхарам нашай краіны глядзець на жыццё больш глабальна, не абмяжоўваючы погляд прасторай уласнай кішэні.

«Мы павінны паглядзець на рэчы не з пазіцыі «Будзе ў мяне машына двухгадовая ці не?». Гэтую машыну, можа быць, будзе лепш набыць тут, калі тут будзе зборачны цэх і будуць новыя машыны і танней, і лепш, чым тая старызна, якую вязуць з-за мяжы. Самае галоўнае — гэта эканамічная прастора. З аднаго боку Лондан-Лісабон — эканамічная прастора, а з іншага боку Берасце-Уладзівасток — іншая эканамічная прастора. А мяжа наша! І ўсе выгоды адсюль», - перакананы чыноўнік.

Пра тое, што трэба глядзець далей, чым на сённяшні дзень, кажа і супрацоўнік прэс-службы Міністэрства замежных справаў Андрэй Папоў.

«Калі казаць пра тыя перавагі, якія мы чакаем ад уступлення ў Мытны саюз, дык я б проста заклікаў і журналістаў, і грамадзянаў паспрабаваць аналізаваць гэтую сітуацыю не з пазіцыі сённяшняга дня, а з сярэднетэрміновай перспектывы. А па некаторых пазіцыях — і аддаленай будучыні Беларусі», - заявіў Папоў.

І пералічыў тыя «плюсы» Мытнага саюза, пра якія, на погляд МЗС, павінен ведаць кожны грамадзянін краіны. Гэта ўжо згаданая адзіная эканамічная прастора, дзе з 1 ліпеня адмяняюцца ўсе мытныя пошліны ва ўзаемным гандлі трох краінаў.

Да таго ж, кажа, у падпісаным пакеце дакументаў па Мытным саюзе ёсць палажэнне, якое дазволіць прыцягнуць сур'ёзныя інвестыцыі для наладжвання зборкі легкавых аўтамабіляў у нашай краіне. Без пошлінаў можна ўвозіць у Беларусь сыравіну, тэхналагічнае абсталяванне, запчасткі і гэтак далей. І суцешыў таго, каму ўлетку не хопіць грошай набыць аўто па новых мытных пошлінах:

«Такому чалавеку можна сказаць, што калі эканоміка краіны будзе багацей, падвысіцца ўзровень зарплатаў па краіне, калі на нашай тэрыторыі дзейнічаюць высокатэхналагічныя вытворчасці з гарантаваным рынкам збыту, дык я не думаю, што для кожнага грамадзяніна такой краіны ў перспектыве будзе вялікай праблемай набыць аўтамабіль».

У адрозненне ад чыноўнікаў эканаміст Леанід Заіка сапраўды знайшоў некалькі перавагаў Мытнага саюза, якія зацікавяць кожнага чалавека. Прычым перавагаў, якія можна заўважыць не ў далёкай перспектыве, а ўжо праз некалькі дзён. Звязаныя яны з пастаўкамі ў нашую краіну расейскай нафты без выплаты пошлінаў. Цяпер, кажа, мы будзем яе атрымліваць па ўнутрырасейскім кошце.

«Мы можам купляць нафту па ўнутраных расейскіх коштах. У Расеі гэтая нафта перапрацаваная і ў выглядзе паліва прадаецца па 70 цэнтаў за літр. У нас — па 1 даляры. Калі мы рэалізуем гэтае пагадненне і зыходзім з духу і літары Мытнага саюза, 2 лютага мы зможам паехаць на запраўку і заліць паліва па 2 тысячы за літр. Вось і паглядзім, ці зробіць гэта беларускі ўрад», - кажа эксперт.

Яшчэ адна верагодная выгода саюзаная з роўнымі тарыфамі на газ.

«І кошты на газ павінны знізіцца да ўзроўня ўнутрырасейскіх. Я так лічу, што адсоткаў на 15-20 павінны патаннець камунальныя плацяжы для беларусаў. Пойдзем у сакавіку і паглядзім — колькі з нас возьмуць за ацяпленне», -- адзначае Заіка.

З-за адмены мытных плацяжоў патаннеюць, кажа эканаміст, і шмат якія тавары — канкурэнцыя! Вось толькі гэты «плюс» саюза можа стаць смяротным для некаторых айчынных прадпрыемстваў.

«Людзі павінны быць гатовыя да таго, што асобныя віды вытворчасці ў Беларусі прыйдзецца закрываць. Гэта і ёсць перавагі Мытнага саюза. У нас меншыя заводы, меншая краіна. І гэтыя невялікія неканкурэнтныя прадпрыемствы прыйдзецца закрываць. У гэтым няма нічога дзіўнага», -- сцвярджае эканаміст.

І нагадаў, што сёння з Расеяй у нас і без таго няма мытні, і пошліны не бяруцца. Аднак нашыя тавары ў апошні час расейцы купляць не спяшаюцца.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках