25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінадукацыі канчаткова адмовіла Таццяне Шапуцьцы

13
Мінадукацыі канчаткова адмовіла Таццяне Шапуцьцы

Першы намеснік міністра адукацыі нарэшце адказаў прэс-сакратарцы «Маладога фронту» Таццяне Шапуцьцы, адлічанай з юрфака БДУ за ўдзел у грамадзянскім форуме «Усходняга партнёрства».

«Усе дзеянні здзейсненыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Прававых падставаў для адмены загада аб Вашым адлічэнні з ліку студэнтаў 2 курса юрыдычнага факультэта няма», – кажацца ў афіцыйным адказе Аляксандра Жука, датаваным 28 студзеня.

Намеснік міністра адукацыі нагадвае Таццяне Шапуцьцы гісторыю залічэння на навучанне і адлічэння.

«У 2008 годзе за парушэнне пунктаў 3.1.4., 3.1.5 Правілаў унутранага распарадку ў БДУ да Вас ужытая мера ўздзеяння - вымова (загад БДУ 12.12.2008 №Л /арт-493).

У 2009 годзе Вы без паважлівых прычынаў адсутнічалі на занятках з 16 па 18 лістапада, што пацвярджаецца тлумачальнай запіскай. Вамі была парушаная Інструкцыя аб выдачы пісьмовых дазволаў на накіраванне грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія навучаюцца ў арганізацыях сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, на навучанне за мяжу, а таксама для ўдзелу на працягу навучальнага года ў спартыўных, культурных і іншых масавых мерапрыемствах, зацверджаная пастановай міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2005 №125.

Выкананне ў вызначаныя тэрміны патрабаванняў навучальнага плану, навучальных праграмаў, а таксама добры сярэдні бал паспяховасці студэнта не вызваляе ад выканання іншых абавязкаў, парушэнне якіх можа прывесці да ўжывання мераў дысцыплінарнага ўздзеяння», - кажацца ў адказе-адпісцы.

На заканчэнне Аляксандр Жук падагульняе: «Усе дзеянні здзейсненыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Прававых падставаў для адмены загада аб Вашым адлічэнні з ліку студэнтаў 2 курса юрыдычнага факультэта няма».

Таццяна Шапуцька і не спадзявалася пачуць навіны, якія б абнадзейвалі. Менавіта таму «Малады фронт» звярнуўся раней да міністраў адукацыі краінаў Еўрапейскага звяза з просьбай дапамагчы дзяўчыне атрымаць дыстанцыйную адукацыю за мяжой. Бо ў Беларусі галоўнае - не выкананне навучальных планаў і добрая паспяховасць студэнта, а выкананне чынавенскіх інструкцыяў.

28 студзеня Таццяну Шапуцьку выклікалі ў рэктарат БДУ (афіцыйны адказ падпісаны менавіта гэтай датай), каб дзяўчына забрала акадэмічную даведку.

Нагадаем, Таццяна Шапуцька была выключаная з універсітэта пасля ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасці ў межах ініцыятывы «Усходняга Партнёрства», які праходзіў у Брусэлі 16-17 лістапада. Нягледзячы на звароты да беларускіх уладаў еўрапейскіх дыпламатаў, вырашыць сітуацыю на карысць студэнткі, якую абвінавачвалі ў банальным прагуле заняткаў, не атрымалася. Не дапамагло нават абяцанне арганізаваць пікет у падтрымку студэнткі старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка, ад якога ён, праўда, пасля адмовіўся.

На форуме «Усходняга партнёрства» у Брусэлі Таццяна Шапуцька прадстаўляла беларускую грамадзянскую супольнасць. Яна сустракалася з кіраўніцтвам Еўрапейскіх краінаў і Еўразвяза, у тым ліку з Карлам Більтам-- міністрам замежных справаў Швецыі і камісарам ЕЗ па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Бенітай Ферэра-Вальднер. Яшчэ падчас працы форуму, даведаўшыся пра пагрозу выключэння Таццяны з універсітэта, Беніта Ферэра-Вальднер і Карл Більт, а таксама іншыя высокапастаўленыя ўдзельнікі Форума запэўнілі Таццяну Шапуцьку і ўдзельнікаў мерапрыемства ў тым, што будуць сачыць за развіццём падзеяў.

На фота: Таццяна Шапуцька з Карлам Більтам і Бенітай Ферэра-Вальднер

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках