25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камунальнікі разыграюць сярод даўжнікоў квіткі на канцэрты і прасы

5

У Баранавічах праводзіцца акцыя для тых, у каго запазычанасць за камунальныя паслугі складае тры і больш месяцаў.

У беларускіх гарадах працягваецца «вайна» з неплацельшчыкамі. У Магілёве неплацельшчыкаў паслалі на рамонт разліковага цэнтра, у Барысаве спісы тых, хто не аплачвае камунальныя паслугі, вывесілі ў грамадскім транспарце, а ў Смаргоні ім проста адключаюць ацяпленне і высяляюць, паведамляе «Еўрарадыё».

Нейкі час таму з'явілася інфармацыя, што камунальнікі Магілёва хочуць вывешваць партрэты неплацельшчыкаў на бігбордах. Але пакуль, кажа дырэктар Цэнтра гарадскіх інфармацыйных сістэмаў Аляксандр Селязнёў, да гэтага справа не дайшла. Хаця ад самой ідэі і не адмовіліся.

«Нашая задача — данесці да іх інфармацыю. Таму што шмат хто з іх цэлымі днямі п'е, не адчыняе дзверы нашым супрацоўнікам і, можа, нават не ведае пра тое, што яны павінны. Такім чынам мы хочам да іх данесці інфармацыю і, што больш важна, папярэдзіць іншых», -- заяўляе Аляксандр Селязнёў.

Затое з сённяшняга дня ў Магілёве распачалі іншую акцыю — неплацельшчыкі дапамагаюць ЖЭСу рамантаваць разлікова-касавы цэнтр.

«У нас зараз ідзе рэканструкцыя разлікова-касавага цэнтра. Там ёсць будаўнічыя працы, якія не патрабуюць якой-небудзь кваліфікацыі і асаблівых навыкаў. І на гэтыя працы мы спрабуем прыцягнуць тых, хто мае запазычанасць за камунальныя паслугі», -- кажа Селязнёў.

Аляксандр Селязнёў сцвярджае, што ўжо ёсць чатыры чалавекі, згодныя такім чынам адпрацаваць запазычанасць камунальнікам. У той жа час у Магілёве не адмаўляюцца ад карных мераў у барацьбе за грошы. Па словах Селязнёва, летась за нявыплату са сваіх кватэраў былі выселеныя 7 сем'яў. А што, кажа, рабіць, калі такіх запазычанасцяў назбіралася больш чым на 2,5 мільярда рублёў.

А вось камунальнікі Барысава, распавяла начальніца разлікова-даведачнага ўпраўлення ЖКГ Нона Леўта, павялі супраць неплацельшчыкаў сапраўдную псіхалагічную вайну.

«Мы ва ўсіх аддзяленнях барысаўскага «Бытсервіса» — цырульнях, майстэрнях па рамонце абутку і іншых — паўсюль развесілі інфармацыю, што тры кватэры на сённяшні дзень пераселеныя, што калі вы не аплаціце на працягу трох месяцаў, напісалі, на вас будзе аформлены выканаўчы надпіс у суд ці пазоў. А калі на працягу 6 месяцаў — дык аўтаматычна становіцеся ў чаргу на высяленне. І ва ўсіх аўтобусах мы размесцілі гэтую інфармацыю, на ўсіх шчытах», -- заяўляе Нона Леўта.

Акрамя гэтага, дамовіліся з банкамі, і тыя не выдаюць крэдыты тым, хто не плаціць за кватэру. Не абыйшлі камунальнікі сваёй увагай і заводы з прадпрыемствамі Барысава.

«Яны адпраўляюць нам спісы сваіх супрацоўнікаў, мы іх «прабіваем» па тэме неплацельшчыкаў і непасрэдна з тых спісаў «вышчамляем» тых, хто з'яўляецца дэбіторам. І працуем на месцах. Пагадзіліся нам заводы дапамагчы, і мы ўжо зараз пачынаем па гэтых спісах праводзіць працу», -- кажа Леўта.

Летась у Барысаве камунальнікі выселілі з двух- і трохпакаёвых кватэраў у аднапакаёвыя 3 сям'і. Апошняе высяленне знялі на відэа і паказалі сюжэт па мясцовым тэлебачанні.

А вось у Смаргоні, па словах юрыста мясцовага ЖКГ Ігара Дземянчонка, вырашылі не вынаходзіць ровар і ўздзейнічаюць на неплацельшчыкаў праверанымі сродкамі — карнымі.

«Перш за ўсё гэта — адключэнне камунальных паслугаў, афармленне пазоўных заваяў аб спагнанні запазычанасці, афармленне пазоўных заваяў на высяленне. Ну, і папярэджанне грамадзянаў у пісьмовым, вусным выглядзе, наведванне неплацельшчыкаў», -- распавядае Ігар Дземянчонак.

Летась у Смаргоні былі вымушаныя пераехаць на новае месца жыхарства тры сям'і неплацельшчыкаў. Чарговае высяленне намечанае на гэтую пятніцу. На акцыю запрасілі журналістаў мясцовых СМІ.

Баранавіцкія камунальнікі вырашылі змагацца з неплацельшчыкамі не пагрозамі, а розыгрышамі прызаў. Акцыя праводзіцца для тых, у каго запазычанасць складае тры і больш месяцаў. Паводле ўмоваў, калі мужчыны, уладальнікі кватэраў, выплацяць запазычанасць да 23 лютага, а ўладальнікі-жанчыны — да 8 сакавіка, дык у іх ёсць шанец атрымаць адну мікрахвалевую печку, адзін DVD-прайгравальнік, некалькі прасаў ці 10 квіткоў на канцэрт гурта «Атлантыка».

Як патлумачыў начальнік ЖРЭУ Баранавічаў Мікалай Капытнік, усё тое, што робяць іх калегі ў іншых гарадах, яны ўжо пераспрабавалі.

«Усё гэта, што ў Барысаве, Магілёве — гэта ўсё мы пераспрабавалі. Нават, можа, больш чым дзе. Адзінае што яшчэ — карыкатуры не малявалі. А так — спісы друкавалі, аўтадазвоны — гэта ўсё ў нас ёсць. Вось і вырашылі правесці такую акцыю да 23 лютага і 8 сакавіка — апошняя нашая надзея», -- заяўляе Мікалай Капытнік.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках