24 лiстапада 2024, Нядзеля, 21:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ўлады дэ-факта прызналі Абхазію

13

Амбасадар Беларусі ў Расеі прыме ўдзел у інаўгурацыі прэзідэнта непрызнанай рэспублікі Сяргея Багапша.

Акрамя кіраўнікоў расейскіх рэгіёнаў на цырымонію прыбудуць таксама амбасадары Нікарагуа і Венесуэлы - краінаў, якія прызналі незалежнасць рэгіёнаў Грузіі.

Як паведамляе ИТАР-ТАСС, урачыстая цырымонія ўступлення Сяргея Багапша на пасаду пройдзе 12 лютага ў будынку Абхазскай Дзяржаўнай філармоніі. Да яе пачатку кіраўнік Абхазіі і старшыня Савета Федэрацыі Расеі Сяргей Міронаў ускладуць кветкі да Мемарыяла Славы ў цэнтры Сухумі.

Паводле інфармацыі афіцыйнага прадстаўніка прэзідэнта непрызнанай Абхазіі па сувязях з прэсай Крысціяна Бжанія, для ўдзелу ў цырымоніі ў абхазскую сталіцу прыбудуць кіраўнікі 14 суб'ектаў Расейскай Федэрацыі, прэзідэнт Паўднёвай Асеціі Эдуард Какойты, лідэр Прыднястроўя Ігар Смірноў, мэр Масквы Юры Лужкоў.

Прысутнасць на цырымоніі Васіля Даўголёва выглядае, па меншай меры, непаразуменнем, паколькі Беларусь дагэтуль не прызнала незалежнасці Абхазіі, адзначае сайт udf.by.

Больш за год таму Абхазія і Паўднёвая Асеція звярнуліся з просьбай да беларускага «парламента» аб прызнанні незалежнасці. На гэты момант Паўднёвую Асецію і Абхазію прызналі толькі Расея, Венесуэла, Нікарагуа і карлікавая рэспубліка Наўру. Астатнія краіны лічаць Абхазію і Паўднёвую Асецію часткай Грузіі.

Пра тое, што Беларусь прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, Аляксандр Лукашэнка заявіў яшчэ ў верасні пазамінулага года. Аднак шматлікія незалежныя эксперты ацанілі гэтую заяву як гульню з Еўразвязам для атрымання крэдытаў.

У сакавіку 2009 года падчас сустрэчы з Сяргеем Багапшам Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Мы з прэзідэнтам Расеі ўжо абмяркоўвалі праблемы, якія тут, у гэтым рэгіёне, ёсць з пункту гледжання эканомікі і датычацца Беларусі. Тэмаў для гутаркі шмат, і перш за ўсё гаспадарчыя. Бо пасля здабыцця незалежнасці заўсёды справаў дадаецца. Мы будзем радыя, што з удзелам Беларусі атрымаецца вырашыць больш праблемаў, якія існуюць у гэтым рэгіёне».

У жніўні 2009 года падчас паездкі ў Сочы Лукашэнка ізноў сустракаўся з лідэрамі непрызнаных каўказскіх рэспублікаў. На ўказанне беларускага кіраўніка ў лістападзе Абхазію і Паўднёвую Асецію наведалі дэпутаты «палаты прадстаўнікоў».

Дэ-юрэ пытанне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Юнай Асеціі будзе разгледжанае беларускім «парламентам», у лепшым выпадку, у красавіку, а вось дэ-факта, як бачым, прызнанне ўжо адбылося.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках