25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Польшчы Качыньскі па-мужчынску пагаворыць з Сікорскім

8

Інфармацыя аб затрыманні актывістаў Саюза палякаў Беларусі ад самай раніцы абмяркоўваецца ва ўрадзе і СМІ Польшчы.

Дзеянні беларускай міліцыі называюцца «вайной з беларускімі палякамі» і «сапраўднай аблавай». У МЗС Польшчы сёння праходзіць спецыяльна скліканая нарада з удзелам міністра Радаслава Сікорскага, прысвечаная абмеркаванню гэтай праблемы.

Паводле словаў Mарэка Будзько, сакратара праўлення фонду «Свабода і дэмакратыя», у Еўрапейскага Звяза ёсць толькі два механізмы ўздзеяння на Беларусь: эканамічныя і «выязныя» санкцыі. У якасці эканамічных санкцый, лічыць Будзько, найбольш эфектыўным было б увядзенне эканамічнага эмбарга, паколькі 50% экспарту Беларусі ідзе ў ЕЗ. Акрамя гэтага, Еўрапейскі Звяз мусіць пашырыць колькасць неўяздных беларускіх чыноўнікаў. На думку былога польскага дыпламата, які быў у свой час высланы з Беларусі, Еўропа глядзіць крыху наіўна на Лукашэнку, лічачы, што гэта прэзідэнт, які можа трымаць слова.

Былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павал Коваль, цяпер дэпутат польскага парламента ад апазіцыйнай партыі «Права і Справядлівасць» падкрэслівае, што польская палітыка «больш мяккага падыходу» ў адносінах з беларускім кіраўніцтвам пацярпела фіяска. Беларускі рэжым расцаніў гэта не як жэст добрай волі, а як праяву слабасці.

Лукашэнка альбо не кантралюе сітуацыю ў сваёй краіне і міліцыя тут робіць, што хоча (а ў гэтым выпадку надзея, што такая палітыка прынясе эфекты, гэта ілюзія), альбо ён - нелаяльны партнёр. Павал Коваль таксама лічыць, што патрэбны санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Называць санкцыямі забарону для ўезду ў ЕЗ усяго некалькіх дзесяткаў беларускіх чыноўнікаў - гэта перабольшанне, кажа польскі палітык.

Партыя «Права і Справядлівасць» збіраецца зрабіць адмысловую заяву ў сувязі з масавымі затрыманнямі беларускіх палякаў. У сваю чаргу, Саюз дэмакратычных левых сіл прапанаваў склікаць паседжанне парламенцкай камісіі па замежных справах і выклікаць на яе міністра Радаслава Сікорскага. Польскія парламентарыі не выключаюць, што звернуцца ў Раду Еўропы.

На 16.00 прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі запрасіў міністра замежных спраў у Прэзідэнцкі палац, каб абмеркаваць сітуацыю, звязаную з затрыманнем прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках