25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кандыдатаў адпраўляюць шукаць інфармацыю аб выбарах на «сайтах-нявідзімках»

2

Выбарчая кампанія ў мясцовыя Саветы дэпутатаў у Беларусі праходзіць з масавымі парушэннямі.

Лідэры палітычных партыяў скардзяцца на тое, што мясцовыя ўлады перашкаджаюць рэгістрацыі кандыдатаў у тэрытарыяльныя камісіі па выбарах. Таксама практычна ва ўсіх буйных гарадах у шматлюдных месцах забаранілі праводзіць пікеты ў грамадскіх месцах.

Нядаўна лідэры аршанскіх палітычных партыяў звярнуліся з скаргамі ў шэраг інстанцыяў адносна таго, што ім не было паведамлена пра час і месца сумеснага паседжання раённага выканкама і прэзідыюма раённага Савета дэпутатаў, на якім прымалася рашэнне аб фармаванні раённай тэрытарыяльнай камісіі па выбарах, паведамляе сайт spring96.org.

Неўзабаве аршанскія апазіцыянеры атрымалі адказ ад мясцовага райвыканкама. У адказе было сказана, што «інфармацыя аб месцы і часе правядзенні сумеснага паседжання прэзідыюма Аршанскага раённага Савета дэпутатаў і Аршанскага раённага выканаўчага камітэта была размешчаная 26 студзеня 2010 года на Інтэрнэт-сайце «Выбары-2010». Пра тое, па якім адрасе ў інтэрнэце знаходзіцца гэты нікому не вядомы сайт, не паведамляецца. Пакуль усе спробы пошуку такога інтэрнэт-рэсурсу поспехам не скончыліся.

Акрамя таго, улады не спяшаюцца інфармаваць аб уключэнні ў склад камісіяў апазіцыянераў. У Бабруйску жаданне патрапіць у акруговыя камісіі выказалі сем актывістаў ініцыятыўнай групы па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Але ніводзін з вылучэнцаў у склад камісіяў не прайшоў.

Пра тое, што яны не прайшлі ў акруговую камісію, амаль усе бабруйчане даведаліся з абласной газеты. Па тэлефоне гэтую інфармацыю далі толькі аднаму чалавеку - іншым параілі набыць «Магілёўскія ведамасці».

У Мазыры і ўвогуле 14 лютага, у першы дзень рэгістрацыі ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты выбарчыя камісіі не працавалі. Тыя, хто складаў графік працы Мазырскай раённай камісіі, акруговых камісіяў, не ўлічылі патрабаванняў Выбарчага кодэкса.

У цэлым па рэспубліцы ўлады распачалі шэраг мераў, каб абмежаваць магчымасць апазіцыянераў праводзіць пікеты і збіраць подпісы.

Напрыклад, рашэнне Берасцейскага гарвыканкама аб вызначэнні забароненых месцаў для правядзення пікетавання па зборы подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя Саветы аўтаматычна выціскае ініцыятыўныя групы кандыдатаў на задворкі горада.

Апазіцыянеры лічаць, што прыняццё такіх рашэнняў значна пагаршае сітуацыю са зборам подпісаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках