25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta Wyborcza: «Гэта Лукашэнка выгнаў беларускую мову са школ і вядзе народ у мінулае»

21
Gazeta Wyborcza: «Гэта Лукашэнка выгнаў беларускую мову са школ і вядзе народ у мінулае»

Беларускаму дыктатару няма ў чым абвінаваціць Польшчу і беларускіх палякаў. Гэта ён вядзе вайну супраць усяго беларускага народа.

Сёння дзве вядучыя польскія газеты, «Gazeta Wyborcza» і «Rzeczpospolita», шырока асвятляюць прысуд Валожынскага суда аб перадачы Польскага дома ў Івянцы праўладнаму Саюзу палякаў, а таксама затрыманні Анжалікі Борыс і яе паплечнікаў, якія спрабавалі трапіць на суд у Валожын.

«Працэс прайшоў з грубым парушэннем усіх заканадаўчых нормаў. Мяне, хоць я і была заяўлена як сведка, не пусцілі ў будынак суда. Адваката Тэрэзы Собаль міліцыя затрымала па дарозе на слуханні справы, і ён быў вымушаны спазніцца», - распавяла польскім журналістам старшыня непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс.

«Gazeta Wyborcza» адзначае, што ў дзень суда газета адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия» апублікавала артыкул з нападам на дзеячаў незалежнага Саюза палякаў. Аўтар гэтага артыкула, піша «Gazeta Wyborcza», сцвярджае, што Тэрэза Собаль крадзе грошы, якія Варшава дасылае сваім суайчыннікам у Беларусі, і што яна дзеліць беларускіх палякаў на «лепшых і горшых». «Советская Белоруссия» таксама цытуе жыхарку Івянца, якая нібыта сказала газеце, што Анжаліку Борыс трэба выгнаць у Польшчу.

«Калі яны пішуць такія рэчы, гэта значыць, што яны прызналі мяне асобай, якая пагражае іх рэжыму. У прынцыпе. Я павінна ганарыцца гэтым. Але яны не могуць мяне выкінуць. Я - грамадзянка Беларусі, я нават не выступала за тое, каб атрымаць Карту паляка. Я маю поўнае права жыць у гэтай краіне», - пракаментавала артыкул у «Советской Белоруссии» Анжаліка Борыс.

Аўтар артыкулу ў «Gazecie Wyborczej», Вацлаў Радзівіновіч, у сваім каментары да канфлікту вакол Саюза палякаў, напісаў:

«Можна было б зразумець паводзіны Лукашэнкі, калі б ён імкнуўся адрадзіць самасвядомасць народа, мову, развіваў беларускую культуру. У такім выпадку ён, мабыць, і мог бы баяцца, што польскасць з'яўляецца пагрозай. Але ж гэта ён выгнаў беларускую мову са школ, гэта ён вядзе народ пад сталінскім сцягам проста ў бальшавіцкае мінулае. (...) Малюнкі як з ранніх гадоў бальшавіцкай улады. Прыгадаем тую гісторыю. Бальшавікі пачыналі з канфіскацый і прымусовай высылкі няўгодных за мяжу. І памятаем, што потым было толькі горш».

Учорашні нумар газеты «Rzeczpospolita» апублікаваў артыкул Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, дырэктаркі «Белсата», у якім яна аналізуе палітыку Польшчы ў дачыненні да Беларусі. Кажучы пра тое, якія меры Польшча павінна прыняць у адказ на апошнія падзеі вакол Саюзу палякаў, Рамашэўская-Гузы піша:

«Мне здаецца, што ўвядзенне забароны на перасячэнне польскай мяжы для асоб, якія замешаны ў рэпрэсіях - і не толькі ў рэпрэсіях супраць польскай меншасці, але і ў парушэнні правоў чалавека - гэта добры напрамак дзеяння. Магчыма, Польшча павінна прапанаваць увядзенне забароны на ўезд для такіх асоб ва ўсю шэнгенскую зону».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках