25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўразвяз абмяркуе санкцыі супраць беларускага рэжыму

13
Еўразвяз абмяркуе санкцыі супраць беларускага рэжыму

Адрэагаваць на арышты ў Беларусі актывістаў Саюза палякаў заклікаў Раду міністраў Еўрапейскага Звяза Сейм Польшчы.

Як паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на еўрапейскія СМІ, падчас свайго паседжання ў панядзелак у Брусэлі Рада міністраў ЕЗ, акрамя абмеркавання пытанняў стварэння еўрапейскага знешнепалітычнага ведамства і стасункаў з Расеяй, павінна правесці кансультацыі адносна санкцыяў у дачыненні да беларускіх уладаў.

Менавіта такім чынам польскі парламент заклікаў Брусэль адрэагаваць на арышты ў Беларусі прадстаўнікоў Саюза палякаў. Масавыя арышты і пераслед сябраў гэтай няўрадавай арганізацыі прайшлі на мінулым тыдні ў Івянцы.

Партыя прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага «Права і справядлівасць» таксама патрабуе ад Брусэля ўвядзення гандлёвага эмбарга супраць Беларусі. Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Ян Баркоўскі напярэдадні заявіў: «Перад беларускімі ўладамі выбар: выконваць дэмакратычныя стандарты, якія існуюць у Радзе Еўропы і Еўразвязе, ці адмовіцца ад іх, і тады нам прыйдзецца рабіць больш рашучыя крокі, уключаючы эканамічныя санкцыі».

Раней паведамлялася, што на паседжанне Рады міністраў ЕЗ, якое мае адбыцца ў панядзелак, таксама запрошаныя старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс і лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Нагадаем, што 17 лютага Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю, якая асуджае дзеянні беларускіх уладаў. «У сувязі з новай хваляй рэпрэсіяў супраць Саюза палякаў у Беларусі, а таксама яго актывістаў, парламент лічыць, што варта вярнуць палітыку санкцыяў у дачыненні да Беларусі» -- сказана ў рэзалюцыі, прапанаванай спікерам Сейма Браніславам Камароўскім.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках