25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кэтрын Эштан паразмаўляе з Мартынавым на інаўгурацыі Януковіча

7

Сітуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася на паседжанні Рады міністраў Еўрапейскага Звяза.

На прэс-канферэнцыі па выніках паседжання Рады міністраў замежных справаў ЕЗ Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан распавяла, што гэтая тэма была ў парадку дня дыскусіі кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў 27 краінаў звяза, паведамляе «Інтэрфакс».

«Гэтыя падзеі азначаюць крок назад у нашых стасунках, - падкрэсліла яна. - ЕЗ у апошні час прадэманстраваў значную адкрытасць у прыцягненні Беларусі, у тым ліку ўключыўшы яе ў палітыку Усходняга партнёрства».

«Мы не абмяркоўвалі якія-небудзь санкцыі, - адзначыла Эштан. - Мы абмяркоўвалі магчымасці размовы на гэты конт з міністрам замежных справаў Беларусі. Я спадзяюся сустрэцца з ім ва Украіне, калі ён будзе там падчас інаўгурацыі прэзідэнта Віктара Януковіча» .

Разам з тым, падкрэсліла Эштан, еўрапейскі камісар, адказны за стасункі з краінамі Усходняга партнёрства, Штэфан Фюле «ужо звязаўся з Менскам, яго пасланне было вельмі выразным, і мы працягваем уважліва сачыць за развіццём падзеяў».

«Рада міністраў замежных справаў ЕЗ вернецца да гэтай тэмы на сваім наступным паседжанні і будзе дзейнічаць у залежнасці ад сітуацыі», - дадала Эштан.

У сваю чаргу міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі паведаміў, што яго калегі з іншых краінаў Еўразвяза маюць намер папрасіць вярхоўнага прадстаўніка па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан і Еўракамісію перагледзець стасункі з Беларуссю. Па словах кіраўніка польскага МЗС, у канфлікце з палякамі ва ўладаў Беларусі «яшчэ ёсць час адступіць, і я спадзяюся, што гэта адбудзецца».

«Я буду размаўляць з калегамі і прасіць пра салідарнасць. Каб яны дапамаглі Беларусі ўсвядоміць, якія важныя магчымасці яна можа стаціць, калі працягне палітыку пераследу», - заявіў Радаслаў Сікорскі, перадае «Еўрарадыё».

На думку польскага міністра, Еўразвязу неабходна «працягнуць і ўзмацніць нашую палітыку кандыцыйнасці да Беларусі». «Маю на ўвазе, што Беларусь можа імкнуцца ў розныя заходнія інстытуты пры ўмове, калі будзе паляпшэнне ў сферах правоў чалавека, адносінаў да нацыянальных меншасцяў і апазіцыі», - патлумачыў кіраўнік МЗС Польшчы.

Прадстаўнікоў неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі, на якіх у апошні час аказваюць ціск беларускія ўлады, Радаслаў Сікорскі называе ахвярамі пераследу «менавіта таму, што яны з'яўляюцца беларускімі грамадзянамі».

«Мы лічым, што краіны, якія спадзяюцца граць актыўную ролю ў добрасуседскай палітыцы, павінны рухацца да нашых стандартаў у дачыненні да меншасцяў. І Беларусь выдатна ведае пра ўмовы ЕЗ для паляпшэння стасункаў», - заявіў кіраўнік МЗС Польшчы.

Нагадаем, Саюз палякаў Беларусі быў утвораны ў 1990 годзе і аб'яднаў польскія культурна-асветніцкія таварыствы ў гэтай краіне. У выніку правакацыяў уладаў ён раскалоўся на два крыла ў 2005 годзе. Актывістаў непрызнанага СПБ узначальвае Анжаліка Борыс.

8 лютага судовыя выканаўцы зрабілі вопіс маёмасці Дома польскага ў Івянцы, выгнаўшы з будынка сябраў неафіцыйнага СПБ. Кіраўніцтва арганізацыі расцаніла гэта як «захоп» і звярнулася па падтрымку да польскіх уладаў.

10 лютага актывісты непрызнанага Саюза правялі мітынг. За яго арганізацыю былі арыштаваныя і пакараныя штрафам лідэры СПБ, у тым ліку сама Анжаліка Борыс.

16 лютага прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі накіраваў спецыяльнае пасланне Аляксандру Лукашэнку, у якім выказаў сваю «занепакоенасць і рашучы пратэст у сувязі з рэпрэсіямі супраць Саюза палякаў Беларусі, якія ўзмацняюцца».

У той жа дзень вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан асудзіла дзеянні беларускай міліцыі ў дачыненні да Саюза палякаў і «спробы ўладаў навязаць польскай супольнасці новае кіраўніцтва». Яна заявіла, што сітуацыя вакол СПБ падрывае высілкі ЕЗ па наладжванні стасункаў з афіцыйным Менскам.

17 лютага спрэчны дом у Івянцы Менскай вобласці перайшоў ва ўласнасць афіцыйнага Саюза палякаў Беларусі (СПБ), лаяльнага рэжыму Лукашэнкі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках