25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўніцу-апазіцыянерку не пусцілі на «выбары»

5

Настаўніца гісторыі з Талька, сябра Партыі БНФ Наталля Іллініч збіралася балатавацца ў мясцовы Савет дэпутатаў.

Наталля Іллініч - адна з шасці настаўнікаў Менскай вобласці, ад якіх 15 студзеня ў сваім кабінеце начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Таісія Данілевіч ва ўльтыматыўнай форме патрабавала выйсці з палітычных партый ці звольніцца са школы па ўласным жаданні. Іллініч і трох яе калег пагрозы не напалохалі, з партый яны не выйшлі. З працы іх таксама ніхто не звольніў, нагадвае «Народная Воля».

«Але ўвесь час адчуваю «ўвагу» з боку начальнікаў ад адукацыі, -- кажа Наталля Іллініч. -- У лютым нібыта з-за дрэннага надвор'я не далі правесці метадычнае аб'яднанне для настаўнікаў раёна. Зараз ліквідавалі мой метадычны дзень, і цяпер ва ўсе дні тыдня ў мяне ёсць урокі. Спачатку было абвешчана, што з-за мяне нібыта ўсе настаўнікі будуць пазбаўленыя метадычнага дня, але пакуль я - адна... Але і гэта яшчэ не самае непрыемнае і агіднае».

Настаўніца збіралася ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата ў дэпутаты, але начальства школы перашкодзіла ёй гэта зрабіць.

«Я збіралася вылучыць сваю кандыдатуру ў дэпутаты мясцовага сельскага Савета. Прасіла адміністрацыю школы правесці сход калектыву, на якім хацела папрасіць калег падтрымаць маю ініцыятыву. Дырэктар школы мне адмовіла, сказала, што, маўляў, не хоча, каб школа фігуравала ў гэтай кампаніі. Я вырашыла, што гэта тычыцца ўсёй выбарчай кампаніі. Але ў сераду, калі ў мяне быў выходны (метадычны дзень тады яшчэ не забралі), у школе адбыўся сход, на якім прысутнічаў старшыня сельскага Савета. І за маёй спіной калектыў школы вылучыў на выбары іншага настаўніка, чалавека вертыкалі, які ўжо быў «дэпутатам»... Думаю, што ўсе гэтыя дзеянні дырэктар робіць не з уласнай ініцыятывы»- заяўляе Наталля Іллініч.

Настаўніца паспрабавала зноў зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу, але і на гэтым этапе яе чакалі «сюрпрызы».

«Я ўсё роўна вырашыла зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу і пачаць збор подпісаў за сваю кандыдатуру. Але чыноўнікі райвыканкама ўгаварылі адну з жанчын напісаць заяву аб выхадзе з маёй ініцыятыўнай групы. Прыстрашылі, што дачку не выпусцяць у Галандыю. І маю ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Адным словам, у дэпутаты не пусцілі. Не ведаю, гэта помста за маю пазіцыю, за тое, што я напісала заяву на дзеянні Данілевіч у пракуратуру, ці гэта проста агульны загад праводзіць у мясцовыя Саветы толькі людзей вертыкалі», - кажа Наталля Іллініч.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках