25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь апынулася ў энергетычнай «пастцы»

25

Пытанне аб пошлінах на нафту вынесенае па-за межы Мытнага саюза, беларускія ўлады канчаткова саступілі Маскве.

Камісія Мытнага саюза пасля шматгадзінных перамоваў канчаткова ўзгадніла тэкст Мытнага кодэкса для Расеі, Казахстана і Беларусі, які павінен уступіць у дзеянне з 1 ліпеня, паведамляе расейская газета «Коммерсант».

Пытанне аб нафтавых экспартных пошлінах Расеі не будзе абмяркоўвацца ў межах Мытнага саюза – гэтыя пытанні вырашана ўключыць у пагадненні аб стварэнні адзінай эканамічнай прасторы, якая пачне працаваць не раней за 2012 год, а можа і зусім ніколі.

Але ў пытанні размеркавання пошлінаў ад імпарту Расея пайшла на пэўныя саступкі Беларусі – яе долю ў прыбытках саюза вырашана пералічыць.

Паседжанне ў вельмі нервовым рэжыме доўжылася каля шасці гадзінаў, паводле яго вынікаў афіцыйных паведамленняў ад імя камісіі саюза не было зроблена.

Дакладныя лічбы размеркавання плацяжоў таксама пакуль не названыя. На студзеньскім паседжанні меркавалася, што Расея будзе атрымліваць 86,5% плацяжоў, Казахстан – 8,5%, Беларусь – 5%, але беларускія ўлады хацелі павялічыць сваю долю. Паводле звестак «Коммерсанта», Расея ў выніку была вымушаная пайсці на саступкі.

Калі раней меркавалася, што «вага» краіны ў размеркаванні плацяжоў будзе залежаць толькі ад знешнегандлёвай статыстыкі 2007-2008 гадоў, дык паводле новага рашэння ў разлік возьмуць і статыстыку 2009 года. На нарадзе прадстаўнікі Беларусі аперыравалі не толькі статыстыкай РФ і сваёй краіны, але і знешнегандлёвай статыстыкай ААН.

Агенцтва БелТА прыводзіць заяву віцэ-прэм'ера Андрэя Кабякова па выніках паседжання пра тое, што расейскі бок саступіў пазіцыям беларускага і казахстанскага бакоў у пытанні доляў пры размеркаванні пошлінаў.

«У прынцыпе беларускі бок гэтым вынікам задаволены», - сказаў Кабякоў.

Як піша «Коммерсант», і Казахстан, і Беларусь пагадзіліся з ініцыятывай Расеі: усе «нафтавыя» пытанні, у тым ліку пошліны на пастаўкі нафты, вынесеныя па-за межы пагадненняў Мытнага саюза, але ўнесеныя ў парадак пагадненняў аб Адзінай эканамічнай прасторы.

Як паведамляе «Наша Ніва», афіцыйныя асобы Беларусі і беларускія эканамісты неаднаразова адзначалі, што ў Беларусі няма выгады ад удзелу ў Мытным саюзе, калі за яго дужкі выносяцца энерганосьбіты.

Аднак афіцыйны Менск наўрад ці вырашыцца вырвацца з мытнай пасткі. Беларускія ўлады асцерагаюцца, што Масква цяпер зможа скарыстацца фактам выхаду Беларусі з мытнага пагаднення, каб на гэтай падставе ўвесці экспартныя пошліны на газ, чаго даўно дамагаецца расейскі Мінфін. А гэта прывяло б да скачка коштаў на расейскі газ – асноўную крыніцу энергіі для Беларусі.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках