25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інтэрнэт-правайдэры: Будзе як у Паўночнай Карэі – закрыем бізнэс

16
Інтэрнэт-правайдэры: Будзе як у Паўночнай Карэі – закрыем бізнэс

З-за ўказа Лукашэнкі аб цэнзуры інтэрнэту правайдэры падпадаюць пад жорсткі кантроль.

Генеральны дырэктар кампаніі «Айчына плюс» Максім Ляўданскі заяўляе, што ва ўказе ёсць спрэчныя моманты, па якіх тым жа правайдэрам неабходна атрымаць тлумачэнне ад розных міністэрстваў і ўстановаў.

«Ёсць пэўныя моманты спрэчныя, якія неабходна будзе ўдакладніць. І ад гэтага ўдакладнення будзе разуменне таго, для каго і як гэта робіцца, стане больш зразумелым, хто выйграе, а хто прайграе», - заявіў Ляўданскі ў інтэрв'ю «Еўрарадыё».

Указ Лукашэнкі, кажа дырэктар кампаніі «Айчына плюс», будзе яшчэ змяняцца, да яго будуць дадавацца разнастайныя дадаткі і ўдакладненні.

«У кожнага дакумента ёсць свая мэта. І ў залежнасці ад гэтай мэты будуць дзейнічаць тыя, хто будзе яго змяняць. Калі гэтая мэта — развіццё, дык гэта адно. Калі ж яго мэты карныя, дык зусім іншыя будуць праўкі», - упэўнены бізнэсмэн.

У той жа час ён прызнае, што існуюць у Інтэрнэце праблемы, вырашэннем якіх даўно трэба было пачаць займацца:

«Сапраўды, ёсць праблема: 90% трафіку сыходзіць за мяжу. Але наколькі гэта можна вырашыць указам, гэта ўжо спрэчнае пытанне. З іншага боку, у нас большасць буйнога бізнэсу знаходзіцца ў дзяржаўным сектары, які падпарадкоўваецца непасрэдна Лукашэнку. І, можа, сапраўды — як па прадпрыемстве ідзе загад дырэктара, дык і тут трэба так. Таму што ніхто без загада дырэктара нічога не будзе рабіць».

Ва ўказе, кажа Максім Ляўданскі, сказана, што неабходна дзяржструктурам развіваць свае сайты — яны за гэта возьмуцца. І нават, магчыма, на адпаведным ўзроўні:

«Мабыць, адсоткаў 15 толькі абзавяліся сваімі сайтамі. З гэтых 15 адсоткаў палова сайтаў звярстаная на каленцы дзецьмі-студэнтамі ў якасці курсавых працаў за бясплатна. У выніку атрымліваем імідж Беларусі, «звярстаны на каленцы». Мабыць, гэта няправільна».

Калі ўказ накіраваны на паляпшэнне такога інтэрнэт-іміджу краіны, дык Максім Ляўданскі аберуч за яго. Але ж магчымы і іншы варыянт развіцця падзеяў.

«Калі ўказ накіраваны на гэта, дык я толькі «за», гэта на карысць, і я гатовы дапамагаць. Калі ж гэта накіравана на іншае, і мы ідзем па шляху Паўночнай Карэі, дык тады, мабыць, трэба мне закрываць свой бізнэс і сыходзіць з гэтага рынка. Сэнсу ў далейшай працы проста няма», -- заявіў дырэктар кампаніі «Айчына плюс».

У той жа час намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец наогул не бачыць тых, хто ад ужывання гэтага ўказа на практыцы выйграе. Затое, кажа, прайграюць і правайдэры, і карыстальнікі. А ўсе дапрацоўкі ўказа іншымі міністэрствамі будуць адбывацца ў той сістэме каардынатаў, якія першапачаткова закладзеныя ва ўказе. І гэта, на яго думку, сістэма абмежаванняў. А развіццё Інтэрнэту павінна ісці не ў накірунку абмежаванняў.

«Трэба ўлічваць, што гэта транснацыянальны сродак зносінаў і інфармацыі, і ўсе пытанні рэгулявання інтэрнэту трэба абмяркоўваць і каардынаваць з еўрапейскімі краінамі. Садзейнічаць развіццю Інтэрнэту і шукаць магчымасці зрабіць яго таннейшым, каб пашырыць каналы сувязі і каб павялічыць колькасць знешніх каналаў сувязі», - упэўнены эксперт.

На яго погляд, калі Інтэрнэт дзякуючы ўказу стане таннейшым, дык гэта будзе адзіная карысць, якую ён можа прынесці. Але дамагчыся гэтага можна было б і без такога дакумента.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках