25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Швейцарскі парламентар: Мэта візіту Лукашэнкі – вакацыі

46

Свае вакацыі беларускі кіраўнік правядзе на адным з гарналыжных альпійскіх курортаў на ўсходзе Швейцарыі.

Пра гэта ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» заявіў дэпутат парламента Швейцарскай канфедэрацыі і ПАРЕ, кіраўнік фракцыі сацыял-дэмакратаў у ПАРЕ Андрэас Грос.

Паводле ягоных слоў, свае вакацыі беларускі кіраўнік правядзе на адным з гарналыжных альпійскіх курортаў на ўсходзе краіны. Дакладная назва курорту афіцыйна нідзе не ўзгадваецца з меркаванняў бяспекі. Пра паездку беларускага кіраўніка ў Швейцарскую канфедэрацыю пакуль не паведамляюць ні мясцовыя СМІ, ні МЗС у Берне.

Тым не менш, паведаміў Андрэас Грос, «не выключана, што факт знаходжання беларускага прэзідэнта ў краіне скарыстае цяперашняя кіраўніца ПАРЕ і МЗС Швейцарскай Канфедэрацыі Мішлі Кальмі Рэ. Калі сустрэча яе з Лукашэнкам адбудзецца, Мішлін Кальмі Рэ будзе пераконваць беларускага прэзідэнта ў патрэбе адмены смяротнага пакарання і крокаў на шляху паскарэння працэсу набліжэння да Еўропы».

На пытанне, ці ёсць у Мішлі Кальмі Рэ шанцы змяніць погляды Аляксандра Лукашэнкі Андрэас Грос адказаў:

«Па-першае, гэта не працоўны візіт і не палітычны. Гэта, падкрэсліваю, вакацыі прэзідэнта, якія будуць скарыстаныя ў мэтах палітычнай размовы. І ніяк не наадварот. У сувязі з гэтым Лукашэнка не будзе прыняты швейцарскім кіраўніцтвам — прэзідэнтам ці ўрадам. А наш міністр будзе сустракацца з ім найперш як прэзідэнт ПАРЕ».

«Па-другое, -- як адзначае Андрэас Грос, -- размова ідзе пра тое, што Лукашэнка мусіць засвоіць: еўрапейскія каштоўнасці важныя і неабходныя для грамадзян яго краіны, а таму беларусам нельга ў іх адмаўляць. Адзін з крокаў у гэтым працэсе — адмена смяротнага пакарання. Для нас справа не ў тым, што беларускі кіраўнік прыбыў у Швейцарыю, а ў тым, каб ён рабіў захады ў гэтым кірунку, каб яго краіна нарэшце змагла знайсці сваё належнае месца ў Радзе Еўропы. Хоць швейцарскія палітыкі, шчыра кажучы, маюць не надта вялікую цікавасць да Беларусі, Рада Еўропы зацікаўленая ў гэтай краіне і спадзяецца на адпаведныя зрухі ў ёй».

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках