25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўразвяз: Указ аб інтэрнэце і «Усходняе партнёрства» - у адной звязцы

4
Еўразвяз: Указ аб інтэрнэце і «Усходняе партнёрства» - у адной звязцы

Дзеянне лукашэнкаўскага ўказу аб інтэрнэце будзе ўплываць на супрацоўніцтва Еўразвяза з Беларуссю.

Пра гэта заявіў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» Лутц Гюльнер -- прэс-сакратар Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешніх сувязях і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

«Еўразвяз жадае паступова развіваць адносіны з Беларуссю, але гэта будзе залежыць ад адчувальнага прагрэсу ў пэўных сферах, якія былі вызначаны раней, - сказаў Гюльнер. - Еўразвяз шкадуе, што не адбылося прагрэсу ні ў сферы правоў чалавека і асноўных свабод, ні ў дачыненні ўладаў да палітычнай актыўнасці грамадзян - я маю на ўвазе разгон мірных палітычных акцый і адмова ў рэгістрацыі шматлікім палітычным партыям і незалежным СМІ. Так вось, мы разглядаем гэты новы ўказ у такім кантэксце».

Паводле словаў Гюльнера, паколькі ўказ уступае ў сілу 1 ліпеня, у беларускіх уладаў «застаецца магчымасць змяніць некаторыя яго аспекты».

Гюльнер падкрэсліў, што актывізацыя кантактаў Еўразвяза з Беларуссю ва «Усходнім партнёрстве» - у тым ліку гандлёвыя - звязана з агульным узроўнем дэмакратызацыі краіны.

«Еўразвяз выклаў на стол прапанову для ўдзелу Беларусі ва «Усходнім партнёрстве», які можа прынесці шмат станоўчага для абодвух бакоў - як у міжчалавечых кантактах, так і ў некаторых іншых пытаннях, якія для Беларусі з'яўляюцца надзвычай важнымі, і ў якіх мы хацелі б рухацца наперад. Але зноў жа трэба ў гэтым прытрымлівацца пэўнай колькасці асноўных параметраў», - адзначыў Лутц Гюльнер.

Пра свой намер вывучыць указ Лукашэнкі аб інтэрнэце заявіла і Арганізацыя бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе з штаб-кватэрай у Вене.

Нагадаем, што скандальны ўказ «Аб нацыянальным сегменце сеткі інтэрнэт» падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам і ўступіць у сілу 1 ліпеня. Праект дадзенага ўказу з'явіўся ў інтэрнэце ў снежні мінулага года. Тэкст законапраекта выклікаў крытыку як беларускай медыя-супольнасці, так і міжнародных праваабарончых арганізацый, у тым ліку АБСЕ. Незалежныя эксперты не сумняваюцца, што ўказ Лукашэнкі накіраваны, у першую чаргу, на блакаванне апазіцыйных вэб-рэсурсаў падчас правядзення выбараў.

Адзін з многіх пунктаў указу, якія выклікаюць непакой, абвяшчае, што «пастаўшчыкі інтэрнет-паслуг па запыце карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг аказваюць паслугі па абмежаванні доступу гэтых карыстальнікаў да інфармацыі, змест якой скіраваны на ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці». На думку экспертаў, пад вызначэнне «экстрэмісцкія» незаконна могуць патрапіць апазіцыйныя сайты.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках