25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З БелАЗа звальняюць актывістаў незалежных прафсаюзаў

6

Беларускі прафсаюз працоўных радыёэлектроннай прамысловасці працягвае аказваць падтрымку звольненаму адміністрацыяй завода «БелАЗ» актывісту Юрыю Лобану.

Арганізацыя збірае добраахвотныя ахвяраванні і рыхтуецца абараніць правы працоўнага ў чарговай судовай інстанцыі.

Такое рашэнне было прынята на паседжанні Прэзідыума арганізацыі, паведаміў газеце «Салідарнасць» кіраўнік Менскага рэгіянальнага аддзялення прафсаюза РЭП Мікалай Пахабаў.

Ён таксама распавёў, што разгляд касацыйнай скаргі на рашэнне Жодзінскага суда аб адмове ў аднаўленні Лобана на працы прызначаны на 18 лютага.

Паводле словаў Пахабава, прафсаюз плануе ў гэты дзень правесці ў Жодзіна пікет у абарону звольненага актывіста.

- Мы б арганізавалі акцыю пратэсту каля будынку Менскага абласнога суда, дзе адбудзецца разгляд касацыі. Аднак у нашай краіне не толькі ж дазвол на акцыю трэба атрымліваць, але і праводзіць яе можна толькі ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Таму загадзя вядома, што каля суду нам гэтага зрабіць не дазволяць. А мы хочам, каб людзі даведаліся, як паступаюць з працоўным чалавекам, - растлумачыў прафсаюзны лідэр.

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч мае намер сустрэцца з дырэктарам завода «БелАЗ», каб абмеркаваць наяўную сітуацыю. Пакуль, на жаль, дамовіцца аб сустрэчы не ўдаецца.

Нагадаем, брыгадзіру грузчыкаў завода «БелАЗ» Юрыю Лобану не працягнулі працоўны кантракт, нягледзячы на добрую працу і адсутнасць парушэнняў працоўнай дысцыпліны. На яго месца наймальнік узяў іншага чалавека. У прафсаюзе ўпэўненыя, што працоўны пацярпеў за сваю грамадзянскую пазіцыю і за сяброўства ў незалежным прафсаюзе. Жодзінскі раённы суд адмовіў працоўнаму ў аднаўленні. А ўлады спрабавалі аказаць ціск на актывіста, выклікаўшы яго ў міліцыю і папярэдзіўшы аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках