25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калючы дрот для інтэрнэта

7
Калючы дрот для інтэрнэта

Зноў грамадства раскалолася. Яно тут крохкае, нібы вясновы лёд. Гэтым разам пайшоў падзел на песімістаў і аптымістаў.

Падставай для чарговага рознагалосся з’явіўся кіраўнічы новатвор. Указ названы мудрагеліста і глыбокадумна: “О мерах по совершенствованию использования национального сегмента сети Интернет”. Вызначальнае слова тут, зразумела, “совершенствование”. Будуць нешта ўдасканальваць. Як сведчыць досьвед папярэдні, нічым добрым тое скончыцца не можа.

І сапраўды, як было раней? Чалавек набыў кампутар. Падключыўся да інтэрнэту. І чытае, што заўгодна. Або лістуецца з былым таварышам па службе, які калісьці з’ехаў ў Эстонію ці нават у Гандурас. І пра тое ліставанне нават участковы не ведае нічога. Гэта ж поўны бардак!

А самая прыўладная, а таму ўсенародная газета паведаміла і ўвогуле жахлівую гісторыю. Нейкі бацька ёй даверліва паскардзіўся, што ягоны сын-падлетак поўзае ўвесь час па порнасайтах. У краіне цяпер татальная лібералізацыя. А таму ўстрывожаны татка нават маральна пазбаўлены магчымасці скарыстаць самы дзейсны ў такіх выпадках сродак традыцыйнай педагогікі. Выцягнуць са штаноў дзягу ды правучыць памаўзлівага сынка. А таму слёзна скардзіцца ў газету. І тая ўздымае лямант: а што ж гэта робіцца, людцы, а навошта нам, памяркоўным, увогуле тое сеціва?

І тут, нібы чорцік з табакеркі, той самы ўказ. Будуць удасканальваць. Першапачатковы ягоны варыянт, які раней з’явіўся ў друку, красамоўна засведчыў, дзеля чаго насамрэч апошняя шчылінка на волю будзе ў хуткім часе старанна ўдасканалена. Там было прадугледжана, што хостынг беларускіх рэсурсаў у абавязковым парадку павінен пераносіцца ў Беларусь. А каб выйсці ў інтэрнэт нават па беспарольнаму доступу, тутэйшым карыстальнікам давялося б спачатку завітаць да правайдэра з пашпартам. Вунь куды сягаюць апетыты вертухаяў, не абмежаваныя нічым.

А новы варыянт з’явіўся не таму, што іх сумленне дапякло. Намеры засталіся тыя ж. Толькі апранулі адпаведны часу камуфляж. Найперш пра пашырэнне інтэрнэту ды пра падвышэнне якасці сайтаў дзяржаўных устаноў там клопат. Нібы без гэтых намаганняў інтэрнэт не пашыраўся б. А тым дзяржаўным ведамствам ды ўстановам указ навошта? Каб дасягнуць запаветнай мэты, варта было толькі ўключыць вядомы ўсім селектар і гаркнуць два кароткіх словы: падвысіць якасць!

І ўсё ж нашы аптымісты ад новага кроку ўлады проста ў захапленні. Газеты ахвотна друкуюць іх радасныя воклічы. Гэтыя адмыслоўцы ўпэўнены, што нічога страшнага няма. Хутчэй наадварот. Указ аўтаматычна выводзіць Беларусь у лік такіх краін, як Францыя і Нямеччына. Там пэўныя абмежаванні ёсць. На карысць грамадства. Але ў нашым выпадку па-за ўвагай застаецца дробненькая адна акалічнасць. Там кожны чыноўнік ведае, што ў грамадзян акрамя абавязкаў ёсць таксама і правы. І створана такая дзіўная сістэма, што правы тыя, калі іх парушаць раптам, можна нават і абараніць. А тут паспрабуйце ў законным парадку аспрэчваць дзеянні ўлады. Мала не пакажацца.

І тыя карыстальнікі, каму памкненні клапатлівага кіраўніцтва краіны вядомыя добра і даўно, вялікага аптымізму з нагоды легальнага прыходу гэбістаў у інтэрнэт ніяк не падзяляюць. Ды і міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” выступіла ўжо з заявай, у якой пераконвае тутэйшую ўладу адмовіцца ад новай спробы увесці больш жорсткі кантроль інтэрнэту. Інакш Беларусь апынецца побач з Паўночнай Карэяй і Кітаем, якіх гэтая аўтарытэтная арганізацыя лічыць “ворагамі інтэрнэту”.

А пра тое, што з новым указам не ўсё так проста, сведчаць і лічбы прадугледжаных бюджэтам выдаткаў для Аператыўна-аналітычнага цэнтра, якому даручаны нагляд за сецівам. На наступны год выдзелена 12.540.583,0 тысяч беларускіх рублёў. Не на красворды ж гэткія грошы. Улада крок за крокам, упарта і настойліва, пазбаўляе беларусаў іх правоў. Калі гэтак пойдзе і далей, то ў хуткім часе законныя падставы ўламвацца ў прыватнае жытло грамадзян будуць мець не толькі розныя спецназаўцы, але і кантралёры гарадскога транспарту. Павінны ж і яны пераканацца, а ці заплаціў менавіта гэты чалавек за праезд у аўтобусе.

Указ сапраўды цікавы. Яго варта пачытаць. Дзівосны твор тутэйшай бюракратыі. Шэдэўр кручкатворства. Толькі ягоны эпічны зачын чаго варты: “В целях защиты личности…” Не так ужо цяжка здагадацца, пра якую “личность” тут ідзе размова.

Набліжаюцца ці не самыя галоўныя выбары. Не проста элегантныя. На карту пастаўлена легітымізацыя пасады. Усё да таго ідзе. Ён ужо бесперашкодна шыбуе па Швайцарыі. Пакуль што амаль прыватным чынам. А хочацца ж, каб прымалі адпаведна. Таму падчас гэтай выбарчай кампаніі Захад павінен чуць толькі суладны хваласпеў электарату. І пераканацца, што тут дэмакратыя і згода. А таму і ва ўказе – той жа стыль суладдзя і лагоднасці. У шматслоўным і грувасткім тэксце толькі выпадаюць з агульнай танальнасці ледзь прыкметныя рысачкі. Але менавіта ў іх увесь сэнс.

Чаго вартае вось гэтае сарамлівае прызнанне: “Поставщики интернет-услуг по запросу пользователей интернет-услуг оказывают услуги по ограничению доступа этих пользователей”. Проста дзіўныя наступствы можа мець гэтая нібыта побытовая заўвага. І ўсё будзе законна. Або вось гэтыя радкі наконт таго, што Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі “осуществляет иные полномочия в соответствии с настоящим указом и иными законодательными актами”. Усё, рукі развязаны. Што заўгодна можна абгрунтаваць у судзе толькі гэтымі наўмысна няпэўнымі словамі.

Аднак і аптымісты маюць рацыю. Не ўсё так кепска. Пісаць пра мятлікаў і кветачкі пакуль не забаронена. Нават на апазіцыйных сайтах.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках