25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Камароўскі: «Улады будуць крывадушнічаць, хлусіць і абавязкова асудзяць Аўтуховіча»

1

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні руху ветэранаў вайны ў Аўганістане «Абаронцы Айчыны» упэўнены, што Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка год таму былі ўзятыя пад варту незаконна.

«Прайшоў год. Цэлых 365 дзён. Хай кожны разумны чалавек задумаецца: калі людзі вінаватыя, дык чаму яны не асуджаныя дагэтуль? Калі невінаватыя, дык чаму дагэтуль не вызваленыя? Мікалай Аўтуховіч – афіцэр, які прайшоў праз Аўганістан, атрымаў тры баявых узнагароды. Маючы факты злачынстваў па забойстве Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, раптоўнай, дзіўнай смерці Генадзя Карпенкі, улады не расследуюць гэтыя справы ўжо больш за 10 гадоў! А забітыя ж вядомыя людзі, трое з якіх былі патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі. А тут ветэран вайны незаконна ўтрымліваецца ў турме», -- заявіў Аляксандр Камароўскі ў інтэрв'ю сайту charter97.org.

На яго думку, абвінавачванне супраць Аўтуховіча – гэта «чыстай вады беззаконне».

«Упэўнены, што доказаў у следства няма. Калі б была віна, пры сучасных сродках дазнання яна была б вызначаная даўным-даўно. Што следства рабіла цэлы год? Проста віны няма, і яе трэба прыдумаць. Яны ж не могуць сумленна прызнацца і выбачыцца перад людзьмі, выплаціць кампенсацыю, аднавіць іх бізнэс. Не, будуць крывадушнічаць, будуць хлусіць і абавязкова асудзяць. Простаму чалавеку ў цяперашняй Беларусі нічога немагчыма даказаць», -- сказаў Камароўскі.

Прычыны для пераследу ваўкавыскіх прадпрымальнікаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні руху ветэранаў вайны ў Аўганістане называе наступныя:

«Відавочна, што камусьці перашкаджаў бізнэс Аўтуховіча, да таго ж ён адважыўся узнімаць пытанні аб карупцыі ў рэгіёне. А ў нас жа толькі Лукашэнка вырашае, каго пад суд аддаць, каго мілаваць. Такія рэчы не даруюцца. Плюс сыгралі сваю ролю адмова ад лукашэнкаўскіх узнагародаў у гонар 20-годдзя заканчэння вайны ў Аўганістане і стварэнне незалежнай арганізацыі ветэранаў баявых дзеянняў».

8 лютага 2009 года ў Ваўкавыску былі арыштаваныя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. Для арышту прадпрымальнікаў у Ваўкавыск з Менска прыбыў атрад спецпадраздзялення «Алмаз». Затрыманым было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня 2009 года ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13). Іх абвінавачваюць у падрыхтоўцы замаху на жыццё вышэйшых службовых асобаў вобласці. Пазней Юры Лявонаў быў вызвалены, з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення. У студзені 2010 года ўплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» прызнала ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і арыштаванага ўдзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага палітвязнямі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках