25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкія партнёры рэжыму Лукашэнкі – расейскія агенты?

17
Нямецкія партнёры рэжыму Лукашэнкі – расейскія агенты?

Высокія пасады ў атачэнні прэм'ер-міністра федэральнай зямлі Брандэнбург займалі расейскія шпіёны.

У дзяржаўнай зямельнай канцылярыі ў Патсдаме ніяк не каментуюць скандальных публікацыяў, паведамляе «Радыё Свабода».

Як паведамляюць нямецкія СМІ, сам Маціяс Платцэк, які добра вядомы ў Беларусі ў сувязі са шматлікімі візітамі ў Менск на чале высокіх урадавых дэлегацыяў з Брандэнбурга, сышоў у адпачынак. Паводле інфармацыйных крыніцаў, ён хоць і не належыць да ліку падазраваных у шпіянажы, аднак знаходзіцца пад цяжкім прэсам гэтай сітуацыі.

Дарэчы, гэта не першы выпадак, калі расейскія спецслужбы падставілі адказнага брадэнбургскага чыноўніка. Пяць гадоў таму расейская амбасада ў Берліне ўзнагародзіла Маціяса Платцэка ганаровым васьміканцовым ордэнам «Пётр Вялікі». Аднак радасць чыноўніка была азмрочаная гучнай публікацыяй у «Berliner Morgenpost». Паведамлялася, што за арганізацыяй, якая ўзнагароджвае такімі ўзнагародамі, стаяць расейскія спецслужбы. Са спасылкай на крыніцы ў нямецкай выведцы паведамлялася, што праз створаную ў 1999 годзе з ініцыятывы Уладзіміра Пуціна Маскоўскую акадэмію, на тэрыторыі Германіі пачала дзейнічаць сапраўдная шпіёнская сетка, да якой былі датычныя былыя агенты Штазі.

Што датычыць сённяшняга скандала, звязанага з расейскім шпіёнскім следам непасрэдна ў апараце Платцэка, дык падставай для яго, паводле нямецкіх СМІ, стала справаздача зямельнага ўпраўлення па крымінальных справах у Патсдаме. З яе, у прыватнасці, вынікае, што некалькі гадоў таму ўнутраная федэральная выведка (ведамства па ахове канстытуцыі) дапытала ў гатэлі берлінскага аэрапорта Тэгель двух накіраваных у нямецкі камісарыят па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю следчых з Беларусі і Расеі. Падчас допыту беларус і расеец прызналіся, што яны з'яўляюцца афіцэрамі расейскага ГРУ. Агенты быццам бы пагадзіліся працаваць са следствам і выдалі адпаведную інфармацыю. Але ўсе дэталі, якія датычыліся непасрэдна гэтых двух асобаў, былі ў далейшым старанна засакрэчаныя нямецкім бокам.

Як паведамляе нямецкае выданне «Focus», ведамства па ахове канстытуцыі выявіла таксама, што адна з супрацоўніцаў апарата Платцэка кантактавала з прадстаўнікамі расейскіх спецслужбаў, якія працавалі ў амбасадзе ў Берліне. Не выключалася, што яна была завербаваная КДБ падчас яе навучання ў Маскве. Паводле інфармацыі агенцтва DPA, у канцылярыі Платцэка на гэты конт заявілі, што не ведаюць, пра каго ідзе гаворка і што яны пачнуць уласную праверку.

Нямецкія СМІ паведамляюць і пра іншых падазраваных у шпіянажы людзей Платцэка. Адзін з іх, які займае высокую дзяржаўную пасаду ў зямельным урадзе, да падзення Берлінскай сцяны падтрымліваў сувязі з былой славацкай спецслужбай (StB). У выніку праслухоўвання яго тэлефонных размоваў, якія санкыянавала ўнутраная нямецкая выведка, высветлілася, што гэты чалавек меў кантакты з прадстаўнікамі расейскіх спецслужбаў.

Тым часам федэральнае ведамства па ахове канстытуцыі адмовілася каментаваць інфармацыю нямецкіх СМІ, паведамляе DPA.

«Мы прынцыпова не даем каментароў да падобных паведамленняў», - заявіў ананімны прадстаўнік гэтай структуры. У канцылярыі Платцэка таксама не даюць каментароў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках