25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Паўлаў: «Кандыдатам у дэпутаты ўжо няма сэнсу ўдзельнічаць у «выбарах»

2

Аб'яднаная грамадзянская партыя вылучала са сваіх шэрагаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі Менска больш за 120 чалавек, з якіх афіцыйна зарэгістравалі толькі 10.

Такія вынікі выклікалі ў партыі настроі аб бессэнсоўнасці далейшага ўдзелу ў мясцовых «выбарах».

– У склад выбарчых камісіяў уключаюцца адзінкі дэмакратычных кандыдатаў, – адзначыў Анатоль Паўлаў, старшыня Менскай гарадской арганізацыі АГП. – Пытанне паўстае ўжо аб тым, ці трэба ўдзельнічаць у такіх выбарах. Калі людзей не ўключылі ў выбарчыя камісіі, дык і кандыдатам у дэпутаты няма сэнсу змагацца, таму што гэта будзе гульня ў адны вароты. Такім чынам, проста ў чарговы раз улада будзе зробленая легітымнай.

Старшыня Менскай арганізацыі АГП дадаў, што хаця такія настроі набіраюць сілу і нават пачынаюць пераважаць у некаторых рэгіёнах, нікога з кандыдатаў ад партыі гвалтам адклікаць не будуць. Пакуль ідзе збор подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты, з выбаршчыкамі ўжо праводзіцца падрыхтоўчая праца, і далейшай агітацыйнай дзейнасцю таксама будуць займацца, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

– Калі б ва ўчастковых камісіях колькасць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў была рэпрэзентатыўнай і можна было б ахапіць хаця б 20%, дык вынікі працы было бы мэтазгодна экстрапаляваць на ўвесь працэс выбараў. Натуральна, што ўлада не хоча дапусціць гэтага, – адзначыў Анатоль Паўлаў. – У нашай краіне склалася парадаксальная сістэма – выбарчыя камісіі фармуе выканаўчая ўлада, а не ЦВК, якая павінна прафесійна працаваць на гэтай ніве і ствараць сваю вертыкаль з выкарыстаннем актывістаў партыяў, грамадскіх структураў, вытворчых калектываў.

Сам прынцып, па якім людзей уключаюць у склад камісій, незразумелы. У іх уваходзяць не тыя кандыдаты, якія маюць досвед выбарчай працы, а найбольш «бясшкодныя», якія не валодаюць палітычнай хваткай, упэўнены старшыня Менскай арганізацыі АГП.

– Пры фармаванні ўчастковых камісіяў, напрыклад, двум 25-гадовым прадстаўнікам сацыял-дэмакратаў адмовілі, матывуючы сваё рашэнне тым, што ў хлопцаў недастаткова досведу. І адразу ж уключылі ў камісію прадстаўнікоў БРСМ, якія значна маладзей, – падзяліўся Анатоль Паўлаў. – Гэтым усё сказана. Нічога добрага ў канчатковым выніку не атрымаецца, будзе як заўсёды – выбары без выбараў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках