25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павал Коваль: Беларускі дыктатар трымае Еўразвяз за дурня

15
Павал Коваль: Беларускі дыктатар трымае Еўразвяз за дурня

Пра палітыку ЕЗ у дачыненні да Беларусі ў газеце «Rzeczpospolita» піша былы намеснік старшыні МЗС Польшчы, еўрадэпутат Павал Коваль.

Калі б у якім-небудзь універсітэце стваралі кафедру вывучэння Еўразвяза, дык яе загадчыкам мог бы з поспехам стаць Аляксандр Лукашэнка. Ён спецыяліст па ЕЗ, якіх мала: ён выдатна карыстаецца слабасцямі Брусэля і ведае, што той ставіць сваю выгаду вышэй за правы чалавека, а, акрамя таго, ён цудоўна адпавядае запатрабаванням дэмакратычна абраных еўрапейскіх лідэраў, якім неабходныя медыя-поспехі.

Лукашэнка, як любы дыктатар, хоча ўтрымаць уладу і забяспечыць будучыню сваёй сям'і. У пэўны момант ён зарыентаваўся, што з Расеяй дамагчыся гэтага будзе складана, бо Масква, якая шмат гадоў спансавала беларускую эканоміку, нават не падумвае аб тым, каб даваць яму доўгачасовыя гарантыі на ўладу. Тым больш што Уладзімір Пуцін памятае, што Лукашэнка меў намер стаць кіраўніком «саюза» Расеі і Беларусі. Так што беларускі кіраўнік знайшоў іншага дурня: Еўразвяз, які дазволіў пераканаць сябе ў ідэі, што мэтай Лукашэнкі з'яўляецца абарона Беларусі ад Масквы.

Расхлябанная палітыка

Паколькі беларускі дыктатар хоча застацца ля стырна, для яго важная падтрымка Брусэля. Яму патрэбная эканамічная дапамога і пастаянная легітымізацыя яго ўлады палітыкамі ЕЗ на публічных сустрэчах, якія ў якасці доказу таго, што Лукашэнку падтрымліваюць такія асобы, як Сільвіа Берлусконі (Silvio Berlusconi), Даля Грыбаўскайтэ (Dalia Grybauskaitė) ці Радаслаў Сікорскі (Radosław Sikorski), паказвае беларускае тэлебачанне.

У такой сітуацыі істотным элементам ціску была б проста пагроза абмежавальных дзеянняў, але паколькі Еўразвяз адмовіўся нават ад ідэі банкаўскіх санкцыяў супраць некалькіх сотняў беларускіх чыноўнікаў, Лукашэнка спіць спакойна. Ён бачыць каляровыя сны яшчэ і таму, што на самой справе ў дачыненні да Беларусі ніколі не выкарыстоўваліся ні славутая пуга, ні морква, хаця каментатары і паўтараюць гэтыя словы як мантру.

Санкцыі супраць Беларусі абмежаваліся ўсяго толькі візавымі абмежаваннямі для невялікай групы асобаў у 2006 годзе і адменай мытных прэферэнцыяў у 2007. Праз год, нягледзячы на тое што Лукашэнка не пусціў у парламент ніводнага прадстаўніка апазіцыі і не перастаў пераследваць уласнае насельніцтва, большасць абмежаванняў былі знятыя.

Прыкладам расхлябанной палітыкі ў дачыненні да Беларусі сталі падзеі апошніх тыдняў: праз два дні пасля таго, як 20 і 21 студзеня беларуская міліцыя напала на Польскі дом ў Івянцы, міністр Сікорскі «па-мужчынскі» пагаварыў з міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Нягледзячы на гэта ўжо 9 лютага беларускія службы бяспекі сілай выгналі палякаў з іх уласнага будынка. Запланаваны на 12 лютага візіт Мартынава ў Варшаву перанесены не быў, хаця падрыхтаваную дамову аб малым памежным руху з поспехам маглі падпісаць і намеснікі міністраў.

У той жа час рэпрэсіі супраць палякаў працягваліся. Пасля ад'езду Мартынава і чарговай «мужчынскай» размовы з Сікорскім яны дасягнулі маштабу пяцігадовай даўніны, гэта значыць таго часу, калі ЕЗ паспяхова ўжыў абмежаванні ва ўездзе на сваю тэрыторыю найбольш уплывовых беларускіх палітыкаў.

Калі б Лукашэнка сур'езна паставіўся да наладжвання стасункаў, дык па просьбе Брусэля ён перастаў бы пераследваць апазіцыю. Калі ж пераследы з'яўляюцца ўнутранымі правакацыямі, дык гэты лепшы доказ таго, што дыктатар ужо не кіруе сітуацыяй у сваёй краіне, і, такім чынам, не можа пазбегнуць аб'яднання з Расеяй.

У выніку беларускія ўлады не саступілі ні на крок. У той момант, калі еўрадэпутаты ад партыі «Грамадзянская платформа» (PO) Яцэк Сарыюш-Вольскі (Jacek Saryusz-Wolski) і Яцэк Пратасевіч (Jacek Protasiewicz) дэманстравалі сваю падтрымку кіраўніцы Саюза палякаў у Беларусі Анжаліцы Борыс, а таксама дамагаліся прыняцця адпаведнай рэзалюцыі ў Еўрапейскім парламенце, міністр Сікорскі паляцеў у Кіеў, каб скарыстацца магчымасцю ў чарговы раз сустрэцца з Мартынавым і пры яго пасярэдніцтве арганізаваць сустрэчу з Лукашэнкам. Польскія тэлеканалы, як кажуць, па просьбе прэс-службы міністэрства, былі настолькі ласкавымі, што не паказалі канферэнцыю з дыктатарам цалкам.

Незразумела, ці не з'яўляецца мэтай дзейнасці камісіі, аб стварэнні якой было абвешчана на канферэнцыі, канчатковая легалізацыя «марадзёрства», гэта значыць перадача рэжыму пабудаваных на польскія грошы дамоў, што прызначаліся для Саюза палякаў Беларусі. І ці не прыйдзе каму-небудзь у галаву ўгаворваць Саюз падтрымаць новую лінію ў імя захавання спакою.

Тым часам беларуская і расейская прапаганда пераконвае, што беларускія палякі займаюць нелаяльную пазіцыю, гэтыя аргументы выкарыстоўваліся і як падстава правядзення нядаўніх манеўраў «Захад-2009». Аднак рэакцыі ЕЗ ні тады, ні зараз не было. Іншымі словамі, Лукашэнка мае права не заўважаць ніякай сувязі паміж сваімі рэпрэсіямі і адказамі ЕЗ. Здаецца, што карыстаючыся бяздзейнасцю Еўрапейскай камісіі, ён прыняў у дачыненні да палякаў тактыку чакання.

Ці была польская пазіцыя дастаткова паслядоўнай для таго, каб патрабаванні, датычныя захавання правоў чалавека ў Беларусі, былі прынятыя пад ўвагу ў Менску ці хаця б ў Брусэлі? Ці з'яўляецца з гэтага пункту гледжання візіт Берлусконі ў Менск і іншыя падобныя сустрэчы падтрымкай Лукашэнкі ці ўсяго беларускага грамадства? Якія павінны быць вынікі такой палітыкі? Ці не былі накіраваныя на Лукашэнку пагрозы толькі высілкамі «папяровага цмока»?

Адзіны поспех Польшчы

Еўразвяз знаходзіцца ў двухсэнсоўнай сітуацыі. Першыя (і, магчыма, па сваёй задумцы правільныя) крокі, зрабіць якія Брусэль угаварыў Сікорскага два гады таму, былі заснаваныя на інтэрасах двух-трох дзяржаваў. Можа быць, таму кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан (Catherine Ashton) абмежавалася выказваннем праз свайго прэс-сакратара? Факт, што ў Сікорскага атрымалася ўгаварыць яе хаця б на гэта, стаў, мабыць, адзіным дасягненнем Польшчы ў гэтым скандале.

Еўрапейскія палітыкі, годным выключэннем з якіх стаў Ежы Бузек (Jerzy Buzek), цураюцца як агню ацэнак сітуацыі ў Беларусі не таму, што яны яе не разумеюць, і не таму, што гаворка ідзе пра польскую меншасць.

Падстава маўчання - гэта страх, што нагадванне пра правы чалавека ў краіне, дзе цэнзура, пераслед палітычных праціўнікаў і напады на прадпрымальнікаў з'яўляюцца штодзённай рэальнасцю, выкліча гнеў Лукашэнкі і знізіць абароты некалькіх еўрапейскіх канцэрнаў.

Дарэчы кажучы, нягледзячы на тое, што Польшча была ў авангардзе «размарожвання» стасункаў з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі, статыстычныя дадзеныя не паказваюць на тое, каб да гэтага «бізнэс-канцэрту» далучыліся і польскія фірмы.

За шырмай

Метадам урэгулявання сітуацыі ў Беларусі можа стаць ціхая дыпламатыя, якая распачне спробы вырашыць праблемы за шырмай канфідэнцыйных размоваў. Калі б міністр Сікорскі сапраўды хацеў захаваць завесу маўчання вакол тэмы беларускай палітыкі, ён бы не ладзіў паказных прэс-канферэнцыяў з Мартынавым і Лукашэнкам. Ён бы параіўся з парай людзей, не абавязкова звязаных з ім па службе ці ў палітычнай сферы, і паведамляў бы пра намечаныя крокі палітыкам з апазіцыі і каментатарам, разлічваючы на тое, што дзякуючы гэтаму яны ўстрымаюцца ад непатрэбных выказванняў і будуць захоўваць маўчанне.

Але нічога падобнага не адбываецца. Хутчэй за ўсё, чаканаму поспеху перашкодзілі сур'ёзныя праблемы. Гэта прывяло да выкарыстання аргументаў кшталту тых, што людзі, якія крытыкуюць палітыку МЗС, «хочуць вайны з Беларуссю», і да абсмейвання меркаванняў, што прыпісваюцца ім, але ніколі імі не выказваліся. Таксама ў разліку на тое, што ніхто гэтага не памятае, кажацца, што палітычныя папярэднікі праводзілі палітыку санкцыяў. Аднак пасля 2004 года Польшча абмежавалася ўжываннем рэстрыкцыяў ЕЗ, якія нічым не нагадвалі традыцыйныя эканамічныя санкці. Пазбаўленыя сэнсу і абвінавачванні ў пераводзе праблемы ў палітычную плоскасць, бо прэм'ер Дональд Туск (Donald Tusk) даваў абяцанні Анжаліцы Борыс яшчэ калі быў кандыдатам на пасаду прэзідэнта.

Каб выжыць у цэнтры Еўропы кіраўніку Беларусі прыйшлося авалодаць мастацтвам зацягвання часу і гульні на амбіцыях заходніх партнёраў. Таму, калі ён верне дзесятак Польскіх дамоў і зробіць магчымай дзейнасць Саюза палякаў, я паверу, што палітыка польскага МЗС прыносіць карысць, і публічна падзякую міністру замежных справаў. Але калі ж ўся сітуацыя скончыцца выглядам дзеянняў, напрыклад, часовым змякчэннем курсу ў дачыненні да палякаў, а пад прыцэлам апынуцца, напрыклад, пратэстанты, гэта будзе азначаць, што палякі дазволілі ўцягнуць сябе ў фронт, які працуе на ўмацаванне пазіцыі дыктатара.

Не бачым падставы пазбягаць у дэмакратычнай краіне дыскусіі на гэтую тэму, пакуль існуюць газеты, гатовыя публікаваць такія палемічныя спрэчкі, тым больш, што абяцанні па паляпшэнні сітуацыі, якія з'явіліся пасля «мужчынскіх размоваў» былі дадзеныя публічна.

Пра аўтара: Павал Коваль - гісторык, еўрадэпутат ад партыі «Права і Справядлівасць» (PiS). Займаў пасаду намесніка міністра замежных справаў ва ўрадзе Яраслава Качыньскага (Jarosław Kaczyński).

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках