25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі пакараныя смерцю яшчэ двое зняволеных

47

У канцы мінулага тыдня яшчэ двое беларускіх зняволеных былі расстраляныя, нягледзячы на пратэсты міжнароднай грамадскасці.

Пасля таго, як пра гэта стала вядома, «Міжнародная амністыя» звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам увесці мараторый на смяротнае пакаранне, паведамляе «Радыё Свабода». Андрэй Жук і Васіль Юзэпчук былі асуджаныя да смяротнага пакарання ў 2009 годзе за асобныя злачынствы. Але ўтрымліваліся ў адной камеры смяротнікаў у Менску.

22 сакавіка маці Андрэя Жука паведаміла «Міжнароднай Амністыі», што яна была паінфармаваная турэмным начальствам пра тое, што абодва зняволеных былі расстраляныя ў канцы мінулага тыдня.

«Смяротнае пакаранне з'яўляецца самым жорсткім і бесчалавечным відам пакарання. Яно парушае права на жыццё і павінна быць адмененае», – заявіла дырэктарка праграмы «Міжнароднай Амністыі» па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Галя Гован.

Маці Андрэя Жука спрабавала перадаць харчовую пасылку ў пятніцу раніцай, 19 сакавіка, але пасылку ёй вярнулі і паведамілі, што абодва вязні «былі пераведзеныя», і што яна больш не павінна шукаць сына, але павінна чакаць паведамлення з суду. Бацька Андрэя Жука быў дастаўлены ў шпіталь з сардэчным прыступам пасля таго, як пачуў вестку пра смерць сына.

Адзін з расстраляных вязняў, Васіль Юзэпчук, быў прысуджаны да смяротнага пакарання 29 чэрвеня 2009 года за забойства шасці сталых жанчынаў. У часе правядзення расследавання і судовага разбіральніцтва, як сцвярджае яго адвакат, былі істотныя недахопы. Адвакат кажа, што Юзэпчука збівалі, каб прымусіць яго прызнацца.

Андрэй Жук быў прысуджаны да смяротнага пакарання 22 ліпеня 2009 года за ўзброены напад і забойства мужчыны і жанчыны ў лютым 2009 года. Яго адвакат выказаў сваю заклапочанасць з нагоды працэдурных парушэнняў падчас першапачатковага допыту.

Абодва зняволеных абскардзілі свае прысуды, але апэляцыі былі адхіленыя. Абодва падалі прашэнні аб памілаванні, аднак, паводле інфармацыі, атрыманай ад «Міжнароднай Амністыі», адмоўнае рашэнне Аляксандра Лукашэнкі было паведамлена зняволеным за хвіліну да іх расстрэлу.

У кастрычніку 2009 года Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў выпадкі абодвух вязняў і заклікаў беларускі ўрад не прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды да разгляду ў Камітэце.

Смяротныя прысуды Андрэю Жуку і Васілю Юзэпчуку, – кажацца ў сённяшнім паведамленні «Міжнароднай Амністыі» , – былі прыведзеныя ў выкананне неўзабаве пасля таго, як Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) прагаласавала за аднаўленне статусу спецыяльна запрошанага для беларускага «парламэнта» пры ўмове, што Рэспубліка Беларусь абвесціць мараторый на прымяненне смяротнага пакарання.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках