25 лiстапада 2024, панядзелак, 15:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі справакавалі байкот «выбараў» (Фота)

27

400 жыхароў аднаго з мікрараёнаў Менска адмаўляюцца браць удзел у мясцовых «выбарах».

Па словах гараджанаў, на гэту крайнюю меру пратэсту іх вымусіла абыякавасць сталічных чыноўнікаў.

Жыхары з вуліцы Кахоўская абураныя тым, што дваровая тэрыторыя паміж дамамі № 35, 37, 39 патрапіла пад гарадскую праграму ўшчыльнення. Паміж пяціпавярховымі «хрушчоўкамі» ўлады збіраюцца пабудаваць 19-павярховы хмарачос з падземным гаражом. Прычым першыя два паверхі будынка плануецца аддаць пад офісы, паведамляе сайт udf.by.

- Згодна з дакументацыяй, дом будуецца для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. На самой жа справе мы бачым, што будаваць збіраюцца элітнае жыллё, ды яшчэ і з офіснымі памяшканнямі. І ўся гэтая брыдота будзе збудаваная на месцы дзіцячай пляцоўкі, - кажа мясцовая жыхарка Наталля.

Жыхары ўпэўненыя, што пры праектаванні шматпавярхоўкі было дапушчана мноства парушэнняў будаўнічых і архітэктурных нормаў. Вось толькі праверыць свае падазрэнні яны не могуць:

- Нашая перапіска з чыноўнікамі працягваецца ўжо два гады. Куды толькі мы ні пісалі. У Адміністрацыю прэзідэнта, Менгарвыканкам, адміністрацыю Цэнтральнага раёна Менска, пракуратуру, дзяржкантроль, санстанцыю, ДАІ. Сабралі амаль 400 подпісаў супраць будаўніцтва гэтага дома. У адказ – адны адпіскі, - кажа Алена Бірыч, якая жыве ў 35-м доме.

Зрэшты, сёе-тое нават з гэтых куртатых чынавенскіх адказаў жыхары здолелі даведацца. Высвятляецца, па пытанні будаўніцтва жылля былі праведзеныя грамадскія слуханні, у якіх нават прыняў удзел дэпутат Менгарсавета ад гэтай тэрыторыі Аляксандр Яцук. Вось толькі самі жыхары ні пра якія слуханні не чулі:

- Калі мы даведаліся, што праводзіліся нейкія слуханні, дык былі шакаваныя. Больш за тое, чыноўнікі напісалі, што мы падтрымалі будаўніцтва шматпавярховага будынка. Тобок самі пагадзіліся пагоршыць умовы свого пражывання. І пратакол гэты змацаваны подпісам нашага дэпутата. Дык як жа пасля гэтага ісці на выбары? - кажа Алена Бірыч. – У мінулую суботу ў нас адбыўся чарговы сход жыхароў, і мы вырашылі: калі ўлады так па-наплявальніцку ставяцца да нас, дык і мы на іх выбары наплюем…

Магчыма, кропку ў гэтай справе паставіць суд. Цяпер жыхары з вуліцы Кахоўскай рыхтуюць пазоў супраць Менгарвыканкама з патрабаваннем адклікаць дазвол на будаўніцтва дома. І аднавіць дзіцячую пляцоўку.

Каментар спецыяліста. Праваабаронца Алег Воўчак:

- Я асабіста прысутнічаў на адным са сходаў жыхароў. Бачыў план будаўніцтва, і ў мяне таксама ёсць да яго шэраг пытанняў. Выйсце з сітуацыі можа быць толькі адно – спыніць будаўніцтва да заканчэння судовага разгляду.

А што да адмовы ад удзелу ў «выбарах», дык байкот выбараў заканадаўча не забаронены. Проста ўлады самі не пакінулі гэтым людзям іншага выбару.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках