25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь будзе плаціць за газ 171,5 даляра

45

«Газпром» агучыў сярэднегадавую цану на газ для Беларусі і распавёў пра планы атрымання кантролю над «Белтрансгазам».

Сярэднегадавая цана на газ для Беларусі ў 2010 годзе складзе $171,5 за 1 тыс. куб.м. Пра гэта, як перадае БелаПАН, паведаміў журналістам у Менску намеснік старшыні праўлення ААТ «Газпром» Андрэй Круглоў.

«Зыходзячы з папярэдніх дамоўленасцей, пры разліку цаны на газ прымяняецца паніжальны каэфіцыент 0,9. Гэта значыць, што сярэднегадавая цана на газ для Беларусі будзе складаць 171,5 даляра, -- сказаў ён. -- Мы разлічваем, што зыходзячы з гэтай цаны будуць ажыццяўляцца плацяжы».

Для параўнання: у 2009 годзе сярэднегадавая цана на газ складала 148—150 даляраў за тысячу кубаметраў. Такія звесткі прывёў у снежні мінулага года генеральны дырэктар ААТ «Белтрансгаз» Уладзімір Маёраў.

Круглоў паведаміў, што запазычанасць Беларусі за газ на сёння складае 94 млн. 500 тыс. даляраў. Гэта запазычанасць, якая ўтварылася ў 2010 годзе. Праблемы з разлікамі, паводле яго слоў, узніклі ў другой палове 2009 года, але да канца снежня леташняя запазычанасць была пагашана.

Прадстаўнік «Газпрома» таксама адзначыў, што пытанне разліку расейскімі рублямі за расейскі газ, які пастаўляецца ў Беларусь, «не знята з парадку дня». Паводле слоў Круглова, гэта б знізіла валютныя рызыкі і Беларусі, і Расіі. «Пытанне ў тым, што цяпер нафтавы кошык, да якога прывязана цана на газ, фіксуецца ў доларах», -- растлумачыў Круглоў.

Закранаючы карпаратыўную палітыку кампаніі, ён падкрэсліў, што «Газпром» зацікаўлены ў атрыманні кантрольнага пакета акцый ААТ «Белтрансгаз». Разам з тым, адзначыў Круглоў, гэтае пытанне «ляжыць не толькі ў плоскасці ўзаемадзеяння суб'ектаў гаспадарання, але і міждзяржаўных пагадненняў».

Круглоў падкрэсліў, што асноўныя акцыянеры «Газпрома» і «Белтрансгаза» - дзяржавы. «Таму мы будзем карэктаваць свае інвестыцыйныя планы, зыходзячы з міжурадавых і дзяржаўных дамоўленасцей», -- сказаў намеснік старшыні «Газпрома».

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках