25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Мы з ЗША змагаліся супраць фашызму, а яны мяне шантажуюць

77
Лукашэнка: Мы з ЗША змагаліся супраць фашызму, а яны мяне шантажуюць

Беларускі дыктатар паскардзіўся, што Злучаныя Штаты аказваюць на яго «адкрыты ціск».

«З цяперашняй адміністрацыяй мы ўжо пачалі асцярожную размову і гатовыя працягнуць руку сяброўства амерыканскім партнёрам», - заявіў Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў Менску з кіраўніцтвам шэрагу амерыканскіх кампаній, перадае «Інтэрфакс».

Аднак, сказаў ён, «цывілізаваны, па-сапраўднаму эфектыўны дыялог і ўзаемадзеянне наўрад ці магчымыя ва ўмовах, калі адзін з бакоў знаходзіцца пад адкрытым ціскам».

«Гэта ненармальна, калі дзве цывілізаваныя дзяржавы, якія разам ваявалі супраць фашызму, сёння знаходзяцца па розныя бакі барыкадаў і коса глядзяць адзін на аднаго», - заявіў беларускі кіраўнік.

Ён паскардзіўся, што апошняе дзесяцігоддзе адносіны паміж краінамі развіваліся «вельмі нераўнамерна, часта знаходзіліся ў стане прыкрай адчужанасці».

«Прычым, хачу падкрэсліць, не па віне Беларусі», - сказаў Лукашэнка і адзначыў, што «тыя кропкавыя эканамічныя санкцыі, якія ўжыла да асобных беларускіх прадпрыемстваў адміністрацыя Джорджа Буша-малодшага, да гэтага часу ствараюць негатыўны фон для развіцця ўсяго комплексу гандлёва-эканамічных сувязяў паміж нашымі дзяржавамі», - сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што «не да твару глабальнаму лідэру звяртацца да адкрытага эканамічнага шантажу такой невялікай суверэннай дзяржавы, якая яшчэ толькі фармуецца».

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена ў развіцці паўнавартасных узаемавыгадных канструктыўных адносін з магутнай дзяржавай свету. «Але яны павінны грунтавацца на прынцыпах неўмяшання ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы, узаемнай павагі і даверу. Мы гатовыя пакінуць усе крыўды ў мінулым і пачаць плённае супрацоўніцтва не толькі ў эканамічнай, але і ў іншых сферах», - заявіў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік сказаў, што ў Беларусі асаблівыя надзеі звязваюць з новай адміністрацыяй ЗША. «Я схільны меркаваць, што ў прэзідэнта Абамы погляд на свет больш адэкватны і дэмакратычны, не абцяжараны перажыткамі халоднай вайны і агрэсіўнымі ідэалагічнымі падыходамі да вырашэння міжнародных пытанняў», - заявіў Лукашэнка.

Нагадаем, што ў Менск прыбылі кіраўнікі такіх карпарацый і кампаній, як «Ханівел», «Майкрасофт», «АрвінМерытор», «Ю-ЭС Інтэрнэшнл Трэйдзінг Карпарэйшн», «ЕРС-інжынірынг».

Дэвід Бэйрон, які прадстаўляе інтарэсы юрыдычнай кампаніі «Грынберг Траурыг», на сустрэчы з Лукашэнкам заявіў: «Мы тут не для таго, каб абмяркоўваць палітычныя пытанні, а каб гаварыць пра эканамічныя адносіны». Пры гэтым Бэйрон лічыць важным падчас візіту ў Беларусь прадстаўнікоў амерыканскага бізнесу абмеркаваць з беларускімі партнёрамі пытанні, якія тычацца забеспячэння абароны амерыканскіх інвестыцый.

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках