25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скандал у судзе над Аўтуховічам: Сведкі выкрываюць следства

11
Скандал у судзе над Аўтуховічам: Сведкі выкрываюць следства

У Вярхоўным судзе на працэсе па справе Мікалая Аўтуховіча сведкі распавялі, як следчыя дамагаліся ад іх паказанняў.

29 сакавіка на працэсе дапытвалі 5 сведак. Прадпрымальнік з Оршы Ігар Пузікаў распавёў суду, як у 2005 годзе спрабаваў перадаць Аўтуховічу ў турму запіску, каб атрымаць ад зняволенага згоду на набыццё ў яго «2-3 адзінак аўтатэхнікі». Запіску Пузікаў прасіў перадаць знаёмага, супрацоўніка турмы Сяргея Шнітко, але той прачытаў запіску і адмовіўся яе перадаваць. Гэтыя паказанні Пузікава Шнітко потым з большага пацвердзіў, паведамляе «Радыё Свабода».

Па словах Ігара Пузікава, следчыя прымусілі яго сказаць, што запіска ў турму ўсё ж трапіла. Нагадаем, што абвінавачанне даказвае, што Аўтуховіч за кратамі кіраваў падрыхтоўкай тэракту і выпадак з Пузікавым, відаць, доказ магчымасці такога кіраўніцтва. Але ўчора ў судзе Ігар Пузікаў фактычна забраў назад гэтыя паказанні.

Па словах сведкі, яму пагражалі, абяцалі хуткае вызваленне, дапытваўся ён як падазраваны, і ўсё гэта падзейнічала - ён даў неабходныя паказанні. Узнагародай стала не толькі свабода, але і грошы на білет з Гародні ў Оршу і бутэлька гарэлкі з рук следчага.

Пра псіхалагічны ціск на следстве казала і сведка Людміла Парэмская, былая бухгалтарка фірмы Аўтуховіча «Ніка-транс».

«Усё, што я на следстве казала пра зброю, не адпавядае сапраўднасці. Я была ў такім стане, што магла нагаварыць і напісаць усё, што заўгодна, толькі б вызвалілі», - сказала Людміла Парэмская пра свае паказанні адносна знойдзенага ў Гародні гранатамёта. Падчас следства Парэмская не выключала, што гранатамёт неяк звязаны з Аляксандрам Ларыным.

На думку следства, Ларын на загад Аўтуховіча рыхтаваў замах на старшыню Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанку менавіта з гранатамёта.

Былы «афганец» Канстанцін Уланаў распавёў пра тое, як сустракаўся з Аўтуховічам і Ларыным ў Менску ў 2005 годзе. Па версіі следства, падчас гэтай сустрэчы яны быццам бы сачылі за намеснікам міністра па падатках і зборах Васілём Каменкам, рыхтуючы на яго замах.

Назіральнік за працэсам праваабаронца Алег Воўчак кажа, што Уланаў гэта не пацвярджае:

«Сказаў, што ні за кім не сачыў. Што яго падрабязна не інфармавалі, навошта прыехалі. Сказалі, што шукаюць чалавека, які дапаможа ім змагацца з беззаконнем. У турме Уланаў перанёс інфаркт, адвакат казаў, што нельга яго браць на следчыя дзеянні, але ўсё роўна яго вазілі па месцах, дзе, па словах Ларына, да іх далучаўся Уланаў, калі яны сачылі за Каменкам. Між тым, пра Каменку ён даведаўся толькі з матэрыялаў справы», - распавёў праваабаронца.

Нагадаем, што факт сачэння за Васілём Каменкам прызнаў на судзе Мікалай Аўтуховіч. Па словах Аўтуховіча, яны не збіраліся здзяйсняць замах на чыноўніка, а толькі шукалі доказы яго супрацьзаконнай дзейнасці.

Сведка-міліцыянт з Гародні Вайніловіч заявіў, што ўсе супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю пэўна ведалі пра знойдзены гранатамёт, і што займацца гэтай справай не ўваходзіла ў абавязкі маёра Міхаіла Казлова. Нагадаем, што Казлова абвінавачваюць у тым, што ён быццам бы не спыніў падрыхтоўку злачынства, пра якое ведаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках