25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палецкіс: Трэба нагадаць Менску пра міжнародныя стандарты

Еўракамісія павінна строга запатрабаваць ад Менска выконваць міжнародныя стандарты па будаўніцтве АЭС, калі з'яўляюцца сумненні ў бяспецы гэтага праекта.

Пра гэта заявіў пасля візіту ў Беларусь з афіцыйнай дэлегацыяй Еўрапарламента літоўскі еўрапарламентар Юстас Палецкіс. Прадстаўнік Літвы перакананы, што пытанне бяспекі будаўніцтва АЭС у Беларусі таксама з'яўляецца праблемай Еўразвяза, паведамляе ru.DELFI.lt.

«Еўракамісія паабяцала ўважліва сачыць за рашэннямі адносна АЭС, а Літва абавязана пра гэта ўвесь час нагадваць Брусэлю», - сказаў еўрапарламентар.

Паводле словаў сацыял-дэмакрата, Літва павінна ўключыць гэтае пытанне бяспекі ў парадак дня Брусэля.

«Забараніць або спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі іншая краіна і ЕЗ не мае права, але Архуская канвенцыя і інструменты адносінаў ЕЗ-Беларусь даюць магчымасць кантраляваць аспекты захавання гарантый бяспекі пры праектаванні і будаўнічых працах», - адзначыў Палецкіс.

Архуская канвенцыя абавязвае ўключыць грамадскасць у працэс прыняцця рашэння аб будаўніцтве такіх аб'ектаў, чаго ў Беларусі не адбылося, гаворыцца ў паведамленні еўрапарламентара.

Палітык паведамляе, што падчас сустрэч з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый Беларусі яму распавялі пра парушэнні міжнародных экалагічных нормаў на месцы будаўніцтва будучай АЭС, недалёка ад літоўскай мяжы, а вывучэнне ўздзеяння на навакольнае асяроддзе - павярхоўнае.

Актывісты няўрадавых арганізацый адзначылі, што будучая АЭС да гэтага часу не выпрабоўваўлася, ахова навакольнага асяроддзя не забяспечана, таму існуе небяспека радыеактыўнага заражэння ракі Нерыс.

Палецкіс таксама раскрытыкаваў арганізаваную Міністэрствам аховы навакольнага асяроддзя Літвы прэзентацыю выніку ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе Беларускай АЭС.

Паводле яго слоў, міністэрства не кіраваліся прынцыпамі Архускай канвенцыі, згодна з якой інфармацыя аб уздзеянні АЭС павінна быць даступнай і зразумелай. Палецкіс адзначыў, што грамадскасць шырока не інфармавалася пра гэта мерапрыемства, яно праходзіла ў непрыстасаваным для гэтага памяшканні, а пераклад быў няякасным.

«Гэтая прэзентацыя, на жаль, нечым нагадвае мерапрыемства ў Астраўцы, у Беларусі», - сказаў Палецкіс.

Еўрапарламентар працуе ў камітэце ЕП па ахове навакольнага асяроддзя, а таксама з'яўляецца членам дэлегацыі па сувязях з Беларуссю.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках