25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Літвы: Лукашэнка пакуль не адказаў, ці прыедзе ў Вільню

Беларускі правіцель пакуль не даў афіцыйны адказ на запрашэнне прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ.

Пра гэта, як перадае «Еўрарадыё», на прэс-канферэнцыі паведаміў літоўскі амбасадар у Беларусі Эдмінас Багдонас.

Як раней паведамлялася, кіраўніцтва Літвы запрасіла Аляксандра Лукашэнку на ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар 20-годдзя адноўленай дзяржаўнасці краіны. Гэта запрашэнне стала адказам на допыт генерала Уладзіміра Усхопчыка беларускай пракуратурай. Літоўскі бок лічыць Усхопчыка вінаватым у расстрэле мірных грамадзян у Вільні 13 студзеня 1991 года.

Аднак сам факт таго, што беларуская пракуратура дапытала Усхопчыка, амбасадар Літвы ацаніў станоўча.

«Па запыце Літвы Генпракуратура Беларусі правяла допыт Усхопчыка. Адказы былі перададзеныя літоўскаму боку. Сам факт таго, што гэта было зроблена, гэты крок, быў станоўча ацэнены літоўскім бокам», - сказаў літоўскі амбасадар. Паводле слоў дыпламата, «узаемадзеянне генпракуратур Літвы і Беларусі атрымала новы віток развіцця».

Гаворачы аб далейшых кроках Літвы, Багдонас паведаміў, што «магчыма, гэтага допыту будзе дастаткова, магчыма наш бок таксама захоча яго дапытаць».

Акрамя таго, амбасадар падкрэсліў, што ў Літвы «няма жадання яго караць смерцю. Ёсць вялікае жаданне дамовіцца».

У Літвы ёсць пытанні па будаўніцтве беларускай АЭС

Падчас прэс-канферэнцыі Эдмінас Багдонас не абышоў бокам і праблему будаўніцтва першай беларускай АЭС, перадае «Інтэрфакс».

Паводле яго слоў, літоўскі бок лічыць няўдалымі грамадскія слуханні, прысвечаныя будаўніцтву Астравецкай АЭС, што прайшлі ў Вільні.

«Гэтыя слуханні, якія прайшлі ў Літве, былі не вельмі ўдалымі. Хацелася б большага ўзаемадзеяння з беларускім бокам», - сказаў Багдонас.

Амбасадар падкрэсліў, што права Беларусі - будаваць АЭС там, дзе яна хоча. «Дзе хочаце, там і будуйце. За чые грошы хочаце, за тыя і будуйце. Але ў нас застаецца права задаваць пытанні», - адзначыў ён. Гаворачы аб далейшых кроках літоўскага боку, Багдонас паведаміў, што «мы будзем выкарыстоўваць хады, каб знайсці паразуменне ў гэтым пытанні». «Будуць ці не будуць зробленыя палітычныя крокі з гэтай нагоды, пакуль не зразумела», - дадаў ён.

Акрамя таго, дыпламат адзначыў, што як у літоўскім, так і ў беларускім грамадстве ўзнікае вельмі шмат пытанняў з нагоды будаўніцтва Астравецкай АЭС. «Ёсць Ігналіна, Астравец, Калінінград. Як тры АЭС будуць працаваць практычна ў адным месцы? Калі была адна АЭС - мы прадавалі электраэнергію. А зараз будзе тры, і як мы будзем дамаўляцца?», - заўважыў амбасадар.

Акрамя таго, Багдонас сказаў, што «беларускі бок паказвае Літве, што побач з беларускай мяжой дзейнічае Ігналінская АЭС». «Але гэтая АЭС была пабудаваная ў 70-я гады, калі не было незалежнай Літвы», - падкрэсліў ён.

Мытны саюз можа стаць для Беларусі поўнай інтэграцыяй

Закрануў Эдмінас Багдонас таксама і пытанне ўступлення Беларусі ў Мытны саюз. Як адзначыў літоўскі дыпламат, функцыянаванне Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана і яго ўзаемадзеянне з іншымі краінамі на сёння не зусім зразумела.

«На сёння адказаў па Мытным саюзе, я так зразумеў, няма не толькі ў нас, але і ў вас. Як ён будзе дзейнічаць па нейкіх канкрэтных групах тавараў - да гэтага часу не зразумела», - сказаў Багдонас.

Амбасадар падкрэсліў, што літоўскае дыппрадстаўніцтва ў Беларусі атрымлівае мноства запытаў ад літоўскіх бізнесменаў. «Мы ў сваю чаргу звяртаемся па тлумачэнні, але канкрэтных адказаў не атрымліваем, акрамя як «трэба паглядзець, як будзе летам», - дадаў Эдмінас Багдонас.

Паводле яго слоў, літоўскія бізнесмены, якія плануюць інвеставаць сродкі ў эканоміку Беларусі, знаходзяцца ў цяжкім становішчы ў сувязі з недастатковасцю інфармавання. «Лагічна было б, калі б інвестар, які вырашыў укладваць грошы ў Беларусь, меў такія ж умовы інвеставання ў Расеі і Казахстане. Але практычна змяніць адміністрацыйную сістэму ў кароткія тэрміны немагчыма», - адзначыў літоўскі амбасадар.

Акрамя таго, дыпламат заўважыў, што калі «Мытны саюз - гэта план поўнай інтэграцыі Беларусі ў тры этапы: Мытны саюз, эканамічная інтэграцыя, палітычная інтэграцыя, то гэта адаб'ецца і на далейшых планах».

«Калі будзе ясна, як плануе працаваць Мытны саюз, тады можна будзе казаць пра далейшыя канкрэтныя перспектывы», - рэзюмаваў літоўскі амбасадар.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках