25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мядзведзеў: Рэвалюцыі магчымыя паўсюль, калі людзі незадаволеныя ўладай

34

Прэзідэнт Расеі заявіў, што негатыўны сцэнар развіцця падзеяў у Кыргызстане атрымалася спыніць адстаўкай Курманбека Бакіева.

На думку прэзідэнта РФ, гэта атрымалася зрабіць дзякуючы намаганням Расеі, ЗША і Казахстана, перадае NEWSru.com. Вырашэнню сітуацыі спрыяла і адстаўка прэзідэнта Курманбека Бакіева, адзначыў Мядзведзеў.

«Я быў у перамовах з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, мы абмяркоўвалі гэта ўтрох з Баракам Абамам з улікам інтарэсаў, якія пераплятаюцца», - распавёў расейскі лідэр падчас размовы ў Бразіліа з журналістамі. «Гэта рабілася не таму што мы хочам умешвацца, але трэба было пазбегнуць кровапраліцця» - лічыць ён. «Усё магло скончыцца поўнамаштабнай грамадзянскай вайной і расколам дзяржавы на часткі», - лічыць Мядзведзеў. «Я спадзяюся, што гэтага атрымалася пазбегнуць, таму што Бакіеў падаў у адстаўку», - дадаў ён.

Мядзведзеў нагадаў, што не так даўно «мы назіралі ў Кыргызстане вельмі блізкія працэсы, якія прывялі да таго, што ў гэтай краіне з'явіўся новы прэзідэнт, новы парламент».

«Здавалася б, жыццё ўвайшло ў нармальную каляіну, але, на жаль, мы бачым паўтарэнне гэтага. І звязана гэта не з тым, што камусьці хочацца рэвалюцыяў, а з тым, што відавочна насельніцтва Кыргызстана было незадаволена тым, як складвалася іх жыццё ў апошнія гады», - адзначыў ён.

«У Бакіева, на жаль, не атрымалася вырашыць сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія стаялі перад краінай», - канстатаваў прэзідэнт РФ.

На думку Дзмітрыя Мядзведзева, адстаўка Курманбека Бакіева з пасады прэзідэнта Кыргызстана стала важным фактарам, які дазволіў спыніць кровапраліцце. «Усё магло скончыцца поўнамаштабнай грамадзянскай вайной і як вынік - расколам дзяржавы на часткі», - сказаў Мядзведзеў. Аднак «гэты сцэнар у цяперашні момант выключаны, у тым ліку з прычыны таго, што былы прэзідэнт падаў у адстаўку».

Адказваючы на пытанне аб магчымасці паўтарэння кіргізскага сцэнара ў іншых дзяржавах СНД, Мядзведзеў падкрэсліў, што «ўсё магчыма і на іншых тэрыторыях, калі людзі незадаволеныя уладай, а ўлада не робіць неабходныя намаганні, каб падтрымаць людзей, вырашыць іх найбольш важныя праблемы».

«Такі сцэнар можа паўтарыцца дзе заўгодна ў той момант, калі ўлады страчваюць кантакт з народам», - сказаў ён.

Менавіта гэтым Мядзведзеў патлумачыў з'яўленне асобных заяваў замежных лідэраў па выніках кіргізскіх падзеяў. «Гэтыя заявы прадыктаваныя некаторымі асцярогамі, якія ўзніклі ў кіраўніцтва шэрагу краінаў па выніках гэтага канфлікту», - сказаў ён.

Як адзначыў Мядзведзеў, «каб такіх асцярогаў не было, трэба разумна займацца кіраваннем уласнай дзяржавай, а такога кшталту крызісы вельмі небяспечныя».

Мядзведзеў параіў новым лідэрам Кыргызстана не захапляцца «дзяльбой бізнэсу»

Мядзведзеў спадзяецца, што ўраду народнага даверу Кыргызстана, калі ён стане легітымным, атрымаецца пазбегнуць памылак і рысаў ранейшых рэжымаў у гэтай краіне.

«На мой погляд, крах дзеючай палітычнай сістэмы ў Кыргызстане, таго рэжыму, які знаходзіўся ля ўлады, звязаны менавіта з тым, што не атрымалася вырашыць складаныя пытанні сацыяльна-эканамічнага плану, і, з другога боку, тое, што было створана, вельмі нагадвала папярэднюю сістэму кіравання. Сістэму, якая была заснаваная на кланавасці, сямейнасці, дзяльбе бізнесу і якая не вельмі моцна займалася іншымі праблемамі», - сказаў Мядзведзеў.

Як падкрэсліў прэзідэнт РФ, «хацелася, каб новыя ўлады Кыргызстана, якія легітымным чынам узнікнуць, былі свабодныя ад гэтых недахопаў». Ён таксама адзначыў, што Кыргызстан быў і застаецца стратэгічным партнёрам Расеі. «Нам не абыякавы яго лёс», - сказаў прэзідэнт РФ.

Ён выказаў надзею на тое, што «часовы ўрад Кыргызстана, які ў цяперашні час кантралюе сітуацыю, возьме паўнавартаснае кіраванне ў свае рукі». «Спадзяюся, што будзе забяспечаны нармальны працэс пераемнасці ўлады, праведзеныя выбары ў парламент і выбары прэзідэнта. У Кыргызстане ўзнікне легітымнае кіраўніцтва, - сказаў Мядзведзеў.

«Спадзяюся, што часовы ўрад Кыргызстана, які яшчэ павінен атрымаць заканадаўчую падтрымку свайго народа, здолее справіцца з гэтай сітуацыяй», - адзначыў Мядзведзеў.

Ён звярнуў увагу на тое, што «цяперашнія лідэры яшчэ павінны дамовіцца адзін з адным». «Я спадзяюся, што ім хопіць палітычнага мужнасці і аўтарытэту, каб дамовіцца пра будучыню сваёй дзяржавы», - сказаў ён, дадаўшы, што лёс Кыргызстана «для нашай краіны неабыякавы, мы б хацелі б мець стратэгічна братэрскія стасункі».

Расея будзе ажыццяўляць буйныя праекты з тым урадам, які з імі справіцца

Расея гатовая аказваць гуманітарную дапамогу Кыргызстану, заявіў Мядзведзеў. Аднак «буйныя міждзяржаўныя праекты мы будзем рэалізоўваць толькі ў тым выпадку, калі зразумеем, што новы легітымны ўрад гатовы з імі справіцца», патлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Нагадаем, 6 красавіка ў Кыргызстане распачаліся масавыя хваляванні, якія ахапілі на наступны дзень амаль ўсю краіну. Ахвярамі сутыкненняў прыхільнікаў апазіцыі з сіламі правапарадку сталі 84 чалавекі, больш за 1500 атрымалі раненні. Улада перайшла да часовага ўраду, прэзідэнт Курманбек Бакіеў пакінуў Бішкек і спачатку адмаўляўся скласці з сябе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. 15 красавіка Бакіеў вылецеў у Казахстан, адкуль у ноч на 16 красавіка даслаў часоваму ўраду Кыргызстана заяву аб сваёй адстаўцы.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках