25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасада Польшчы не каментуе хамскую заяву беларускага дыктатара

45
Амбасада Польшчы не каментуе хамскую заяву беларускага дыктатара

Афіцыйны Менск так і не праявіў дыпляматычнай карэктнасці ў сувязі з трагічнай смерцю прэзідэнта Польшчы.

Ва ўладных структурах Беларусі не паведамляюць пра склад афіцыйнай дэлегацыі, якая прыме ўдзел у цырымоніі развітання з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім, загінулым у авіякатастрофе пад Смаленскам, адзначае «Радыё Свабода». Верагодней за ўсё, дэлегацыю ўзначаліць старшыня «савета рэспублікі» Барыс Батура. У Міністэрстве замежных справаў Беларусі паведамілі, што «гэта будзе дэлегацыя высокага ўзроўню».

У амбасадзе Польшчы ў Менску сказалі, што склад афіцыйнай дэлегацыі ад Беларусі ўдакладняецца. Часовы павераны Вітольд Юраш выказаў падзяку грамадзянам Беларусі.

«Мы вельмі ўдзячныя грамадзянам Беларусі за тую душэўную падтрымку, якую мы атрымліваем. Ля амбасады і консульства ўскладзеныя шмат кветак, і мы за гэта ўдзячныя. У арганізацыйных справах, у пералётах нашых самалётаў з сем'ямі, з афіцыйнымі дэлегацыямі нам аказваецца усялякае садзейнічанне, і мы за гэта вельмі ўдзячныя. Мы атрымліваем згоду на пералёты самалётаў імгненна, без аніякіх перашкодаў», - заявіў ён.

Часовы павераны Вітольд Юраш не стаў каментаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі адносна прычынаў катастрофы самалёта польскага прэзідэнта.

«Толькі пачуўшы запіс гэтага выказвання, я мог бы паспрабаваць неяк да гэтага паставіцца. Але паколькі я гэтага не чуў, я проста не магу каментаваць», - сказаў Вітольд Юраш.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што авіякатастрофа пад Смаленскам стала вынікам «няправільнага рашэння галоўнага чалавека краіны». 15 красавіка «Інтэрфакс» працытаваў крыніцу ў камісіі па расследаванні авіякатастрофы. У адпаведнасці са словамі крыніцы, гукавы самапісац расшыфраваны і няма пацверджання, што хтосьці з высокапастаўленых пасажыраў патрабаваў ад пілотаў абавязковай пасадкі пад Смаленскам.

Наколькі заява Аляксандра Лукашэнкі адпавядала дыпламатычнай этыцы? Былы намеснік міністра замежных справаў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў заявіў:

«Я не хачу каментаваць. Хамская заява, і ўсё. Нават брыдка гэта каментаваць».

Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін нагадаў, што Беларусь - адзіная краіна-суседка Польшчы, якая не абвясціла дзень жалобы.

«Гэта ўжо вялікі паказчык стаўлення да таго, што адбываецца. Затым, ніхто не ведае, што было сапраўды ў момант трагедыі. Відаць, спадар Лукашэнка ацэньвае па сабе, і лічыць: калі ў краіне ніхто ня можа вырашаць, акрамя яго, дык па-іншаму немагчыма. Калі нешта ёсць чалавечае, дык ён бы ўжо прыйшоў у амбасаду. Гэта ўжо проста нешта нечалавечае».

Кіраўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч адзначыў:

«Незалежна ад таго, чым выкліканая гэтая трагедыя, не справа кіраўнікоў Беларусі публічна кагосьці абвінавачваць. Трэба паважаць пачуцці суседняга з намі народа, для якога гэта сапраўды трагедыя, што б там ні было ў тым самалёце».

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках