25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расплата за прытулак Бакіеву: прэферэнцыяў ад Расеі не будзе

91
Расплата за прытулак Бакіеву: прэферэнцыяў ад Расеі не будзе

Прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў папулярна патлумачыў, чым пагражае для беларускіх уладаў даванне прытулку кіргізскаму дыктатару.

Расея гатовая даваць прэферэнцыі, у тым ліку ў газавай сферы, тым краінам, якія з'яўляюцца партнёрамі на практыцы, а не толькі дэкларуюць гэта, заявіў прэзідэнт РФ Дзмітры Мядзведзеў на прэс-канферэнцыі ў Харкаве (Украіна).

Па выніках перамоваў Мядзведзева з украінскім калегам Віктарам Януковічам 21 красавіка была дасягнутая дамоўленасць, што Украіна атрымае зніжку на газ, які пастаўляецца Расеяй, у 100 даляраў пры кошце 330 даляраў за тысячу кубаметраў і 30% — пры іншым кошце.

На прэс-канферэнцыі Мядзведзеў адказаў на пытанне, ці можа разлічваць Беларусь на аналагічную ўкраінскай зніжку на газ.

«Гэта (дасягнутыя Масквой і Кіевам дамоўленасці) рэальны партнёрскі крок з боку Расеі і Украіны. Менавіта ў такіх дзеяннях правяраюцца сапраўдныя намеры суседзяў, сяброў, сваякоў, блізкіх нам краінаў, і Украіна сёння гэты крок зрабіла, як і Расейская Федэрацыя. Калі ж казаць пра іншыя краіны, трэба паглядзець, наколькі іх дзеянні сувымяраюцца тымі вынікамі, якія дасягаюцца», — цытуе Мядзведзева БелаПАН са спасылкай на РІА Новости.

«Намеры спалучаюцца з тымі ўчынкамі, якія здзейсненыя. Калі казаць пра ўсялякага кшталту зніжкі, пра дапамогу, дык узнікае пытанне: дзеля чаго і за што. Гэта павінна быць партнёрства», — заявіў расейскі прэзідэнт.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што словы павінны падмацоўвацца ўчынкамі.

«Адна справа — рэальнае партнёрства, а іншая справа — дэклараванне намераў; адна справа — дамаўляцца пра тое, каб па-сур'ёзнаму працаваць, ісці насустрач адзін адному, дапамагаць адзін адному, а іншая справа — прымаць рашэнні пра прыём на пастаяннае месца жыхарства людзей, якія страцілі працу. Гэта розныя рэчы. Рабіце выснову самі», — сказаў расейскі лідэр.

Як раней паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў Курманбека Бакіева, які пакінуў Кыргызтан пасля прыходу да ўлады апазіцыі, і пагадзіўся прыняць яго ў Беларусі. Бакіеў па-ранейшаму лічыць сябе прэзідэнтам Кыргызтана і цяпер знаходзіцца ў Менску, а кіргізскі часовы ўрад збіраецца яго судзіць.

21 красавіка ў Менску на сустрэчы са зрынутым прэзідэнтам Кыргызтана Лукашэнка заявіў, што выбары ў гэтай краіне не павінны праходзіць без удзелу Курманбека Бакіева.

«Я не ведаю, як магчыма праводзіць выбары без дзеючага прэзідэнта. Вось гэта мяне дзівіць. Калі гэта будзе зроблена, дык гэта яшчэ далей загоніць у тупік сітуацыю ў Кыргызтане», — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што «калі нават раней некаторыя палітыкі асобных дзяржаваў рабілі бравурныя заявы, дык сёння вымушаны прызнаць, што сітуацыя там далёкая ад нармальнай». «І Дзмітры Анатольевіч Мядзведзеў нядаўна заявіў пра тое, што «мы не будзем супрацоўнічаць з новай уладай Кыргызтана да таго часу, пакуль яна не легітымізуе сябе, правядзе выбары» і гэтак далей», — падкрэсліў Лукашэнка.

Кажучы пра сваю пазіцыю адносна сітуацыі ў Кыргызтане, беларускі кіраўнік адзначыў: «Я зыходжу з чыста чалавечых пазіцыяў, зыходжу з таго, што такога быць не павінна».

Напісаць каментар 91

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках