24 лiстапада 2024, Нядзеля, 20:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жырыноўскі: Лукашэнка выбары прайграе, а яшчэ могуць пад суд аддаць (Відэа)

193
Жырыноўскі: Лукашэнка выбары прайграе, а яшчэ могуць пад суд аддаць (Відэа)

«16 гадоў ва ўладзе. Усім надакучыла гэта ўжо. Нічога ж не атрымліваецца ў Лукашэнкі, выбары прайграе, трэба сыходзіць. А яшчэ могуць пад суд аддаць за тое, што дысідэнтаў душыў», - заявіў лідэр ЛДПР.

Лідэр партыі ЛДПР, чалец Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, намеснік старшыні Дзяржаўнай думы Расейскай Федэрацыі Уладзімір Жырыноўскі — персона неадназначная і заўважная на палітычным полі Расеі ўжо 20 гадоў. Часта яго выказванні становяцца афарызмамі, а самыя смелыя прагнозы спраўджваюцца. За эксцэнтрычнасцю палітыка часцяком хаваецца ўменне своеасабліва данесці «мэсыдж» ці закінуць пробны шар расейскай кіруючай эліце.

Удзельнік чатырох прэзідэнцкіх выбараў у Расеі і віцэ-спікер Дзярждумы Уладзімір Вольфавіч Жырыноўскі ў мінулую пятніцу сустрэўся з журналістамі з Беларусі, Украіны і Малдовы і адказаў на іх пытанні. Гутарка праходзіла ў памяшканні фракцыі ЛДПР на 10-м паверсе Дзярждумы. Тут працаваў савецкі ўрад да вайны. Кабінет, дзе сядзеў ці то Кагановіч, ці то Молатаў... Прыводзім вытрымкі са сценаграмы інтэрв'ю палітыка, якую дае БелаПАН.

Пра Лукашэнку

Лукашэнка раўнуе! Нічога ж не атрымліваецца ў яго, выбары прайграе, трэба сыходзіць. А яшчэ могуць пад суд аддаць за тое, што дысідэнтаў душыў, бізнэсмэнаў у турму саджалі і грошы прымушалі плаціць.

16 гадоў ва ўладзе. Усім надакучыла гэта ўжо, незалежна ад прозвішча! Нават калі ўсё добра, людзі стамляюцца! Адзін і той жа чалавек, яго манеры, яго голас, яго твар! Але мы ж людзі з вамі, чаму мы павінны трываць? Чаму іншы не можа быць прэзідэнтам? Толькі ў гэтым сэнсе. Плюс ёсць праблемы: агульны крызіс ва ўсім свеце. Усюды змяняюцца прэзідэнты, партыі, сцягі, а чаму ён павінен заставацца?

Самае галоўнае: на ўсіх выбарах, калі ён ішоў, мы яго падтрымлівалі. Я сам прыязджаў! А зараз хто яго будзе падтрымліваць, калі ён так сябе паводзіць? А без падтрымкі Масквы тыя, хто яго падтрымлівалі, яны ад яго адвярнуцца, разумеючы, што ён не мае падтрымкі, якую меў раней. Колькі ён закручваў гайкі для прыватнага бізнэсу? Незадаволеныя! Моладзь? То нельга, гэта нельга: усё гэта абмежаванні! Інтэлігенцыя — абмежаванне. Бізнэс — абмежаванне: ці за мяжу, ці ў турму, ці пад кіраўніцтвам чыноўнікаў усё рабі, як пры савецкай уладзе.

Таму шмат незадаволеных — гэта запашваецца. Тое старэйшае пакаленне, якое сімвалізавала яго з савецкай уладай, памірае кожны год, сыходзіць з жыцця старэйшае пакаленне. Тыя, хто за яго галасавалі: вёска, працоўныя, бедныя. Нараджаецца новае пакаленне: тая беларуская моладзь, якая мае інтэрнэт, якая выязджае за мяжу, якая чуе і бачыць, які іншы свет, якая хоча выбары, на якіх не будзе адразу вядома ўсё.

Вось на Украіне цудоўна! Ніхто не ведаў да апошняга моманту хто: Цімашэнка ці Януковіч. І гэта выбары, і гэта ўсім падабаецца. Як у Прыбалтыцы побач. Ну, ён скажа, што застаецца, і што далей?

Я да яго з павагай стаўлюся, але я лічу, што людзі не хочуць, стамляюцца.

Пра формы кіравання

Пажадана, каб Беларусь таксама сваю сістэму дэмакратычную неяк мадэрнізавала. Таму што яна бліжэй да Туркменіі, Узбекістана, Казахстана. Хаця побач Прыбалтыка, Украіна і Расея. Знайсці варыянт, каб у Беларусі палітычная сістэма была больш падобная да суседзяў.

Наогул ідэальны варыянт — пераход да парламенцкіх рэспублікаў. У Малдавіі, усёй Прыбалтыцы, Украіне, на ўсім Закаўказзі і Сярэдняй Азіі, а на нейкім этапе і ў Расеі — лепшы варыянт — парламенцкая рэспубліка. Гэта вышэйшая форма дэмакратыі.

Калі б у Кыргызтане не было б прэзідэнцкага рэжыму, нічога б не было, праблемаў бы не было. Чарговыя выбары, і Атунбаева прыйшла б на чале са сваёй партыяй, атрымала большасць бы.

Раздражняльнікам з'яўляюцца прэзідэнты. Парламент заўсёды б пайшоў насустрач, заўсёды некалькі партыяў. А адзін чалавек — ён раздражняе. Вакол дзеці, вакол браты, сваты. І ўсё гэта абрастае і выклікае пагаршэнне становішча.

Давайце ўвядзем парламенцкія рэспублікі. Калі захоўваем прэзідэнцкія рэжымы, дык адзін тэрмін! Ніякага другога, а тым больш трэцяга, чацвёртага... Чатыры, пяць ці шэсць гадоў — у канстытуцыю заносіце норму. Я лічу, пяць гадоў — аптымальны варыянт. Шэсць шмат. Для маленькіх краінаў, можа быць, нават чатыры. У Швейцарыі кожны год змяняюць прэзідэнта, і ніхто яго не ведае, ён ні на што не ўплывае.

Перспектыва: парламенцкая рэспубліка. Тады не будзе прозвішча Лукашэнка, а будуць розныя партыі, кааліцыі. Як цяпер у Брытаніі. Усім цікава! Упершыню будзе паламаная двухпартыйная сістэма, упершыню з'яўляецца трэцяя партыя, упершыню магчыма не будзе дамінантнай партыі, а будзе кааліцыя кансерватараў з ліберальнымі дэмакратамі і лейбарысты застаюцца ў апазіцыі. У Германіі — кааліцыя, у Францыі — кааліцыя, і Італія кожны год змяняе кааліцыі, назвы партыяў, заўсёды новыя людзі. Усё цудоўна!

А ў Беларусі толькі Лукашэнка, Казахстан — толькі Назарбаеў, Узбекістан — толькі Карымаў. І ніякіх перспектываў, толькі ўзброеныя паўстанні! Ну што гэта такое? У якім стагоддзі жывем? У гэтым сэнсе ў людзей можа быць стаўленне адмоўнае, людзі хочуць свабоды і пераменаў.

Напісаць каментар 193

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках