25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Астравецкая АЭС можа стаць другім Чарнобылем?

8
Астравецкая АЭС можа стаць другім Чарнобылем?

Чарнобыльскую станцыю таксама пабудавалі на 2 гады раней, чым планавалася і заяўлялі, што гэта велізарны поспех.

Старшыня дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы праводзіць аналогіі паміж Чарнобыльскай і Астравецкай атамнымі станцыямі. На думку эксперта, наяўнасць недапушчальных парушэнняў тэхналогіі будаўніцтва станцыі, агульных для абедзвюх АЭС, пагражае нашай краіне другім Чарнобылем, паведамляе «Еўрарадыё».

У першую чаргу, Генадзь Грушавы звяртае ўвагу на тое, што, як і ў СССР, сённяшнія беларускія ўлады не пыталіся ў насельніцтва, ці згоднае яно з планамі будаўніцтва АЭС. Хаця Аляксандр Лукашэнка раней і абяцаў правесці «атамны» рэферэндум.

«Лукашэнка абяцаў яшчэ ў 1990-я гады, калі ўзнікне пытанне пра будаўніцтва АЭС, правесці рэферэндум. Сваё абяцанне ён не выканаў. Стаўленне грамадства да гэтай праблемы падмяняецца афіцыйнай прапагандай. Падобнае адбывалася і ў Савецкім Саюзе. Ніхто не пытаўся тады ў людзей, ці згодныя яны з будаўніцтвам побач з іх домам атамнай станцыі. Якая небяспека ці бяспека іх чакае - усё вырашала ўлада», - адзначае Грушавы.

Таксама эксперта турбуе скарачэнне праектных тэрмінаў будаўніцтва станцыі. Прынцып «чым хутчэй, тым лепш» у атамнай энергетыцы абсалютна недапушчальны, падкрэслівае Генадзь Грушавы: «Напачатку 2000-х гадоў усе эксперты лічылі, што спатрэбіцца каля 10 гадоў на тое, каб пабудаваць сучасную атамную станцыю па прыкладзе таго, што робіцца ў Еўропе. Сёння тэрміны амаль на тры гады скарочаныя: тое, што будуецца за 10 гадоў, у Беларусі можна пабудаваць за 7. Тое ж самае адбывалася і ў Савецкім Саюзе. Чарнобыльскую станцыю пабудавалі на 2 гады раней, чым планавалася. Пры гэтым дакладалі, што гэта велізарны поспех савецкай тэхналогіі, савецкай навукі, савецкага грамадства. У выніку - мы ведаем, што адбылося».

Эканомія на будаўнічых матэрыялах і спецыялістах можа пазней пацягнуць значна большыя выдаткі.

«Як потым прызнаваліся тыя, хто праектаваў ЧАЭС, падчас будаўніцтва скарачалі выдаткі, фінансаванне - за кошт таго, што нешта замянялася на сваё. У нас была самая эканомная атамная станцыя - Чарнобыльская! Што далей адбылося за кошт гэтай эканоміі: колькі мільёнаў людзей пацярпелі, колькі мільярдаў выдаткаў за гэтую эканомію прыйшлося плаціць наступным пакаленням - мы таксама гэта ведаем», - кажа эксперт.

Таксама Генадзь Грушавы перакананы, што існуюць і іншыя прычыны, з-за якіх трэба адмовіцца ад планаў будаўніцтва атамнай станцыі. Перш за ўсё, гэта яшчэ большая энергетычная залежнасць ад Расеі, якая будзе пастаўляць на Астравецкую АЭС ядзернае паліва.

«АЭС не прадукуе нафты. Нафта як была, так і застаецца расейскай. І яе давядзецца купляць так, як купляюць сёння, - і залежнасць гэтая захаваецца. Акрамя таго, прыйдзецца яшчэ і паліва, неабходнае для функцыянавання станцыі, купляць - гэта таксама, хутчэй за ўсё, не з Індыі ці з Венесуэлы прыйдзе да нас, а з нашай усходняй суседкі», - упэўнены Грушавы.

Як заўважае эксперт, праектоўцы АЭС акцэнтуюць увагу на тым, колькі сродкаў дазволіць зберагчы будучая станцыя на «бясплатнай» атамнай энергіі. І пры гэтым маўчаць пра тое, што эканамічная выгада ад станцыі нівелюецца тымі пазыкамі, якія прыйдзецца ўзяць Беларусі на будаўніцтва ўласнай АЭС.

«Краіна загразла ў даўгах. Ужо больш за 30 мільярдаў крэдытаў, якія давядзецца аддаваць наступным пакаленням. Станцыя, нават паводле самых мінімальных разлікаў з усёй эканоміяй, павінна каштаваць 15-16 мільярдаў даляраў. Сёння ўлады плануюць узяць крэдыт на 10 мільярдаў. Калі станцыя будзе будавацца, гэтая сума, вядома, павялічыцца. У выніку запазычанасць нашай краіны можа вырасці да 50 мільярдаў даляраў. І што з гэтай сумай будзе рабіць наступнае пакаленне - вось гэта вялікае пытанне», - адзначае лідэр фонду «Дзецям Чарнобыля».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках