25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатар у паніцы перад народнымі выступамі (Відэа, фота, абноўлена)

65
Дыктатар у паніцы перад народнымі выступамі (Відэа, фота, абноўлена)

Падчас акцыі «Чарнобыльскі шлях» беларускія ўлады пайшлі на ўсё, каб запалохаць людзей і не даць ім прыняць удзел у акцыі.

Так перад дэманстрацыяй, якая павінна была распачацца ў 18.00 на пляцоўцы каля Акадэміі навук, былі ўсталяваныя спецыяльныя турнікеты і кантрольна-прапускныя пункты. Уздоўж турнікетаў стаялі супрацоўнікі АМАПа ў чорнай форме, дэманстратыўна трымаючы ў руках дубінкі. Кожнага, хто хацеў прайсці да будынка Акадэміі навук, вымушалі праходзіць зневажальную працэдуру. Людзі павінны былі вымаць з кішэняў мабільныя тэлефоны і ўсе металічныя прадметы, праходзіць праз КПП, затым супрацоўнікі АМАПа аглядалі іх металашукальнікамі. Аглядаліся таксама ўсе торбы і заплечнікі ўдзельнікаў акцыі. Тлумачылася гэта нібыта пошукам выбуховых рэчываў і зброі. Хаця відавочна, што ўсё гэта рабілася выключна для таго, каб адпужаць патэнцыйных удзельнікаў акцыі.

Адна са сталых жанчынаў, якая прыйшла на «Чарнобыльскі шлях», прайшоўшы праз усе гэтыя працэдуры, адзначыла, што «нават падчас вайны фашысты так не абшуквалі». Шмат хто з менчукоў, убачыўшы амапаўскія кардоны, ці сыходзілі, ці заставаліся стаяць за турнікетамі, аддаючы перавагу назіраць за тым, што адбываецца, з боку.

Супрацоўнікі міліцыі таксама забаранілі арганізатарам «Чарнобыльскага шляху» пранесці да Акадэміі навук гукаўзмацняльную апаратуру, таму ўдзельнікі мітынгу выступалі праз мегафон. Перад тымі, хто сабраўся выступілі лідэры партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», якая сёлета выступіла арганізатарам «Чарнобыльскага шляху», грамадскія дзеячы, праваабаронцы, навукоўцы, ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі.

Акадэмік Іван Нікітчанка заявіў, што сітуацыя з радыяцыяй у Беларусі катастрафічная і горш, чым у 1986 годзе. Паводле яго словаў, радыяцыя была разнесеная па ўсёй краіне тэхнагенным шляхам. Толькі ў Менску кожны трэці жыхар – носьбіт хранічнай дозы радыяцыі. Па словах акадэміка, беларускія навуковыя і грамадскія дзеячы шматкроць звярталіся да ўладаў з патрабаваннем змяніць канцэпцыю радыяцыйнай бяспекі, прызнаць, што любая доза радыяцыі небяспечная для здароўя, спыніць засяленне забруджаных раёнаў і вярнуць усе ільготы і прывілеі пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС. Аднак, як адзначыў Нікітчанка, улады на гэтыя заклікі ніяк не адрэагавалі.

Старшыня суполкі «Пагоня», мастак Аляксей Марачкін заявіў, што вырашэнне «чарнобыльскіх» праблемаў немагчымае без вырашэння праблемаў палітычных. Па словах Марачкіна, умовы, у якіх сёння праходзіць Чарнобыльскі шлях, яскравае таму пацверджанне. «Паставіўшы гэтыя чорныя КПП ля Акадэміі навук, улады прадэманстравалі, што хочуць канчаткова ператварыць народ у быдла. Я ўпэўнены, што гэты маразм хутка скончыцца», -- заявіў мастак.

Праваабаронца Людміла Гразнова звярнула ўвагу ўдзельнікаў мітынгу на сітуацыю з палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам, якому пагражае 20 гадоў пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні. Праваабаронца заклікала да салідарнасці з вязнем сумлення і барацьбы за яго свабоду. «У Беларусі сёння існуе сапраўдны палітычны Чарнобыль і мы павінны сказаць гэтаму сваё рашучае НЕ!» -- адзначыла Людміла Гразнова.

Пасля мітынгу калона з 1.000 дэманстрантаў рушыла па праспекце Незалежнасці. На скрыжаванні з вуліцай Сурганава дарогу ім перакрылі дзесяткі супрацоўнікаў АМАПа. Калі ўдзельнікі шэсця звярнулі на Сурганава, амапаўцы пайшлі ўслед за імі. Затым яны ўтварылі «калідор», атачыўшы дэманстрантаў з двух бакоў, і ўдзельнікі акцыі апынуліся паміж двума шэрагамі міліцыянтаў. Такім чынам, ніхто з мінакоў не змог далучыцца да шэсця.

Ходнікі на Сурганава вельмі вузкія, таму на некаторых участках дарогі практычна ўтваралася цісканіна, справакаваная амапаўцамі. Аднак гэта міліцыянтаў не бянтэжыла – яны працягвалі весці людзей пад канвоем, увесь час аддаючы каманды, як ім рухацца і не даючы ступіць нават адной нагой на праезжую частку. Пры гэтым варта адзначыць, што абутыя амапаўцы былі ў берцы, на руках у іх былі надзетыя пальчаткі з металічнымі пласцінамі, і ўсе яны мелі дубінкі. Уздоўж дарогі таксама павольна рухаўся аўтазак вытворчасці Менскага аўтазавода.

Вось такім чынам удзельнікі «Чарнобыльскага шляху» - мірнай і жалобнай акцыі – змаглі дайсці да Чарнобыльскай капліцы, дзе прайшла малітва за ўсіх пацярпелых ад страшнай катастрофы.

«Відавочна, што рэжым робіць усё магчымае, каб абмежаваць удзел беларускага грамадства ў вулічных акцыях. Лукашэнка разумее, якая гэта небяспека напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі, якая пройдзе ў канцы 2010 – пачатку 2011 года. Ён баіцца пашырэння вулічнай актыўнасці. І таму мы бачым гэтыя турнікеты, кардоны, чатырохмятровы ходнік для паўтаратысячнага шэсця. Гэта ўсё сведчыць пра тое, наколькі, па-першае, Менгарвыканкам, выконвае свой абавязак па забеспячэнні правапарадку, а, па-другое, яскрава відаць любымі спосабамі абмежаваць людзей ад удзелу ў акцыях», -- заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org лідэр «Маладога фронта» Зміцер Дашкевіч.

«Пасля таго, як я прыйшоў на месца збору цяперашняга Чарнобыльскага шляху, я адчуў сябе ў Чарнобыльскай зоне. Прапускаюць праз нейкія турнікеты, удзельнікаў мірнай акцыі вядуць, нібы канваююць… Рэжым учора, рэжым сёння – ён усімі спосабамі паказвае, што «чарнобыль» жывы. Гэта «чарнобыль» радыяцыйны, духоўны, палітычны. Таму сённяшні «Шлях» вельмі важны. Няхай ён праходзіць у такіх заціснутых рамках, але кожны чалавек павінен усвядоміць, што з гэтага ўсяго трэба выбірацца. Гэтыя бар'еры трэба прыбіраць. Сэнс акцыі ў гэтым. Дзеянні міліцыі і АМАПа ў чарговы раз паказваюць, што рэжым баіцца. Інакш ён бы не трымаў так свае «кіпцюры» над дэманстрантамі. Гэта паказчык страху. Гэта аблічча лукашэнкаўскага рэжыму», -- сказаў у інтэрв'ю charter97.org сустаршыня БХД Павал Севярынец.

Фотa "Наша Ніва"

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках