25 лiстапада 2024, панядзелак, 1:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія журналісткі: «Еўропа чакае, пакуль нас заб'юць?» (Відэа)

83
Беларускія журналісткі: «Еўропа чакае, пакуль нас заб'юць?» (Відэа)

Ціск на незалежных журналістаў у Беларусі ўзмацніўся - ператрусы, допыты, узбуджэнне ўсё новых і новых крымінальных спраў.

Беларускія журналісткі Наталля Радзіна, Ірына Халіп, Святлана Калінкіна і Марына Коктыш, якіх перасьледуюць ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай нібыта па факце паклёпу ў СМІ на былога начальніка Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа, правялі сёння ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў прэс-канферэнцыю.

Журналістка сайта charter97.org Наталля Радзіна нагадала на прэс-канферэнцыі аб тым, што ўчора падчас допыту дазнаўца Упраўлення ўнутраных спраў Гомеля Аляксандр Пусеў азнаёміў яе з пастановай аб неабходнасці правядзення паўторнай экспертызы канфіскаваных у кватэры, якую яна арэндуе, 8 кампутараў з мэтай высветліць, ці займаюцца з іх адміністраваннем сайта charter97.org. Дзеянні міліцыянтаў пацвярджаюць, што справа аб паклёпе - гэта толькі падстава для ціску на папулярны апазіцыйны інтэрнэт-рэсурс.

Акрамя таго, журналістка паведаміла, што сёння стала вядома аб узбуджэнні другой крымінальнай справы за публікацыі на сайце charter97.org. Крымінальная справа ўзбуджаная Генеральнай пракуратурай таксама па факце паклёпу ў ... каментарах да апублікаваных на сайце артыкулаў. Гаворка ідзе пра артыкул, перадрукаваны з газеты адміністрацыі Лукашэнкі «Савецкая Беларусь», аўтарам якой выступіў былы «афганец» Аляксандр Рыжанкоў і якая была напісаная ў традыцыях савецкай прапаганды: з асуджэннем воінаў-«афганцаў», якія выступаюць супраць улады і адмовіліся ўзяць медалі з рук Лукашэнкі.

«Наступ на сайт charter97.org я звязваю выключна з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі - улады вельмі баяцца росту папулярнасці незалежных інтэрнэт-рэсурсаў, людзі шукаюць праўду, яны стаміліся ад хлусні афіцыйных СМІ. Я таксама ўпэўненая, што напад на нас выкліканы намерам лідэра «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава ісці кандыдатам у прэзідэнты.

Я сёння звяртаюся, да вас, калегі-журналісты. Гэтыя дзве крымінальныя справы ўзбуджаныя для таго, каб нас запалохаць. Не забывайце, што ў Беларусі ўжо былі прысуджаныя да пазбаўлення волі за публікацыі журналісты Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч. Не забывайцеся, што ў гэтай краіне былі забітыя журналісты Зміцер Завадскі і Вераніка Чаркасава. Лукашэнка вельмі баіцца маючых адбыцца выбараў, больш, напэўна, чым калі-небудзь. І з-за гэтага страху ён здольны на многае. Сёння з кожнай з нас можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Нам вельмі патрэбная салідарнасць. І вельмі абражае маўчанне Еўразвяза, які ніяк не рэагуе на ціск на журналістаў у Беларусі. Магчыма, Эўропа чакае, калі нас заб'юць», - спытала Наталля Радзіна.

Журналісткі «Народнай волі» Святлана Калінкіна і Марына Коктыш таксама распавялі пра абставіны наведвання ўчора Першамайскага РУУС Менска, куды ўсіх чацвярых журналістак выклікалі для азнаямлення з вынікамі камп'ютэрнай-тэхнічнай экспертызы канфіскаваных у іх кампутараў. Ніякіх матэрыялаў, «абражаючых» Івана Каржа, у кампутарах журналістак не знойдзена. Аднак кампутары не вярнулі.

І калі кампутары Наталлі Радзінай адпраўленыя на паўторную экспертызу для высвятлення ці адміністраваўся з іх сайт charter97.org, то ў кампутарах Святланы Калінкінай і Ірыны Халіп даручана расшыфраваць выдаленыя або зашыфраваныя дакументы. Таксама ў кампутарах ўсіх чацвярых журналістак загадана зламаць паролі ад пошты і Skype.

«Што цяпер будуць шукаць у нашых кампутарах, невядома. Таму што шукаюць нават тое, што не мае ніякага дачынення да гэтай крымінальнай справы. Лічу, што знайшлі проста падставу, каб націснуць на мяне і маіх калегаў, якія таксама пішуць пра дастаткова «гучныя» тэмы, каб дыскрэдытаваць нас. Усё гэта ціск на незалежных журналістаў адбываецца з-за маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў», - адзначыла Святлана Калінкіна.

Намесніка рэдактара «Народнай волі» Марыну Коктыш сёння таксама выклікалі ў Службу ўласнай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў, дзе ёй паведамілі, што падчас ператрусу ў яе кватэры была знойдзеная папера, датычная органаў унутраных спраў. «Гэта звычайная статыстыка: дзе колькі не хапае ўчастковых, якія месцы вакантныя, якая вобласць па якой злачыннасці лідзіруе. Сухая казённая статыстыка. Мне сказалі, што нейкая экспертная камісія дала заключэнне, што гэтыя звесткі - пад грыфам ДСП. І яны пачалі праверку, хто з супрацоўнікаў МУС мог даць мне гэтую інфармацыю», - паведаміла Марына Коктыш.

Журналістка Ірына Халіп падчас прэс-канферэнцыі заклікала журналістаў да салідарнасці і барацьбы за свае правы.

«Перш за ўсё хачу сказаць дзякуй усім Пусевым і іншым Чуям за тое, што ўчора дзякуючы ім мы нарэшце даведаліся самае галоўнае: ніякай крымінальнай справы няма, і ніякага Каржа не існуе ў прыродзе. Усё гэта выдумка. Учора Гюльчатава адкрыла твар і пацвердзіла, нарэшце, што ідзе вайна. Ідзе знішчэнне журналістаў, ідзе знішчэнне незалежных сайтаў.

Пасля 16 сакавіка ўсе мы сустракаліся з прадстаўнікамі Еўрасаюза. Нас запэўнілі, што хутка з'явіцца жорсткая рэакцыя. Але рэакцыя была такой, што лепш бы яе не было наогул. Накшталт як «мы, вядома, асуджаем, але ў рэжыму ёсьць шанец выправіцца на мясцовых выбарах». Так што няма сэнсу чакаць адэкватнай рэакцыі ад Еўропы. Пакуль існуе транзіт нафты і газу, цэмент, гной і бульба - увесь гэты бульбяна-гнаявы бізнес будзе важней, чым нейкая там свабода слова і наша жыццё.

Журналістаў выратуюць толькі журналісты. Вопыт паказвае, што толькі так і бывае. Узгадайце, як у 1997 годзе мы, журналісты, дабіліся вызвалення Паўла Шарамета. Менавіта журналісты аўстрыйскіх выданняў праз восем гадоў адказалі нарэшце на пытанне, за які два гады адсядзеў Валеры Леванеўскі: на чые грошы Лукашэнка адпачываў у Аўстрыі? Так што разлічваць мы можам толькі на сябе і сваіх калегаў. Таму я хачу звярнуцца да сваіх калегаў ва ўсім свеце: дзякуй, калегі, вам неабыякава тое, што з намі адбываецца, і нам зноў патрэбна ваша салідарнасць. Няхай заходнія СМІ падумаюць, што, змяшчаючы рэкламу кампаній, якія падтрымліваюць тутэйшы рэжым, яны апасродкавана ўдзельнічаюць у знішчэнні свабоды слова. А інтэрнэт-кампаніі - Gmail, Yahoo, mail.ru, Facebook, Twitter, Skype, ICQ, Яндэкс і іншыя - павінны зразумець, што гэта не нашыя, а іх паштовыя скрыні будуць узломваць. Давайце будзем салідарныя, давайце дзейнічаць разам, і хіба мы не справімся з нейкім там Лукашэнка - з дробным узурпатарам?», - заявіла журналістка.

На фота злева направа: Марына Коктыш, Ірына Халіп, Наталля Радзіна, Святлана Калінкіна

Напісаць каментар 83

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках